Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі добраахвотнік ва Ўкраіне абвясьціў галадоўку


Ігар Кляўко

Беларускі добраахвотнік Ігар Кляўко, які зь лютага знаходзіцца ў Марыюпальскім сьледчым ізалятары Данецкай вобласьці паводле падазрэньня ў выкраданьні і наўмысным забойстве жыхара паселішча Мангуш, абвясьціў галадоўку, патрабуючы ў дачыненьні да сябе зьмены меры стрыманьня.

«Спачатку ён пагражаў сухой галадоўкай, але потым пагадзіўся на галадоўку з вадой», — паведаміла Радыё Свабода грамадзянская жонка беларускага добраахвотніка Валянціна Сакалова.

Паводле яе, за час трыманьня Ігара Кляўка пяць разоў пераводзілі з адной камэры ў іншую. Валянціна Сакалова падкрэсьліла, што беларускаму добраахвотніку патрэбна дадатковае абсьледаваньне пасьля перанесенай апэрацыі на параненай назе.

«У яго шмат і хранічных захворваньняў, якія абвастрыліся. Але ніякага лячэньня няма, а ў СІЗА пішуць адпіскі, што ўсё неабходнае лячэньне ён атрымлівае», — дадала яна.

Адвакаты Ігара Кляўка зьвярнуліся да апэляцыйнага суду Данецкай вобласьці ў Марыюпалі са скаргаю на падоўжаньне арышту да 23 ліпеня. Але судовае паседжаньне па гэтым пытаньні перанесена на 6 чэрвеня. Беларускі добраахвотнік не прызнае сваёй віны.

Ігар Кляўко, больш вядомы пад пазыўным «Леў», разам з батальёнамі «Данбас» і ДУК «Правы сэктар» прайшоў амаль усе гарачыя пункты антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны: Арцёмаўск, Папасную, Лісічанск, Ілавайск і Пескі.

Сёлета ў лютым яго ўзялі пад варту паводле падазрэньня ў выкраданьні і наўмысным забойстве.

XS
SM
MD
LG