Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор запатрабаваў для аўтараў Regnum па 5 год турмы з адтэрміноўкай, іх могуць вызваліць пасьля выраку


Суд над аўтарамі расейскага сайту Regnum. На лаве падсудных грамадзяне Беларусі Юры Паўлавец, Дзьмітры Алімкін і Сяргей Шыптэнка. Менск, 18 сьнежня 2017 году

У Менскім гарадзкім судзе 22 студзеня праходзяць спрэчкі бакоў па «справе Regnum», у якой Дзьмітрыя Алімкіна, Юрыя Паўлаўца і Сяргея Шыптэнку абвінавачваюць у распальваньні нацыянальнай варожасьці і (Паўлаўца і Шыптэнку) ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці за публікацыі на расейскіх рэсурсах, у тым ліку на сайце Regnum.

Пракурор Аляксандар Кароль запатрабаваў пакараць Дзьмітрыя Алімкіна, Юрыя Паўлаўца і Сяргея Шыптэнку 5 гадамі пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 3 гады. Калі прысуд будзе такім («з адтэрміноўкай»), абвінавачаныя ня трапяць за краты, калі ня будуць парушаць вызначаны ім рэжым.

Пракурор прасіў суд улічыць станоўчыя характарыстыкі абвінавачаных.

«Парушэньняў закону пры завядзеньні крымінальнай справы не было», — пракурор

Пракурор Аляксандр Кароль мяркуе, што спэцыялісты, якія ўдзельнічалі ў экспэртызе артыкулаў падсудных, далі паказаньні, якія не супярэчаць заключэньню — працэдура праводзілася законна, лічыць пракурор. Ён канстатуе, што экспэрты былі кваліфікаваныя і добра падрыхтаваныя, у тым ліку праходзілі навучаньне ў Расеі.

Як мяркуе пракурор Кароль, на судовым сьледзтве было даказана, што падсудныя атрымлівалі грошы за свае артыкулы, вялі перамовы з працадаўцамі аб аплаце, запазычанасьці па аплаце, узгаднялі іншыя фінансавыя пытаньні.

Паводле пракурора, экспэрты абгрунтавана засьведчылі, што артыкулы падсудных узбуджалі нацыянальную варожасьць.

«Важны момант: адзначана экспэртамі, што нельга распаліць варожасьць толькі адной фразай, для гэтага патрэбна ўлічваць увесь тэкст і сытуацыю», — дадаў пракурор.

Сяргей Шыптэнка ў судзе
Сяргей Шыптэнка ў судзе

Сяргей Шыптэнка, паводле пракурора, перасылаў артыкулы пад рознымі псэўданімамі, якія часам мяняў. Прыналежнасьць яго да гэтых псэўданімаў даказана сьледзтвам, заявіў пракурор і спаслаўся на матэрыялы з электроннай пошты падсуднага. У матэрыялах Шыптэнкі, як і ў іншых падсудных, таксама знойдзеныя прыкметы злачынства па распальваньні варожасьці да беларусаў, сьцьвярджае пракурор:

«Пры гэтым аўтар не прапановаў уступіць ў дыскусію, а паведамляў свае думкі як нібыта агульнапрынятыя факты».

Артыкулы падсудных, мяркуе ён, былі скіраваная на ўзбуджэньне варожасьці ня толькі паміж беларусамі і рускімі, але і супраць прадстаўнікоў «амэрыканскага і нямецкага сьвету».

Дзьмітры Алімкін у судзе
Дзьмітры Алімкін у судзе

Пракурор заўважыў, што Дзьмітрыю Алімкіну не інкрымінаваныя ягоныя артыкулы, дзе аўтар крытыкуе беларускую ўладу, а толькі тыя, дзе ёсьць прыкметы распальваньня варожасьці паводле нацыянальнасьці.

Разам з тым, пракурор палічыў важным увесьці некаторыя карэктаваньні абвінавачаньня Алімкіна. У тым ліку ён адмовіўся ад згадваньня ў абвінавачаньні прадстаўнікоў «амэрыканскага і нямецкага сьвету», бо, паводле экспэртаў, гэта не ёсьць прыкметай нацыянальнасьці.

У Юрыя Паўлаўца, паводле пракурора, не даказаная вялікая сума грашовых пераводаў з-за мяжы і таму адмовіўся ад часткі абвінавачаньня — аб незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Гэтак сама пракурор вырашыў адмовіцца ад такога абвінавачаньня і на адрас Шыптэнкі.

Юры Паўлавец (зьлева) у судзе
Юры Паўлавец (зьлева) у судзе

Адвакат: Дзьмітры Алімкін на допыце далучаў сябе да беларусаў

Судовыя спрэчкі з пракурорам Аляксандрам Каралём у справе аўтараў «Рэгнума» пачаў адвакат Мікалай Хлебавец, які абараняе жыхара Берасьця Дзьмітрыя Алімкіна.

На пачатку прамовы адвакат заявіў, што так і не знайшоў законных падстаў выстаўленьня ягонаму падабароннаму абвінавачаньня ў распальваньні варожасьці паводле нацыянальнай прыкметы. Экспэртнае заключэньне аб артыкулах Дзьмітрыя Алімкіна, які выступаў пад псэўданімам Ала Бронь, абаронца назваў палітызаваным, аспрэчыў ён і некаторыя прэтэнзіі сьледзтва да Алімкіна. Паводле абаронцы, гэта рэдакцыя агенцтва «Рэгнум» унесла праўку ў артыкул Алімкіна, і ў выніку беларуская мова стала «дыялектам расейскай», а ў арыгінале артыкула Алімкін гэтага нібыта не пісаў.

Паводле абаронцы, Алімкін не распальваў варожасьці, калі сьцьвярджаў, што «беларуская мова ў чыстым выглядзе нідзе не ўжываецца».

«З гэтым і я магу пагадзіцца, але хіба гэта ня проста канстатацыя нашай нацыянальнай бяды?» — запытаў у суду адвакат Хлебавец. Гэтаксама ён заклікаў як да гістарычнага факту ставіцца да словаў Алімкіна, што «Сталін разграміў беларускіх нацыяналістаў».

На думку адваката Мікалая Хлебаўца, падсуднаму Алімкіну трэба падзякаваць за папярэджаньні аб украінскім досьведзе нацыяналізацыі, бо «сьледаваньне гэтаму прыкладу інакш можа прывесьці да ўкраінскага сцэнару ў Беларусі». «Але гэта аўтарская пазыцыя», — заўважыў абаронца і дадаў, што Дзьмітры Алімкін на допыце называў сябе беларусам.

Паводле абаронцы Мікалая Хлебаўца, у дзеяньнях ягонага падабароннага не было і такіх прыкмет, як дзейнасьць у складзе групы і з карысьлівых матываў.

Адвакат папрасіў пакараць Алімкіна ўмоўна і даць мінімальны тэрмін.

***

Раней суд адмовіў адвакатам абвінавачаных у паўторнай экспэртызе іхных тэкстаў, а таксама паўторна адмовіўся выклікаць у якасьці сьведкі Лілію Ананіч – былую міністарку інфармацыі, пры якой пачалася «справа Regnum».

Алімкіна, Паўлаўца і Шыптэнку абвінавачваюць у «распальваньні нацыянальнай варожасьці групай асобаў» (ч.3 арт. 130 КК РБ), за што ім пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 5 да 12 год, Паўлаўца і Шыптэнку таксама абвінавачваюць у «незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці» (ч.1 арт. 233 КК РБ), за што пагражае штраф, абмежаваньне волі на тэрмін да двух год ці пазбаўленьне волі да трох год. Мужчыны былі затрыманыя больш за год таму — яшчэ ў сьнежні 2016 году.

Яшчэ адзін фігурант справы, шэф-рэдактар Regnum Юры Баранчык, на запыт беларускага боку быў затрыманы ў сакавіку 2017 году ў Маскве, але неўзабаве яго вызвалілі. На Баранчыка завялі асобную справу.

«Справа рэгнумаўцаў»: дзяржава стварае дакумэнтальны прэцэдэнт абароны нацыянальнага

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG