Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтар «Рэгнуму» Юры Паўлавец пацьвердзіў, што атрымліваў грошы ад амбасады РФ


Юры Паўлавец
Юры Паўлавец

У Менскім гарадзкім судзе працягваецца працэс над трыма грамадзянамі Беларусі, аўтарамі пракрамлёўскага агенцтва «Рэгнум» Юрыем Паўлаўцом, Дзьмітрыем Алімкіным і Сяргеем Шыптэнкам, якіх вінавацяць у распальваньні міжнацыянальнай варожасьці, а Паўлаўца і Шыптэнку — яшчэ і ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці.

У апошнія дні судовае сьледзтва вывучае пісьмовыя матэрыялы справы, але «ідзе марудна, засталося ня менш за палову», — сказала Свабодзе крыніца, якая рэгулярна прысутнічае на судовых пасяджэньнях. Паводле гэтай крыніцы, з ініцыятывы абаронцы падсуднага Юрыя Паўлаўца суд вывучыў дакумэнты, якія тычацца атрыманьня Юрыем Паўлаўцом грошай ад амбасады Расеі. Падсудны Паўлавец пацьвердзіў суду, што атрымліваў грошы.

За што дацэнту БГУІР Юрыю Паўлаўцу плацілі грошы ў расейскай амбасадзе?

Паводле дакумэнтаў, гаворка пра ганарары за матэрыялы на сайт «Разам з Расеяй», які дзейнічаў пад патранатам амбасады РФ у Беларусі.

«Амбасада ўзяла на сябе абавязкі аплачваць артыкулы аўтараў сайту, Паўлавец прызнаў, што атрымліваў гэтыя грошы», — сказала крыніца.

Колькі плацілі беларускаму аўтару расейскія дыпляматы?

Карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся па камэнтар да жонкі Юрыя Паўлаўца Любові Паўлавец.

«Так, гэта было, муж меў дамову з расейскай амбасадай, яму плацілі за ягоную працу. Што тут такога? Што да сумаў, дык і ня ведаю, вялікія ці невялікія. Чамусьці сьледзтва не палічыла патрэбным гэта дасьледаваць, вось адвакат і зьвярнула на гэта ўвагу суду, што таксама ёсьць і такія акты. А якія там грошы, ня ведаю», — адказала Любоў Паўлавец.

У панядзелак, 15 студзеня суд будзе зноў дапытваць экспэрта Кірдун, на наступны дзень мяркуецца працягнуць допыт экспэрта Андрэевай. Паводле Любові Паўлавец, допыты экспэртаў відавочна дэманструюць характар абвінавачаньня.

«Чамусьці беларуская прэса ня хоча хадзіць на допыты гэтых абсурдных экспэртаў. Вось калі б вы сёньня паслухалі, што казала экспэрт Гатальская — яна такое казала! Відаць, што яна ідэалягізаваная, што для экспэрта непрымальна».

Суд над Паўлаўцом, Алімкіным і Шыптэнкам пачаўся 18 сьнежня, падсудныя аўтары не прызнаюць сябе вінаватымі.

За што судзяць аўтараў расейскага сайту Regnum. Цытаты з артыкулаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG