Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У грамадзкай дыскусіі пра «рэгнумцаў», якіх вінавацяць у распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай варожасьці, ёсьць два палярныя падыходы.

Першы праілюструю цытатай публіцыста Андрэя Паротнікава: «Вы гатовыя ахвяраваць будучыняй сваіх дзяцей і іх бясьпекай ці не? Я — не. А таму дзяржава ў дадзеным выпадку робіць тую працу, за якую мы ёй плацім. Крыва, але робіць».

Іншы падыход праваабаронцы Валянціна Стэфановіча: «Нам могуць не падабацца іхнія ідэі, мы можам іх абсалютна не падтрымліваць, але гэта не азначае, што за іх трэба саджаць у турму».

Адзін падыход — самаабарона дзяржавы любым коштам, другі падыход — вяршэнства права чалавека на слова.

Як для мяне, прыведзеныя цытаты не супярэчаць адна адной, бо яны пра розныя рэчы. Бо ў справе «рэгнумцаў» гаворка не пра абарону дзяржавы, а пра пэрсанальную самаабарону Аляксандра Лукашэнкі.

Паглядзім выбарку з артыкулаў «рэгнумцаў» за 2015-16 гады.

Сяргей Шыптэнка пра Беларусь і Лукашэнку:

«Лімітрофы (памежныя дзяржавы, утвораныя на ўскрайку імпэрыі — СК) па сваёй прыродзе ня маюць самадастатковасьці і залежныя ад патрона.

...Патрон робіць выбар з прапаноў вольнаадпушчаных (patron-client relationship), якія знаходзяць дзіўныя сынонімы азначэньню „палітычная прастытуцыя“.

З эстэтычнага гледзішча „шматвэктарнасьць“ гучыць больш прыстойна, чым „сёньня смокчам тут, а заўтра смокчам там“, але гэта аніякім чынам не зьмяняе сутнасьці.

З такім станам рэчаў можна было б мірыцца, калі б палітычны вольнаадпушчаны іманэнтна не супрацьпастаўляў сябе дзяржаве-патрону, не шукаў „на ўсялякі выпадак“ выгад у яе праціўнікаў».

Працытаваны тэкст за 25 жніўня 2015 году амаль даслоўна агучвае расейскі канал НТВ 30 лістапада 2017. З тым жа самым «прастытуцыяваньнем», параўнаным са «шматвэктарнасьцю».

Другі фігурант справы Юры Паўлавец пра беларускае найвышэйшае кіраўніцтва:

«У краіне (Беларусі — СК) практычна ў адкрытую сталі прапагандавацца русафобскія ідэі і лёзунгі. Прычым, калі ў мінулыя гады іх галоўным рупарам была празаходняя апазыцыя, то сёньня яе месца фактычна заняла дзяржава».

Трэці фігурант Дзьмітры Алімкін (псэўданім Ала Бронь — СК) пра ідэалёгію Лукашэнкі:

«Ніхто ня думае што Лукашэнка — прыхаваны русафоб і польскі агент. Ён звычайны правіцель — чалавек, які любіць уладу. Для ўтрыманьня ўлады такія людзі гатовыя выкарыстоўваць любыя ідэі.

Калі такі чалавек прыйдзе да высновы, што ўтрымаць уладу яму дапаможа толькі Партыя эфіёпскіх будыстаў імя Адольфа Гітлера, то прадстаўнікі гэтай геапатэтычнай партыі адразу трапяць на адказныя пасады».

Галоўная думка — Лукашэнка ненадзейны партнэр Расеі, чалавек які дзеля сваіх інтарэсаў можа пайсьці супраць інтарэсаў Расеі.

Навошта публіцыстаў-прапагандыстаў год трымаць у вязьніцы? «Рэгнум» у Беларусі чытаюць толькі спэцыялісты. Калі НТВ ці іншы ўсерасейскі канал захоча, ён знойдзе сабе іншых капірайтэраў на тэму «Лукашэнка ненадзейны партнэр».

Тым больш, што чацьверты фігурант справы «рэгнумцаў» грамадзянін Беларусі Юры Баранчык на свабодзе ў Расеі. Яго затрымлівалі ў Маскве на запыт беларускіх органаў, але неўзабаве адпусьцілі.

Улады РБ пераймаюцца тым, што хтосьці праз расейскія СМІ адмаўляе вартасьць беларускай нацыі і беларускай дзяржавы?

Але ж расейскае ТВ само па сабе не такое страшнае, яно эфэктыўнае толькі тады, калі ёсьць лякуны, якія яно запаўняе сваім кантэнтам, у тым ліку антыбеларускім.

Дык адключыце расейскія ТВ і ня будзе пагрозы замбаваньня беларускіх гледачоў антыбеларускай прапагандай. Але што наўзамен?

Хочаце абароны Айчыны — самы час вярнуць БЧБ ва ўжытак, адсьвяткаваць на дзяржаўным узроўні 100-годзьдзе БНР, ліквідаваць КДБ і стварыць прынцыпова новую спэцслужбу, без пакланеньня Дзяржынскаму ды іншым бальшавікам. Прыбярыце назву «сувораўская вучэльня». А яшчэ, а яшчэ... А яшчэ пачніце прамаўляць з высокіх трыбун беларускай мовай.

Зрабіце тое самае, чым пужалі «рэгнумцы» расейскага чытача: ад хутараніна ў Самарскай вобласьці да высокага чына ў Крамлі. Зрабіце выбар хоць маральны, хоць лягістычны.

І тады ніякія «рэгнумцы» нічога ня зробяць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG