Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускай міліцыі не ўдалося затрымаць Баранчыка, ён застаецца ў вышуку і ходзіць на працу ў Маскве


Юры Баранчык, шэф-рэдактар парталу Regnum

Шэф-рэдактар расейскага агенцтва Regnum беларус Юры Баранчык, якому беларускія праваахоўныя органы завочна выставілі абвінавачаньне, дагэтуль застаецца на волі.

Яму інкрымінуюць артыкул «Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці, учыненае групай асобаў».

Паводле афіцыйнага прадстаўніка Сьледчага камітэту Беларусі Юліі Ганчаровай, Баранчыку завочна выбраная мера стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту. Таксама Баранчык абвешчаны ў міжнародны вышук. Беларускаму боку вядома, што ён знаходзіцца на тэрыторыі Расеі, куды таксама накіроўваліся пошукавыя дакумэнты.

Паводле Ганчаровай, з канца жніўня сытуацыя не памянялася.

«Дадзеная раней інфармацыя ў гэтай справе актуальная», — сказала карэспандэнту Свабоды Юлія Ганчарова.

Юры Баранчык адмовіўся камэнтаваць сытуацыю карэспандэнту Свабоды і адказваць на пытаньне, ці адчувае ён нейкую пагрозу і ці зьбіраецца здавацца беларускім уладам. У рэдакцыі сказалі, што Баранчык працягвае працу ў агенцтве.

Раней Regnum назваў «паклёпніцкімі» абвінавачаньні, выстаўленыя Юрыю Баранчыку, а таксама беларускім аўтарам Regnum Дзьмітрыю Алімкіну, Юрыю Паўлаўцу і Сяргею Шыптэнку. Таксама агенцтва лічыць, што «справа сфальсыфікаваная», а ўлады вядуць «палітычны перасьлед».

15 сакавіка ў Маскве на запыт беларускага боку Юры Баранчык быў затрыманы. Аднак 16 сакавіка Дарагамілаўскі раённы суд Масквы не задаволіў хадайніцтва пракурора аб выбраньні Юрыю Баранчыку меры стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту. Маўляў, у беларускага боку адсутнічаюць доказы ўчыненьня ім злачынства.

Выкладчык БДУІР Юры Паўлавец, школьны вартаўнік Дзьмітры Алімкін і рэдактар часопіса «Новая эканоміка» Сяргей Шыптэнка пісалі антыбеларускія артыкулы на сайт расейскага інфармацыйнага агенцтва Regnum. У сьнежні 2016 году Паўлавец, Алімкін і Шыптэнка былі затрыманыя і ўзятыя пад варту ў Беларусі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG