Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх аўтараў расейскага Regnum абвінавацілі ў распальваньні варожасьці


Юры Баранчык, шэф-рэдактар парталу “Рэгнум”

Беларускім аўтарам Regnum Дзьмітрыю Алімкіну, Юрыю Паўлаўцу і Сяргею Шыптэнку прад‘яўлена абвінавачаньне. Усе трое застаюцца пад вартай.

Пра гэта паведаміла карэспандэнту Свабоды афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Беларусі Юлія Ганчарова.

Дзьмітрыю Алімкіну, Юрыю Паўлаўцу і Сяргею Шыптэнку прад‘яўлена абвінавачаньне па ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або розьні, учыненае групай асобаў). Юрыю Паўлаўцу і Сяргею Шыптэнку, да таго ж, па ч. 1 арт. 233 КК (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць).

Чацьвёртаму фігуранту справы, шэф-рэдактару Regnum беларусу Юрыю Баранчыку, які цяпер знаходзіцца ў Расеі, абвінавачаньне прад‘яўлена завочна таксама па артыкуле «Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або розьні, учыненае групай асобаў». Яму таксама завочна абраная мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту, ён абвешчаны ў міждзяржаўны вышук.

Паводле Юліі Ганчаровай, расьсьледаваньне адносна фігурантаў гэтай справы завяршаецца.

Выкладчык БДУІР Юры Паўлавец, школьны вартаўнік Дзьмітры Алімкін і рэдактар часопіса «Новая эканоміка» Сяргей Шыптэнка пісалі антыбеларускія артыкулы на сайт расейскага інфармацыйнага агенцтва Regnum. У сьнежні 2016 году Паўлавец, Алімкін і Шыптэнка былі затрыманыя і ўзятыя пад варту ў Беларусі. 15 сакавіка ў Маскве на запыт беларускага боку быў затрыманы Юры Баранчык. Ён папрасіў у Расеі палітычнага прытулку. Дарагамілаўскі раённы суд Масквы не задаволіў хадайніцтва пракурора аб абраньні Баранчыку меры стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG