Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раскіданае гняздо сям’і Моцных: «Мама спадзяецца на міласьць Бога і на спагаду людзей»


Сям’я Ірыны Моцнай, архіўнае фота
Сям’я Ірыны Моцнай, архіўнае фота

Два месяцы таму шматдзетную маці, стваральніцу першага ў Клімавіцкім раёне дзіцячага прытулку сямейнага тыпу Ірыну Моцную асудзілі на чатыры гады калёніі агульнага рэжыму. Яе прызналі вінаватай у злоўжываньні правамі апекуна, катаваньні непаўналетняга ды незаконным пазбаўленьні свабоды. Вінаватай сябе Моцная не прызнала і чакае перагляду прысуду. Паводле жанчыны, мясцовая ўлада гэтак адпомсьціла ёй за скаргі на чыноўнікаў райвыканкаму. Прытулак расфармаваны. Дзеці, якімі апекавалася сям’я Моцных, цяпер жывуць у іншым месцы. Родныя дзеці спадзяюцца на справядлівасьць і вызваленьне маці.

Незадоўга да вынясеньня выраку сям’я Моцных пераехала з Клімавічаў у суседнюю Віцебскую вобласьць. За гаспадаркай прыглядае бяз маці яе старэйшы сын Дзьмітры. Зь яго слоў, Ірыну Ўладзіміраўну трымаюць у Магілёўскім сьледчым ізалятары. У яе праблемы са здароўем — цукровы дыябэт, высокі ціск, скардзіцца на сэрца.

Дзьмітры кажа, што і ён, і ягоныя дзьве сястры і брат ня могуць дагэтуль ачуняць ад выраку судзьдзі Алега Галачэўскага. На судовым пасяджэньні іх не было, бо яно праходзіла ў закрытым рэжыме і яны ня ведаюць усіх дэталяў справы. Тым ня менш Дзьмітры перакананы, што прысуд — жорсткі і несправядлівы. Ніхто з прыёмных дзяцей, адзначае ён, не пацярпеў, ім не нанесеныя маральныя траўмы, яны жывыя і здаровыя — а маці сядзіць у турме.

«Яна піша, што спадзяецца на міласьць Бога і на тое, што ў людзей ёсьць спагадлівасьць да яе», — зазначае Дзьмітры:

«Найперш, яна ўдава. За сямнаццаць гадоў нічога ніхто ня бачыў кепскага, і раптам па сьмерці бацькі пачалося нешта дзіўнае. Раней яна скардзілася, дамагалася нечага. Гэта адна з прычынаў перасьледу. Гэта ўсё амаральна, незаконна. Мая маці не павінна знаходзіцца ў турме. Суд у Клімавічах — пад моцным ціскам мясцовай улады».

Ірына Моцная, архіўнае фота
Ірына Моцная, архіўнае фота

Зь некаторымі гадаванцамі прытулку Моцных Дзьмітры камунікуе. Кажа, што яны сумуюць па сваім доме. Сям’я Моцных да ліпеня апекавалася шасьцю прыёмнымі дзецьмі. Вядома, што двое дзяцей адмовіліся даваць паказаньні супраць прыёмнай маці. Падчас папярэдняга сьледзтва настойвалі, што яна іхная мама.

Яшчэ дваіх, непаўналетніх Яну і Аліну, гадуе іхная бабуля. Жывуць яны ў вёсцы пад самым райцэнтрам. Жанчына не хавае, што паскардзілася ў аддзел адукацыі на Ірыну Моцную, калі ўбачыла на целе ўнучак сьляды зьбіцьця.

«Калі б яна захацела тады пагутарыць, чыста па-людзку, як я прасіла яе і прапаноўвала ёй, магчыма, усяго гэтага і не было б. Я б не пісала нікуды. Мы б разабраліся між сабой, і ўсё. Яна не захацела. А глянуўшы на гэтыя памятыя пальчыкі ды рубцы сінія на целе ў Яны — я не стрымалася і напісала», — тлумачыць сваю пазыцыю жанчына.

На пытаньне — ці гэта па-людзку, што жанчыне трэба будзе чатыры гады адседзець у нашай турме? — суразмоўніца адказала:

«Для жанчыны гэта многа, тым больш, як яна кажа, што ў яе і цукар у крыві павышаецца і ціск. Але ж у судзьдзяў жа свае законы. Яны больш ведаюць пра правы дзяцей».

Дом, дзе жыла сям’я Моцнай
Дом, дзе жыла сям’я Моцнай

Падзеі вакол прыёмнай сям’і Моцных атрымалі шырокі грамадзкі розгалас, калі ў справу ўмяшаліся міліцыянты. 25 ліпеня Ірыну, яе непаўналетняга прыёмнага гадаванца Аляксандра, а таксама роднага сына Віталя, якому надзявалі кайданкі, ды дачку Натальлю затрымалі супрацоўнікі міліцыі на зварот аддзелу адукацыі. У міліцыі затрыманыя прабылі больш за дзесяць гадзін.

У Клімавічах падзеі таксама не засталіся па-за ўвагай грамадзкасьці. Сытуацыя з прытулкам была ў райцэнтры на слыху. Публічна яе, аднак, стараліся не абмяркоўваць. Дзьмітры Моцны зазначае, што яны спадзяваліся на падтрымку мясцовай грамадзкасьці і чакалі яе, аднак марна:

«Грамадзкасьць на Захадзе заўжды імкнецца знайсьці праўду, нечага дасягнуць і цікавіцца заўжды праблемамі, — кажа Дзьмітры. — А ў нашага грамадзтва — абыякавасьць і страх. Боязь за сябе — маўляў, наступны раз сам траплю ў такую ж сытуацыю».

Ірына Моцная казала, што стварыць прытулак прапанавалі ёй самі чыноўнікі. На іх жа яна скардзілася памочніку прэзыдэнта, што яны не дапамагаюць прытулку ў вырашэньні гаспадарчых праблемаў. Паводле жанчыны, праблемы ў яе пачаліся, калі муж скончыў жыцьцё самагубствам.

Паводле беларускага заканадаўства, калі памірае адзін з карміцеляў, дзіцячы дом сямейнага тыпу расфармоўваецца, а дзяцей мусяць забраць зь яго. Ірына ж Моцная адмаўлялася гэта зрабіць. Сваю пазыцыю аргумэнтавала тым, што клапацілася пра псыхічны стан дзяцей. І прасіла чыноўнікаў патлумачыць, што амаральнага яна зрабіла, бо ў загадзе аб звальненьні згадваўся нейкі «ўчынак, несумяшчальны з выкананьнем абавязкаў выхавацелькі».

Аддзел адукацыі сьцьвярджаў, што клапаціўся таксама пра дзяцей і намагаўся іх абараніць, бо дзеяньні Моцнай былі незаконныя і яна нібыта зьбіралася вывезьці дзятву за мяжу. Таму чыноўнікі і зьвярнуліся ў міліцыю.

Летась у жніўні Клімавіцкі суд пакараў Ірыну Моцную за самаўпраўства (незаконнае ўтрыманьне дзяцей) штрафам у 750 тысяч рублёў. А праз чатыры месяцы пазбавіў свабоды на чатыры гады. Разгляд касацыйнай справы адбудзецца 5 сакавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG