Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада Бясьпекі ААН правяла пасяджэньне аб хімічных атаках у Сырыі. Абвінавачваюць Расею


Башар Асад і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота

Пастаянная прадстаўніца ЗША Нікі Гэйлі заявіла пра «відавочныя сьведчаньні» ўжываньні хімічнай зброі ўрадавымі войскамі ў Ідлібе.

Рада Бясьпекі ААН у панядзелак правяла пасяджэньне наконт Сырыі на фоне новых паведамленьняў аб магчымым ужываньні хімічнай зброі ў краіне, перадае «Голас Амэрыкі».

Нікі Гэйлі, архіўнае фота
Нікі Гэйлі, архіўнае фота

«Мы атрымалі паведамленьні пра тое, што рэжым Асада апошнімі тыднямі некалькі разоў ужываў хлярын супраць сваіх грамадзян, у тым ліку учора, — заявіла пастаянная прадстаўніца ЗША Нікі Гэйлі. — Ёсьць відавочныя сьведчаньні гэтага, атрыманыя ад дзясяткаў ахвяраў».

Мэдыцынскія работнікі і супрацоўнікі службаў экстранага рэагаваньня ў Сырыі паведамілі, што аказалі дапамогу некалькім пацыентамі, якія паступілі да іх з сымптомамі, якія нагадваюць атручэньне хлярынам, у тым ліку з абцяжараным дыханьнем і пахам хлярыну ад адзеньня. Гэта адбылося пасьля паведамленьняў аб меркаваных хімічных атаках у горадзе Саракеб у правінцыі Ідліб вечарам у нядзелю. Зьвестак пра загінулых не паступала.

Прадстаўнік арганізацыі грамадзянскай абароны «Белыя шаломы» Рады Саад расказаў Reuters, што хімікаты скінулі зь верталётаў у дзьвюх бочках.

Кантраляваная паўстанцамі правінцыя Ідліб зьяўляецца адной з так званых зон дээскаляцыі, аднак са сьнежня там ідуць жорсткія баі: сырыйская армія пры падтрымцы расейскіх зьнішчальнікаў і праіранскіх дружын вядуць наступ на адно з галоўных апірышчаў паўстанцаў. У суботу паўстанцы зьбілі расейскі зьнішчальнік, у выніку чаго загінуў пілёт.

У 2015 годзе Рада Бясьпекі ААН заснавала Незалежны мэханізм расьсьледаваньня хімічных нападаў у Сырыі (United Nations Independent Mechanism of Investigation, UNIMI) з мэтай высьветліць, хто нясе адказнасьць за хіматакі ў краіне. UNIMI прыйшоў да высновы, што ўрад Асада прымяняў хлярын сама меней тройчы ў 2014 і 2015 гг., а таксама ў ходзе атакі на населены пункт Хан-Шэйхун у красавіку 2017 году. Сырыйскі ўрад прымяненьне хімічнай зброі адмаўляе. Расея адпрэчыла высновы экспэртаў, у лістападзе заблякавала падаўжэньне мандата UNIMI, тым самым паклаўшы канец яго працы.

«Гэта сапраўдная трагедыя, што Расея вярнула нас на зыходныя пазыцыі ў спробах пакласьці канец прымяненьню хімічнай зброі ў Сырыі, — заявіла Гэйлі. — Мы ня спынім спробы высьветліць праўду пра рэжым Асада і пераканацца, што праўда вядомая міжнароднай супольнасьці і прыняты адпаведныя захады».

Васілій Нябензя, архіўнае фота
Васілій Нябензя, архіўнае фота

Сталы прадстаўнік Расеі Васілій Нябензя абвінаваціў ЗША і іх саюзьнікаў, Францыю і Вялікую Брытанію, у спробах узьвесьці паклёп на Маскву і кінуць цень на яе ролю ў намаганьнях па мірным урэгуляваньні ў Сырыі.

Паводле яго, у іхных заявах, «як заўсёды, зьмяшчаецца малая доля праўды, зьмяшаная з горамі хлусьні».

Ён абверг высновы аб нядаўнім ужываньні хлярыну ці нават зарыну, назваўшы іх прапагандай, якая распаўсюджваецца ў сацсетках і падхопленая заходнімі СМІ.

«Дзе прэзумпцыя невінаватасьці?» — заявіў ён, запатрабаваўшы, каб Арганізацыя па забароне хімічнай зброі (АЗХЗ) правяла расьсьледаваньне на месцы здарэньня, перш чым Рада Бясьпекі будзе называць вінаватых ва ўчыненьні хімічных нападаў.

У красавіку мінулага году адміністрацыя прэзыдэнта Трампа задзейнічала 59 крылатых ракет «Тамагаўк» для ўдару па авіябазе Аль-Шайрат, зь якой, мяркуецца, быў учынены напад на Хан-Шэйхун.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG