Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўсклалі на Расею адказнасьць за хімічныя атакі ў Сырыі


Сырыйскія дзеці пасьля хімічнай атакі пад Дамаскам, ілюстрацыйнае фота

Экстранае паседжаньне Рады Бясьпекі ААН прайшло 23 студзеня ў Нью-Ёрку — з ініцыятывы Расеі абмяркоўвалася сытуацыя з ужываньнем хімічнай зброі ў Сырыі. Але з расейскімі прапановамі ў расьсьледаваньні атак пагадзіліся ня ўсе, і ўрэшце саму Расею абвінавацілі ў датычнасьці да іх.

Васілій Нябензя, архіўнае фота
Васілій Нябензя, архіўнае фота

Расея прапаноўвала стварыць новы міжнародны сьледчы орган, які «на падставе бясспрэчных і неабвержных зьвестак» выявіў бы факты для вызначэньня Радай бясьпекі адказных за ўжываньне хімічнай зброі ў Сырыі. Паводле пастаяннага прадстаўніка Расеі Васілія Нябензі, місія CMP у расьсьледаваньні хімічных атакаў, што цяпер вядзе расьсьледаваньне, «цалкам сябе дыскрэдытавала».

Нікі Хэйлі, архіўнае фота
Нікі Хэйлі, архіўнае фота

Злучаныя Штаты не пагадзіліся з прапановай. Пастаянная прадстаўніца ЗША Нікі Гэйлі заявіла, што перадусім сама Расея «мусіць паглядзець у люстэрка», бо «калі Расеі не падабаюцца факты, яна спрабуе адцягнуць увагу ад дыскусіі» — тая тройчы за мінулы год выкарыстоўвала права вэта з мэтай спыніць працу CMP, вынікі працы якой не падабаліся ёй.

«Калі расьсьледаваньне выявіла, што за хімічнымі нападамі стаіць [тэрарыстычная групоўка] „Ісламская дзяржава“, Расею гэта задавальняла, — казала Гэйлі. — Калі ж зьявіліся зьвесткі, што хімічную зброю выкарыстаў рэжым Асада, Расея паспрабавала пад любой пад любой маркай зрабіць прабоіну ў расьсьледаваньні і стварыць дымавую заслону, каб аспрэчыць яго высновы».

За апошнія выпадкі ўжываньня хімічнай зброі яна ўсклала адказнасьць у тым ліку на Расею: атака з ужываньнем хлёру на бягучым тыдні «невыпадкова» адбылася на тэрыторыі, дзе рэжым кіраўніка Сырыі Башара Асада спрабуе здабыць ваенную перавагу, казала яна, і «Расея замешаная ў зьверствах рэжыму».

Рэкс Тылерсан, архіўнае фота
Рэкс Тылерсан, архіўнае фота

Наўпрост на Расею ўсклаў адказнасьць за хімічныя атакі Дзяржаўны сакратар ЗША Рэкс Тылерсан — ён тым часам выступаў на парыскай канфэрэнцыі аб праблеме забароны хімічнай зброі.

Расея, казаў Тылерсан, у верасьні 2013 году брала ўдзел у перамовах пра ліквідацыю сырыйскай хімічнай зброі і пагадзілася з ЗША ў тым, што трэба належным чынам зьнішчыць арсэналы такой зброі (так, каб іх зьнішчэньне можна было праверыць і пацьвердзіць). Але, казаў ён, «Расея ўзяла на сябе адказнасьць у якасьці гаранта таго, што ейныя сырыйскія саюзьнікі спыняць ужываньне хімічнай зброі» і «ня выканала сваіх абавязаньняў».

XS
SM
MD
LG