Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад чэмпіянатам сьвету па футболе ў Расеі сталі масава зьнішчаць бяздомных сабак


Ілюстрацыйнае фота

Паводле дадзеных абаронцаў жывёл, на адлоў і эўтаназію сабак гарадам — удзельнікам ЧС-2018 дзяржава выдаткавала 110 млн рублёў. Спэцыялісты лічаць, што на гэтыя грошы праблему бадзяжных жывёл можна было б вырашыць гуманнымі спосабамі. Але ў Сочы аддалі перавагу зрабіць так сама, як і перад Алімпіядай 2014 году, расказвае «Настоящее время».

Да чэмпіянату сьвету па футболе ў Расеі засталося крыху больш за чатыры месяцы. Але бадзяжныя жывёлы — да гэтага часу адна з галоўных праблем Сочы, дзе пройдзе адразу пяць матчаў турніру.

Мясцовыя зоаабаронцы запэўніваюць: каб ачысьціць горад ад бяздомных сабак, улады выбралі тыя ж мэтады вырашэньня пытаньня, што і напярэдадні Алімпіяды.

«Страляюць ядам, і жывёла памірае на месцы. Гэта ў нас адбывалася заўсёды і адбываецца цяпер, — расказвае зоаабаронца Кацярына Гонтарава.

Спэцыялісты спрагназавалі масавае забойства сабак у Сочы і іншых гарадах, калі на сайтах дзяржзакупак сталі зьяўляцца дзясяткі «гіцальскіх» тэндэраў на адлоў бяздомных жывёл. У іх назвах нярэдка фігуруюць словы «ўтылізацыя» і «эўтаназія».

Але ў сочынскай адміністрацыі запэўніваюць, што сабак з вуліц прыбіраюць гуманнымі мэтадамі.

Адмыслоўцы кажуць, што грошы, якія дзяржава гатова заплаціць за ачыстку гарадоў ЧС-2018 ад бадзяжных жывёл, можна выдаткаваць значна больш эфэктыўна і гуманна: на стэрылізацыю, вакцынацыю і зьмяшчэньне сабак у гадавальніках. На аднаго вулічнага сабаку, паводле іх падлікаў, патрабуецца ад 6 да 9 тысяч расейскіх рублёў.

Але, убачыўшы нежаданьне ўладаў працаваць разам, зоаабаронцы зьбіраюць подпісы пад заклікам байкатаваць чэмпіянат сьвету ў Расеі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG