Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяздомных сабак з Горадні забяруць у Швэцыю


Валянтэрка Аксана Сах вядзе аднаго з гадаванцаў да лекара
Валянтэрка Аксана Сах вядзе аднаго з гадаванцаў да лекара

Швэдка беларускага паходжаньня арганізавала збор сродкаў, каб дапамагчы беларускім валянтэрам адправіць бяздомных жывёл за мяжу.

Валянтэры, якія апякуюцца бяздомнымі сабакамі ў Горадні, ужо неаднойчы адпраўлялі жывёл у Нямеччыну, Расею і ва Ўкраіну. А цяпер знайшлі партнэраў у Швэцыі, якія дасылаюць пасылкі з кормам і гатовыя ўладкоўваць сабак зь Беларусі ў сем’і.

Гадавальнік для бяздомных сабак у Горадні знаходзіцца на ўскрайку гораду, у былых стайнях УУС. У кожным вальеры, дзе некалі трымалі коней, — па два-тры сабакі.

Валянтэрка Аксана Сах, якая сёньня тут дзяжурыць, прывезла ежу. Яна кажа, што ня трэба баяцца брэху, паколькі сабакі проста просяць, каб іх пакармілі. Два невялікія сабачкі раптам вылецелі з вальера, падбеглі да нас, лашчацца і скачуць.

У вальеры адразу па некалькі сабак
У вальеры адразу па некалькі сабак

«Некаторыя хітруны навучыліся самі адшчапляць клеткі, — кажа Аксана Сах, — і мы цяпер прывязваем дзьверы, але яны ўсё роўна іх адчыняюць. Нас тут працуе 17 валянтэраў, і кожны дзень нехта з нас дзяжурыць. Варым есьці, прывозім харчы і раздаём сабакам. Гадавальнік належыць „Спэцаўтагаспадарцы“, але даглядаюць сабак толькі валянтэры. Кожны з нас яшчэ недзе працуе. Я, напрыклад, з мужам займаюся бізнэсам; ёсьць сярод нас лекары, прадаўцы, студэнты... Наша задача — накарміць, напаіць і выгуляць сабак. Кормім адзін раз на дзень».

Валянтэрка распавядае, што ўтрыманьне сабак адбываецца на ахвяраваньні; праўда, часам корм набываюць і за ўласныя грошы. Зьвяртаюцца да гараджан, на прадпрыемствы і ў арганізацыі. І людзі, паводле яе, дапамагаюць, часьцей за ўсё прывозяць ежу, даюць грошы на тое, каб аплаціць даўгі ў вэтэрынарнай клініцы. Праўда, бывае, што сабакам няма чаго есьці.

Сабачы корм
Сабачы корм

«Як правіла, нашых гадаванцаў ловяць на вуліцах работнікі «Спэцаўтагаспадаркі», калі ім тэлефануюць людзі і скардзяцца на бадзяжных жывёл. Але павінна зазначыць, што тут няма агрэсіўных сабак. Людзі, замест таго, каб пакарміць бяздомнага сабаку, папросту ўскладняюць яму жыцьцё.

Валянтэры вараць кашы, дабаўляюць усё, што застаецца ад свайго стала, а таксама набываецца ў крамах сабачае харчаваньне «Бобік».

«У прынцыпе падыходзіць усё, што можна есьці. Сабак у нас шмат, карміць трэба, і асабліва выбіраць не даводзіцца».

Есьці вельмі хочацца...
Есьці вельмі хочацца...

Людміла, якая каардынуе працу валянтэраў, распавядае, што зараз у гадавальніку каля 70 сабак, і толькі 20 зь іх — тыя, каго падабралі работнікі «Спэцаўтагаспадаркі» на вуліцы.

«Астатніх сабак сюды прыводзяць людзі, якім раптам надакучваюць чатырохногія сябры. Проста прыяжджаюць і кажуць, што нам надакучыў наш сабака. А яшчэ горш, дзе-небудзь на вуліцы прывязваюць да плоту і кідаюць іх. І ведаеце, у нашым горадзе жыве звыш 360 тысяч чалавек, а ў нас толькі 17 валянтэраў, не хапае людзей, якія б узяліся апекавацца бяздомнымі сабакамі».

Людміла распавядае, што апошнім часам іх праблемай зацікавілася жыхарка Швэцыі Вольга Хэльга, якая нарадзілася ў Горадні. Яна даведалася аб праблемах гарадзенскіх валянтэраў праз сацыяльныя сеткі і арганізавала збор сродкаў на ўтрыманьне бяздомных сабак у Горадні.

Можна забрацца на самы верх...
Можна забрацца на самы верх...

«Ёй у Швэцыі за пару месяцаў удалося сабраць 500 эўра, і на гэтыя грошы там закупілі корм і даслалі ў Горадню. А цяпер яна шукае гаспадароў, якія захочуць узяць нашых бяздомных сабак. Хутчэй за ўсё, гэта атрымаецца, паколькі Хэльга ўжо дапамагала нам вывозіць сабак у Нямеччыну. Яна сама прыяжджала сюды і перавозіла сабак у Нямеччыну, прычым брала самых хворых, якім цяжка было тут дапамагчы. Мушу сказаць, што адправіць сабаку за мяжу ня так і танна — расходы на пашпарт, прышчэпкі і ўсё астатняе абыходзіцца блізу 500 эўра. Дарэчы, мы таксама адпраўлялі нашых сабак і ў Расею, і ва Ўкраіну. Там знаходзяцца людзі праз сацыяльныя сеткі, якія бяруць іх».

Паводле Аксаны, калі па сабаку ніхто не прыходзіць пяць дзён, то яго павінны ўсыпляць. Але валянтэры дамагліся таго, што такіх выпадкаў практычна не адбываецца. Калі вальеры цалкам запаўняюцца, валянтэры даюць аб’явы ў інтэрнэце і спрабуюць уладкаваць жывёлак да людзей.

«Такіх сабак у кватэры не бяруць, паколькі яны не прывучаныя жыць у такіх умовах. Але знаходзяцца людзі, якія бяруць сабак у вёску альбо на лецішча, альбо на ахову стаянак ці яшчэ куды-небудзь вартаўнікамі», — кажуць валянтэркі.

Што ж прымушае людзей прыходзіць сюды і апекавацца 70 сабакамі (а гэта няпростая праца, без заробку і за кошт свайго асабістага часу)?

«Ну гэта ж павінен нехта рабіць, шкада гэтых кінутых сабак. У нас у сям’і заўсёды былі і сабака, і коцік. Мы ня можам бязь іх», — кажа Аксана Сах.

Людміла дадае:

«Трэба вельмі любіць братоў нашых меншых, каб ніколі ня кідаць іх і дапамагаць у цяжкую хвіліну».

За восем месяцаў гэтага году работнікі «Спэцаўтагаспадаркі» знайшлі мёртвымі і падабралі ў Горадні каля трох тысяч сабак і катоў. Асноўная колькасьць зь іх загінула на дарогах. У сярэднім штодня ў пункт часовага ўтрыманьня прыводзяць двух сабак і столькі ж катоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG