Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэп ЗША зноў абвінаваціў Расею ў супрацы з Паўночнай Карэяй


Кім Чэн Ын (у цэнтры), ілюстрацыйнае фота

ЗША зноў абвінавацілі Расею ў тым, што яна не трымаецца міжнародных санкцыяў супраць Паўночнай Карэі, уведзеных ў сувязі з ракетнымі і ядзернымі выпрабаваньнямі апошняй. Дзяржаўны дэпартамэнт Злучаных Штатаў спаслаўся на паведамленьні аб дастаўцы паўночнакарэйскага вуглю ў расейскія парты для наступнай адпраўкі ў іншыя краіны.

«Мы папярэдзілі Расею аб незаконным гандлі паўночнакарэйскім вугалем празь яе парты, — напісала ў Twitter прадстаўніца Дзярждэпартамэнту Гэзэр Наўэрт. — Расея заяўляе, што будзе выконваць усе рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН, але яна не выконвае іх і ўзнагароджвае незаконныя паводзіны КНДР. Часу для апраўданьняў больш няма».

Наўэрт спаслалася на нядаўняе паведамленьне агенцтва Reuters аб тым, што летась Паўночная Карэя дастаўляла ў Расію вугаль, які затым перапраўляўся ў Паўднёвую Карэю і Японію, што, верагодна, ёсьць парушэньнем санкцыяў ААН.

Рада Бясьпекі ААН у жніўні мінулага году забараніла Паўночнай Карэі экспартаваць вугаль у межах санкцыяў, закліканых пазбавіць яе важнай крыніцы замежнай валюты, у якой улады КНДР маюць патрэбу для фінансаваньня сваіх праграмаў распрацоўкі ядзернай і ракетнай зброі.

Спасылаючыся на тры ананімныя крыніцы ў заходнеэўрапейскай выведцы, Reuters паведаміла, што з тых часоў Паўночная Карэя мінімум тры разы дастаўляла вугаль у расейскія парты Находка і Холмск, дзе ён выгружаўся, пасьля чаго пераладоўваўся на караблі, якія дастаўлялі яго ў Паўднёвую Карэю ці Японію. Крыніца ў заходняй суднаходнай галіне асобна паведаміла Reuters, што некаторыя з гэтых грузаў былі дастаўлены ў Японію і Паўднёвую Карэю ў кастрычніку мінулага году.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG