Паводле расейскага боку, перададзеная інфармацыя дазволіла ФСБ выявіць двух падазраваных, якія плянавалі выбухі з удзелам сьмяротнікаў у Казанскім саборы ў Санкт-Пецярбургу і ў некаторых іншых месцах, перадае «Голас Амэрыкі».
Уладзімір Пуцін падчас тэлефоннай размовы ў нядзелю таксама папрасіў Дональда Трампа перадаць словы падзякі асабіста дырэктару ЦРУ, перадае прэс-служба Крамля. Як паведаміў «Інтэрфакс» са спасылкай на Крэмль, у часе тэлефоннай размовы Пуцін сказаў прэзыдэнту ЗША, што ў выпадку, калі Расея атрымае інфармацыю аб падрыхтоўцы тэракту супраць ЗША, то яна, як ужо бывала раней, папярэдзіць аб гэтым улады Злучаных Штатаў.
Нядзельная тэлефонная размова Трампа і Пуціна была другой па ліку за чатыры дні.
Пра затрыманьне семярых падазраваных у падрыхтоўцы тэракту ў Казанскім саборы ў Пецярбургу стала вядома 14 сьнежня. У іх ліку жыхары Дагестану, Інгушэціі і Таджыкістану. Некаторыя затрыманыя абвяргаюць абвінавачваньні і сьцьвярджаюць, што зброю ім падкінулі расейскія спэцслужбы.