Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Птушкафабрыку з-пад Веткі перадалі ў дзяржаўную ўласнасьць — і звольнілі больш за палову пэрсаналу


Навасёлкаўская птушкафабрыка ў Веткаўскім раёне на Гомельшчыне не папрацавала і году, як яе перадалі ў дзяржаўную ўласнасьць ды звольнілі 164 супрацоўнікаў з 260. Карэспандэнт Свабоды разьбіраўся ў сытуацыі на месцы.

Калі пры канцы мінулага году блізу вёскі Навасёлкі Вёткаўскага раёну здавалі птушкафабрыку, радасьці мясцовых жыхароў не было мяжы. Як і ў суседзяў з паселішчаў Шарсьцін, Прысна, Радуга, Хальч — новая вытворчасьць давала 270 новых працоўных месцаў.

У невялікім раёне, дзе закрылі малаказавод, бавоўнапрадзільную фабрыку, дзе пасьля Чарнобылю значная частка зямель выведзена з абароту, прадпрыемства давала надзею на працаўладкаваньне. Бо, апроч 24 гадавальнікаў для курэй, побач збудавалі яшчэ цэх перапрацоўкі птушкі — на 20 тысяч тон мяса ў год.

Першую прадукцыю Навасёлкаўская птушкафабрыка, якую падпарадкавалі сельскагаспадарчаму акцыянэрнаму таварыству «Хальч», выпусьціла сёлета ў студзені. За тры кварталы адправілі спажыўцам 4 тысячы тон мяса. Прычым птушку, як заяўлялася, вырошчвалі на натуральных кармах, без стабілізатараў.

Неспадзяванае скарачэньне

Аднак у сярэдзіне лістапада працаўнікоў птушкафабрыкі паставілі перад фактам — ідуць скарачэньні.

«Лічыце, год працавалі, а цяпер нам высьпятка пад зад — і на вуліцу, — кажа былы перапрацоўшчык птушкі Аляксандар Боханаў. — Зараблялі па трыста рублёў і больш. А цяпер прапаноўваюць каму на Гомельскую птушкафабрыку „Расьсьвет“ ехаць за паўсотні вёрст, каму на сьвінакомплекс за 20 кілямэтраў. Хто ж у такую далеч паедзе? Мяне зьбіраюцца жывёлаводам узяць у сваёй вёсцы. 30 рублёў пазычыў, каб мэдкамісію прайсьці. Як яно будзе, ня ведаю, бо іншай працы няма. Можа, пашлюць зьбіраць кукурузу па полі».

Іншы рабочы птушкафабрыкі, які не захацеў называць свайго імя, кажа, што наагул застаўся ў падвешаным стане: маўляў, выкінулі на вуліцу — ідзі куды хочаш.

За парадным падʼездам — гадавальнікі для курэй
За парадным падʼездам — гадавальнікі для курэй

Узрушэньні ў калектыве ўзьніклі ў зьвязку зь перадачай птушкафабрыкі ў дзяржаўную— даччынаму сельскагаспадарчаму ўнітарнаму прадпрыемству «Беларуснафта-Асобіна», якое ўжо займаецца птушкагадоўляй у пасёлку Камунар Буда-Кашалёўскага раёну. Як тлумачылі чыноўнікі ў мясцовай газэце, адбылося гэта на распараджэньне Саўміна, хоць знайсьці адпаведны дакумэнт у адкрытым доступе не ўдалося.

У Навасёлках лічаць, што новы ўласьнік запатрабаваў скараціць 60% працаўнікоў фабрыкі з эканамічных меркаваньняў. Непатрэбным аказаўся найперш пэрсанал цэху перапрацоўкі птушкі. Але ня толькі.

Першая намесьніца дырэктара РДСУП «Беларуснафта-Асобіна» па пытаньнях птушкагадоўлі Людміла Варанько не пагаджаецца, што ініцыятыва скарачэньня працаўнікоў паходзіла ад іхняга прадпрыемства.

«Трэба зьвярнуцца з гэтым пытаньнем да ААТ „Хальч“ і кіраўніцтва Веткаўскага раёну. Нічога іншага сказаць не магу», — сказала яна.

У аддзеле кадраў САТ «Хальч» адмаўляюцца гаварыць на тэму скарачэньня працаўнікоў сваёй ужо былой птушкафабрыкі. Мясцовыя ж кіраўнікі адсылаюць тых, хто цікавіцца маштабным скарачэньнем, да афіцыйнага камэнтару на сайце раённай газэты:

«Новы ўласьнік прапанаваў далей працаваць у Навасёлках толькі частцы працоўнага калектыву, а дакладней — 106 чалавекам з 270. Узмацнілі незадавальненьне і чуткі пра тое, што пры адмове ад мясцовых працаўнікоў у Навасёлкі будуць вазіць „чужых“ — з пасёлку Камунар Буда-Кашалёўскага раёну, дзе знаходзіцца асноўная вытворчасьць РДСУП „Беларуснафта-Асобіна“. Там нібыта спэцыялісты ў вымушаным адпачынку з прычыны рамонту на некаторых участках птушкафабрыкі „Асобіна“. Цяпер, калі ў Навасёлках запоўнена 8 гадавальнікаў птушак з 24, праблемна казаць пра паўнавартасную працу цэху забою, а менавіта людзі гэтага цэху падпалі пад звальненьне».

Пад старой шыльдаю новыя парадкі
Пад старой шыльдаю новыя парадкі

На цэху перапрацоўкі і забою птушкі дагэтуль вісіць шыльда, што належыць ён ААТ «Хальч».

«У нас тут ціха, цэх стаіць, — кажа ахоўнік. — Што тут і калі будзе, невядома. Прыяжджаў прадстаўнік з „Асобіна“, паглядзеў і паехаў».

«Усе будуць працаўладкаваныя»

Намесьніца старшыні Веткаўскага райвыканкаму па эканоміцы Натальля Буракова кажа, што нікога «на вуліцу не выкідаюць».

«Усе будуць працаўладкаваныя — па жаданьні, канечне. Прапануем працу ў сельскай гаспадарцы ў вёсках Радуга, Хальч, Чыстыя Лужы, на ўчастку фабрыкі „8 сакавіка“ ў райцэнтры. Да таго ж звольненыя будуць яшчэ два месяцы лічыцца працаўнікамі сельгаставарыства „Хальч“ з захаваньнем сярэдняга заробку», — сказала чыноўніца.

Малады рабочы, які страціў працу на птушкафабрыцы, кажа, што ягоны лёс, як і многіх іншых былых працаўнікоў, зусім няпэўны.

«Мне прапанавалі ехаць уладкоўвацца ў будаўнічую арганізацыю Гомля — казалі, там ёсьць вакансіі. Нібыта і недалёка — 25 кілямэтраў. Але я адмовіўся, бо з тым працаўладкаваньнем ніякай пэўнасьці: едзь, прасіся. Да таго ж дабірацца на працу ў абласны цэнтар і назад дадому трэба самастойна. Калі ў цябе сямʼя, то жыць там ад выходных да выходных не выпадае, як і матацца туды-сюды штодня», — кажа звольнены рабочы.

Вяскоўцы кажуць, што сельгаставарыства ім пакуль не выплачвала дапамогі па звальненьні. Абяцалі выдаваць яе часткамі, разам з заробкам тым, хто застаўся працаваць у сельгаспрадпрыемстве.

Апэратар машыннага даеньня спадарыня Тацяна падзялілася сваімі назіраньнямі, як ідзе ўладкаваньне былых рабочых птушкафабрыкі.

«Прыслалі іх на фэрму падмятаць ды паперкі зьбіраць. А нам брыгадзір абвясьціў, што ў бліжэйшыя месяцы заробак наш будзе на ўзроўні мінімальнага. Маўляў, трэба дзяліцца са звольненымі з птушкафабрыкі. Мы проста шакаваныя: „мінімалка“ цяпер складае 265 рублёў. Вось і жыві, сямʼю даглядай, дзяцей вучы — за што?».

Абноўлены дэкрэт аб «дармаедах» можа закрануць паўмільёна беларусаў

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG