Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Для рэалізацыі дэкрэту яшчэ 200 крокаў». Лідэры прадпрымальнікаў пра новы дэкрэт прэзыдэнта


Ілюстрацыйнае фота. Рынак у Магілёве.

Аляксандар Лукашэнка 23 лістапада падпісаў дэкрэт «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва», які мае палепшыць бізнэс-клімат у Беларусі. Для Радыё Свабода гэты дакумэнт пракамэнтавалі лідэры прадпрымальніцкага руху.

«Многія прапановы бізнэсу ўвайшлі, але многія не ўвайшлі»

Уладзімер Карагін, старшыя прэзыдыюму Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва і Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў: ​

— Новы дэкрэт ня ўлічвае ўсе прапановы прадпрымальнікаў.​

Гэты дэкрэт рыхтаваўся ў пакутах са студзеня. Працавала адмысловая працоўная група сумесна зь бізнэс-асацыяцыямі. Ён завяршае пералік дакумэнтаў, якія прымаліся — 8 указаў прэзыдэнта. Але гэта далёка не апошняя стадыя.

Уладзімер Карагін
Уладзімер Карагін

Фактычна гэта такі палітычны акцэнт аб падтрымцы дзелавой ініцыятывы і разьвіцьця бізнэсу ў краіне. Аб апоры на дзелавую ініцыятыву — так дэкляруецца. Але сам ён ня будзе працаваць, яшчэ трэба зрабіць цэлы плян працы ў Савеце міністраў, а гэта каля 150-200 крокаў для рэалізацыі гэтага дэкрэту ў канкрэтных дзеяньнях і рашэньнях.

Фактычна гэта такі палітычны акцэнт аб падтрымцы дзелавой ініцыятывы

Трэба яшчэ парлямэнту памяняць Грамадзянскі кодэкс, удасканаліць судовую сыстэму. На сёньня не адменены 488 указ прэзыдэнта, няма такога паняцьця, як амністыя капіталу, і гэтак далей.

Гэта не завяршальны, а прамежкавы этап. Але ён завяршае пэўны цыкль паміж 4-й дырэктывай прэзыдэнта, вопытам, назапашаным за гэтыя 6 гадоў, і патрэбай часу. Мы пераходзім у іншую эпоху, эпоху лічбавай трансфармацыі бізнэсу, эканомікі і жыцьця грамадзтва. І патрэбная перабудова бізнэсу, каб ён ня ўцёк з краіны.

Многія прапановы бізнэсу ўвайшлі, але многія не ўвайшлі. І нездарма ён прыняты не ў сакавіку ці красавіку, як плянавалася раней — некалькі разоў пераносіўся, бо шмат было спрэчак, была вялікая барацьба. І ўлада ўсё ж у асноўным падтрымала ў рэфармаваньні прапановы дзелавой супольнасьці.

«Такое адчуваньне, што як для «галачкі»​

Анатоль Шумчанка, лідэр грамадзкага аб'яднаньня «Пэрспэктыва»: ​

—​ Гэты дакумэнт ня ўлічвае інтарэсы дробных прадпрымальнікаў.

Анатоль Шумчанка
Анатоль Шумчанка

​Прапаноў ад «Пэрспэктывы» там практычна няма. Гэты дакумэнт больш тычыцца сярэдняга і буйнога бізнэсу.

Праз тыдзень мы прэзэнтуем вынікі дасьледаваньня адносна праблемаў, якія актуальныя для ІП. У тым ліку адносна дэкрэту аб лібэралізацыі прадпрымальніцкай дзейнасьці. У нас сёньня праблема палягае не ў адкрыцьці бізнэсу, а ў тым, як ім займацца. А ў гэтым пляне гэты дэкрэт ня ў поўнай меры ўлічвае нашы інтарэсы.

Гэта чарговы лібэралізацыйны дакумэнт. Яшчэ была чацьвёртая дырэктыва, якую ня ў поўнай меры выканалі, а ўжо прынялі новы дакумэнт. Такое адчуваньне, што як «для галачкі».


Дэкрэт «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва» рыхтаваўся ў межах дзейнасьці створанай у студзені 2017 году працоўнай групы па стымуляваньні дзелавой актыўнасьці на чале з кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта Натальляй Качанавай. З чальцамі працоўнай групы Лукашэнка абмяркоўваў будучы дакумэнт на сустрэчы ў лютым. Першапачаткова меркавалася, што дэкрэт можа зьявіцца ўжо ў другім квартале гэтага году.

19 верасьня Лукашэнка падпісаў указ №337, які дазволіў індывідуальным прадпрымальнікам весьці шэраг відаў дзейнасьці без рэгістрацыі, але з выплатай адзінага падатку.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG