Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На станцыю Вярэйцы, што пад Асіповічамі, прыйшоў эшалён з расейскай вайсковай тэхнікай.

Выгружалі вайсковую тэхніку, як сказалі Свабодзе мясцовыя жыхары, уночы, а раніцай калёна рушыла лясной дарогай на вайсковую базу, што непадалёк ад вёскі Пратасевічы.

У Вярэйцах тым часам выставілі радыёлякацыйную станцыю, засталася вялікая вайскова-інжынэрная машына на гусенічным хаду, грузавік з тэнтам і кунг. Разам з разладаванымі чыгуначнымі плятформамі на станцыі знаходзяцца тры пасажырскія вагоны расейскай чыгункі.

Дарога на вайсковую базу зьбітая тракамі танкаў і вялікімі грузавымі машынамі. Ад Вярэйцаў да базы кілямэтраў пяць.

На вайсковай базе мітусьня і гул цяжкай баявой тэхнікі. Танкі і іншыя цяжкія гусенічныя машыны выстаўленыя на тэрыторыі. З-за агароджы відаць, як вайскоўцы завіхаюцца ля бранятэхнікі. Чуваць адзінкавыя гарматныя стрэлы. Непадалёк палігон.

Вяскоўцы клянуць салдат за тое, што разьбілі дарогу, якая вядзе да выгану, дзе яны пасьвяць каровы. Кажуць, што цяпер да кароў цяжка даехаць.

​Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» пачнуцца 14 верасьня і працягнуцца тыдзень. Будзе задзейнічаны шэраг вайсковых палігонаў на тэрыторыі Беларусі: пад Лепелем, Барысавам, Віцебскам, Асіповічамі, Ружанамі і Даманавам. Таксама паведамляецца, што заплянаваныя рэйды на «ўчастку мясцовасьці» каля Дрэтуні.

Паводле амэрыканскага стратэгічнага цэнтру Atlantic Council, у вучэньнях будуць браць удзел, як мінімум часткова, тыя жаўнеры, якія ваявалі супраць Украіны ў 2014 годзе.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG