Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два дэманстранты забітыя ў масавых пратэстах у Іране


Паліцыя і пратэстоўцы ў Тэгеране, 30 сьнежня
Паліцыя і пратэстоўцы ў Тэгеране, 30 сьнежня

Вулічныя пратэсты ў Тэгеране ідуць трэці дзень, пратэстоўцы канфліктуюць з паліцыяй. У сацсетках сьцьвярджаецца, што прынамсі два дэманстранты застрэленыя праваахоўнікамі ў горадзе Доруд, перадае Reuters. Улады вінавацяць у гэтым «замежных агентаў». А BBC называе гэта найвялікшымі пратэстамі з 2009 году.

Акцыі пратэсту прайшлі ў Тэгеране, Шахрыкорду, Керманшаху, Зэнджане, Доруду і іншых гарадах. У некаторых гарадах пратэстоўцы падпальвалі ўрадавыя будынкі і паліцэйскія машыны, закідвалі паліцыю камянямі. Гучалі воклічы «Сьмерць дыктатару!».

Пра колькасць пацярпелых і затрыманых падчас акцыяў пратэсту афіцыйнай інфармацыі няма, за папярэднія два дні маніфестацыяў у розных гарадах краіны былі арыштаваныя дзясяткі людзей. Злучаныя Штаты асудзілі арышты, прэзыдэнт Дональд Трамп папярэдзіў Тэгеран аб тым, што «сьвет назірае» за падзеямі, а ўлада павінна паважаць правы людзей. Прадстаўнік МЗС Ірану Бахрам Гасэмі 30 сьнежня заявіў на дзяржаўнай ТВ, што «іранскі народ не нясе адказнасьці за хлусьлівыя і беспрынцыпныя выказваньні афіцыйных асобаў ЗША ці спадара Трампа».

Пратэсты прайшлі на фоне праўладных акцыяў. Раней дзяржаўная тэлевізія Ірану заявіла, што мітынгі ў падтрымку ўраду 30 сьнежня мелі прайсьці ў больш як 1200 гарадах.

За апошні час цэны на многія асноўныя прадукты харчаваньня вырасьлі ў Іране на 40%. Паводле Цэнтрабанку краіны, інфляцыя складае каля 10%. Беспрацоўе ў гэтым фінансавым годзе склала 12,4%, што амаль на 1,5% больш, чым у мінулым годзе. З 80 млн насельніцтва Ірану каля 3,2 млн чалавек цяпер бяз працы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG