Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі напісалі Лукашэнку, чым незадаволеныя


Пратэст прадпрымальнікаў у Менску, 28 лютага 2017 году

Грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва» апублікавала адкрыты зварот да Аляксандра Лукашэнкі і Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва.

У лісьце пішуць пра вынікі штогадовага дасьледаваньня настрояў індывідуальных прадпрымальнікаў на рынках і ў гандлёвых цэнтрах, што праводзілася сіламі самой «Пэрспэктывы» — за апошнія 10 гадоў, кажуць яны, ніхто іншы дасьледаваньняў такога кшталту не праводзіў.

Паводле дасьледаваньня, 59% ІП бачаць галоўную пагрозу свайму бізнэсу асабіста ў Лукашэнку і ўрадзе, 99% успрымаюць бізнэс як сродак выжываньня, а не фармаваньня капіталу для пераходу ў буйны бізнэс, у 98% узровень даходаў зьніжаецца год ад году, 76% лічаць, што дэкрэт №7 не вырашае іх праблемы, 91% гатовы да мітынгаў ці страйкаў, толькі 7% разьлічваюць на дапамогу прэзыдэнта (1% на дэпутатаў, 3% на мясцовыя ўлады).

«У сваім выступе 22 сьнежня на сустрэчы зь бізнэсам вы казалі пра яго адказнасьць, але пры гэтым ніхто ня кажа пра адказнасьць чыноўнікаў, якія паклалі вам на подпіс адыёзныя законы, празь якія і сфармаваліся адказы на пытаньні бізнэсу ў нашым дасьледаваньні», — сьцьвярджаецца ў законе.

Лукашэнка распавёў прадпрымальнікам, пры якіх умовах быў бы «вечна прэзыдэнтам»

«Пэрспэктыва» баіцца, што да 2020 году можа здарыцца каляпс розьнічнага гандлю праз скарачэньне колькасьці ІП і іх зьбядненьне, манапалізацыі гандлю буйным бізнэсам і несумленнымі дзеяньнямі «прыежджых» замежных гандляроў на рынках («Пэрспэктыва» раней перадавала скаргі на тое, што гандлярам з Азіі праваахоўнікі і кантралёры даруюць відавочныя парушэньні).

Лукашэнку запрашаюць на адкрытую размову з «Пэрспэктывай» як прадстаўніцтвам індывідуальных прадпрымальнікаў — ці ў вузкім коле ІП з рэгіёнаў і Менску, ці на форуме з тысячамі ўдзельнікаў.

Некалі на пачатку першага прэзыдэнцкага тэрміну Лукашэнка абяцаў «паціснуць руку апошняму прадпрымальніку» і называў прадпрымальнікаў «вашывымі блохамі» — апошні раз ён заяўляў такое 10 год таму.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG