Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы будуць працаваць на тры гадзіны меней у 2018 годзе. Але некаторыя — на гадзіну болей


Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства працы Беларусі ўсталявала нормы працоўнага часу на 2018 год (PDF).

Для пяцідзённага працоўнага тыдню (выходныя ў суботу і нядзелю) норма — 2016 гадзінаў або 252 «васьмігадзінныя» працоўныя дні. Для шасьцідзённага тыдню норма — 2022 гадзіны.

Згодна Працоўнаму кодэксу, калі пры пяцідзённым працоўным тыдні сума гадзінаў пяці працоўных дзён за каляндарны тыдзень меншая за тыднёвую норму, неадпрацоўка мае кампэнсавацца па меры яе ўтварэньня ў асобныя тыдні за кошт аднаго або двух (за выключэньнем нядзелі) выходных дзён, што будуць тады плянавацца як працоўныя дні. Што рабіць зь «недапрацаванымі» днямі шасьцідзённага працоўнага тыдню, у Кодэксе не сказана.

Нормы на 2018 год адрозьніваюцца ад нормаў на папярэднія гады. У 2017-м пры пяцідзённым тыдні трэба было працаваць на тры гадзіны болей, пры шасьцідзённым — на гадзіну меней. Два гады таму, адпаведна, болей на 22 гадзіны і на 8 гадзінаў для пяцідзённага і шасьцідзённага тыдню.

Чаму адбываюцца такія зьмены, Мінпрацы не тлумачыць. Але, верагодна, яны зьвязаныя зь пераносам працоўных дзён празь сьвяты і са скарочанымі працоўнымі днямі. Графік пераносаў працоўных дзён на момант публікацыі ўжо распрацаваны Мінпрацы, але яшчэ не зацьверджаны ўрадам.

Калі будуць выходныя

«Дадатковымі» выходнымі будуць дзяржаўныя сьвяты, у тым ліку Новы год 1 студзеня, праваслаўныя і каталіцкія Каляды 7 студзеня і 25 сьнежня, «жаночы дзень» 8 сакавіка, праваслаўная Радаўніца 17 красавіка (аналягічны дзень памяці продкаў у каталікоў — не выходны), Дзень працы 1 траўня, Дзень перамогі 9 траўня, Дзень Рэспублікі 3 ліпеня (у дзень вызваленьня Менску саветамі ад нацыстаў у 1944 годзе), Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі 7 лістапада (адзначаюць як дзяржаўнае сьвята толькі ў Беларусі і непрызнаным Прыднястроўі).

Магчымыя пераносы працоўных дзён перад Радаўніцай, Днём працы, Днём Рэспублікі і каталіцкімі Калядамі, бо яны прыпадаюць на аўторак: працоўны дзень з панядзелка могуць перанесьці на адну з суботаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG