Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве помніка Лукашэнкам на суботніку ня будзе


У Магілёве ня будуць увекавечваць удзел сямʼі Лукашэнкаў у суботніках. Гарвыканкам лічыць усталяваньне помніка «Бурлакі на суботніку» немэтазгодным. У Менску ж ініцыятыву прафсаюзнага актывіста з Магілёва Аляксея Паўлоўскага яшчэ зьбіраецца разглядаць Галоўнае ўпраўленьне ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі.

Ініцыятыву Паўлоўскага падтрымалі сваімі подпісамі 17 магілёўцаў. У лісьце чыноўнікам Магілёўскага і Менскага гарвыканкамаў аўтар звароту назваў дапамогу Лукашэнкаў беларускай гаспадарцы «гістарычнымі падзеямі і грамадзянскім подзьвігам». На думку сябра прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці, помнік Лукашэнкам прыцягне турыстаў, што будзе садзейнічаць папаўненьню дзяржаўнай казны.

Аляксей Паўлоўскі, архіўнае фота
Аляксей Паўлоўскі, архіўнае фота

Адказам з Магілёўскага гарвыканкаму Паўлоўскі не задаволены і зьбіраецца скардзіцца ў аблвыканкам, бо ў лісьце не аргумэнтуецца, чаму ўсталяваньне помніка немэтазгоднае.

«Калі давядзецца судзіцца з магілёўскімі чыноўнікамі, то я гатовы», — кажа ён.

«Мая ініцыятыва вельмі сурʼёзная, бо яна паказвае, наколькі трывалыя савецкія традыцыі ў галовах кіраўнікоў Беларусі. Ленін нёс бервяно, калі была разруха, а цяпер усе гэтыя бярвёны на будоўлях перацягваюць краны.

Людзей змушаюць удзельнічаць у суботніках, бо ведаюць, што яны ня могуць пратэставаць. Усе на кантрактах. Для паказухі робяць карцінку. Два тыдні таму ў Кармянскім раёне ў людзей сабралі грошы, нібыта яны ўдзельнічалі ў суботніках. Заробкі і так мізэрныя, а іх яшчэ болей абіраюць».

У Менску прафсаюзны актывіст прапанаваў паставіць помнік каля гімнастычнага комплексу, які дапамагалі ўзводзіць на суботніку Лукашэнкі.

«Турысты да такіх помнікаў ішлі б з ахвотай і сьмяяліся б з дураты нашых чыноўнікаў», — кажа Паўлоўскі

Зьбіраецца зьвярнуцца Аляксей Паўлоўскі і да самога Лукашэнкі, каб дабудавалі корпус Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту. Будоўля ў цэнтры Магілёва доўжыцца больш як 20 гадоў. Празь нястачу сродкаў абʼект, які стаіць менш як за трыста мэтраў ад аблвыканкаму, закансэрваваны.

«Лукашэнка ўчора выказаўся наконт даўгабудаў, дык хачу нагадаць пра магілёўскі. Колькі ён кіруе Беларусьсю, столькі гэты абʼект ня могуць скончыць, — кажа Паўлоўскі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG