Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёвец прапанаваў паставіць помнік сям’і Лукашэнкаў


Мікалай і Аляксандар Лукашэнкі падчас рэспубліканскага суботніка. 22 красавіка 2017 году

Прафсаюзны актывіст з Магілёва Аляксей Паўлоўскі прапанаваў уладзе ўвекавечыць помнікам удзел сям’і Лукашэнкаў у суботніках ды жніве. Іхную дапамогу беларускай гаспадарцы прафсаюзьнік называе «гістарычнымі падзеямі і грамадзянскім подзьвігам».

Я наладжваю зваротную сувязь народу з Лукашэнкам

У падтрымку сваёй ініцыятывы актывіст за няпоўныя паўгадзіны падпісаў сямнаццаць магілёўцаў. Зварот накіраваў у Магілёўскі і Менскі гарвыканкамы, а таксама дэпутатам гарсаветаў.

«Просім вас разглядзець ініцыятыву грамадзян ва ўвекавечваньні ў помніку ці скульптурнай кампазыцыі таго, як наш усенародна абраны прэзыдэнт са сваім малалетнім сынам Мікалаем на рэспубліканскім суботніку цягнулі на сваіх плячах бервяно без выкарыстаньня спэцыяльнай тэхнікі, насуперак інструкцыі аховы працы, ахвяруючы сваім здароўем і жыцьцём дзеля квітненьня сінявокай Беларусі», — напісаў Паўлоўскі ў сваім звароце.

Мясьціна ў Магілёве, на якой Паўлоўскі прапануе паставіць помнік сям’і Лукашэнкаў
Мясьціна ў Магілёве, на якой Паўлоўскі прапануе паставіць помнік сям’і Лукашэнкаў

У Менску прафсаюзьнік прапануе паставіць помнік ля гімнастычнага комплексу, які дапамагалі ўзводзіць на суботніку Лукашэнкі, а ў Магілёве — на пляцоўцы перад ільвамі, якімі ўпрыгожаны адрамантаваны мост цераз Дняпро. Прапанаваў Паўлоўскі свой варыянт назвы скульптурнай кампазыцыі — «Бурлакі на суботніку» — і тое, як яна мае выглядаць.

На думку сябра прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці, помнікі Лукашэнкам стануць прыцягальнымі для турыстаў, што будзе садзейнічаць папаўненьню дзяржаўнай казны.

Аляксей Паўлоўскі ня ўтойвае, што яго ініцыятыва — гэта спроба ў іранічнай форме паказаць, як грамадзяне Беларусі ўспрымаюць «працоўныя подзьвігі» сям’і Лукашэнкаў. На тое, што прапанаваны ім помнік зьявіцца ў Беларусі, ён не спадзяецца.

Адзін з магілёўскіх ільвоў на мосьце будзе глядзець на помнік Лукашэнкаў і бараніць яго
Адзін з магілёўскіх ільвоў на мосьце будзе глядзець на помнік Лукашэнкаў і бараніць яго

«З народу ж таксама сьмяюцца. Троляць яго, — кажа актывіст. — Нам паказваюць, як непаўналетні Мікалай зьбірае на жніве пяць тон збожжа, як Лукашэнкі ўпарта працуюць на будоўлі. Таму мой зварот — гэта наладжваньне зваротнай сувязі з прэзыдэнтам. Шараговыя грамадзяне адказваюць яму так, як ён іх вучыць адказваць».

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў не захацелі праводзіць карнавалу на Дзень дармаеда

Сёлета ў лютым Паўлоўскі прапаноўваў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў паставіць помнік дармаеду, зрабіць 30 жніўня Днём дармаеда і праводзіць на яго карнавалы, дэманстрацыі, мітынгі. Актывіст раіў выдаць адмысловыя манэты ды заснаваць узнагароду «Заслужаны дармаед Беларусі» і ўручаць яе «дзеячам галіны».

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ня ўбачылі падстаў для заснаваньня Дня дармаеда. Паўлоўскаму адпісалі, што рашэньне пра наданьне статусу дзяржаўнага сьвята прымае кіраўнік дзяржавы. У адказе актывіста паўшчувалі за ўжываньне ў звароце зьневажальных слоў і выразаў, але якіх менавіта, не адзначылі.

Працоўны кодэкс не бароніць непаўналетняга Мікалая Лукашэнку

На Міжнародны дзень дзяцей Паўлоўскі даслаў у адміністрацыю прэзыдэнта будаўнічую каcку, каб яе перадалі Лукашэнку.

«Каску дасылаю як сымбаль абароны для Мікалая (сын прэзыдэнта — РС) і напамін для ягонага бацькі, што варта захоўваць тэхніку бясьпекі на будоўлі, бо ён кіраўнік дзяржавы, гарант выкананьня законаў», — тлумачыў сэнс падарунку актывіст.

На магілёўскай акцыі пратэсту супраць прэзыдэнцкага дэкрэту «Аб сацыяльных утрыманцах». На ёй таксама тролілі тых, хто прыдумаў той дэкрэт
На магілёўскай акцыі пратэсту супраць прэзыдэнцкага дэкрэту «Аб сацыяльных утрыманцах». На ёй таксама тролілі тых, хто прыдумаў той дэкрэт

На яго думку, Мікалая Лукашэнку прымушаюць удзельнічаць у «паказушных» суботніках. Актывіст лічыць, што гэтым самым парушаюцца правы непаўналетняга, бо працоўнае заканадаўства не дазваляе выкарыстоўваць працу асобаў, якім няма 14 гадоў.

Раней Паўлоўскі разам з калегам па прафсаюзе Аляксандрам Хамратавым скардзіліся ў дэпартамэнт аховы працы на службоўцаў, якія дапусьцілі кіраўніка дзяржавы да працы на будоўлі гімнастычнага комплексу бяз сродкаў абароны. Лукашэнку скаржнікі называлі «неатэставанай асобай». Патрабавалі прыцягнуць службоўцаў да адказнасьці.

Дэпартамэнт адпісаў актывістам, што Лукашэнка ні працоўных, ні грамадзянска-прававых стасункаў з арганізацыяй, якая выконвала работы на будоўлі, ня меў, таму «адсутнічаюць падставы для прыцягненьня да адказнасьці за парушэньне патрабаваньняў аховы працы адказных асобаў будаўнічай арганізацыі». Паводле службоўцаў, пытаньнямі абароны Лукашэнкі і ягонай сямʼі займаецца служба бясьпекі прэзыдэнта.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG