Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Алясцы паставілі помнік ініцыятару куплі паўвострава


Новы помнік Уільяму Сьюарду

У панядзелак у сталіцы Аляскі горадзе Джуна быў урачыста адкрыты помнік Уільяму Сьюарду, які, быўшы дзяржсакратаром ЗША, арганізаваў куплю Аляскі Злучанымі Штатамі.

Амаль двухмэтровую бронзавую статую Сьюарда паставілі насупраць заканадаўчага сходу штату — Капітолію. Яе ўстаноўка прымеркаваная да 150-годзьдзя падпісаньня амэрыканска-расейскай дамовы, згодна зь якой велізарная тэрыторыя ў 1,5 мільёна квадратных кілямэтраў была набытая за 7 мільёнаў 200 тысяч даляраў (123 мільёны ў сёньняшніх далярах).

Расея дала зразумець пра жаданьне прадаць Аляску яшчэ ў канцы 1850-х гадоў, баючыся, што яна можа страціць яе праз экспансію жыхароў Брытанскай Калюмбіі. Уільям Сьцюард быў ініцыятарам набыцьця.

Менавіта ён пераканаў Кангрэс выдзеліць значную па тых часах суму на куплю тэрыторыі, якую скептыкі ахрысьцілі «садам белых мядзьведзяў». Толькі адкрыцьцё багатых радовішчаў золата ў канцы ХІХ стагодзьдзя ўзбудзіла цікавасьць да Аляскі і пацьвердзіла слушнасьць Сьюарда.

Імя Сьюарда носіць невялікі горад на Алясцы, разьмешчаны ў адной з маляўнічых затокаў.

У Расеі распаўсюджанае меркаваньне, што Аляску не прадавалі, а здавалі ў арэнду на 99 год. Але гістарычных пацьверджаньняў такой вэрсіі няма, а ўрад Расеі не патрабаваў вярнуць прададзеныя землі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG