Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Між Злучанымі Штатамі і Расеяй «амаль няма даверу», — дзяржаўны сакратар Тылерсан


Дзяржаўны сакратар ЗША Рэкс Тылерсан

Дзяржаўны сакратар ЗША Рэкс Тылерсан заявіў, што сёньня «амаль няма даверу» між Злучанымі Штатамі і Расеяй.

Ён згадаў пагадненьні аб кантролі над узбраеньнямі і ўкраінскі крызіс як сфэры, дзе Масква «сёньня не асабліва дапамагае», у час прэзэнтацыі будучыні Дзярждэпартамэнту пры адміністрацыі Дональда Трампа 3 траўня ў Вашынгтоне, перадае Associated Press.

«Мы зрабілі шэраг спробаў стабілізаваць нашы стасункі, — казаў Рэкс Тылерсан пра ЗША і Расею. — Выканаўца абавязкаў намесьніка дзяржсакратара Шэнан кіруе намаганьнямі рабочай групы ўбачыць магчымасьць разабрацца з рэчамі, якія ў дачыненьнях толькі дакучаюць, якія не даюць нам размаўляць міжсобку прынамсі ў ветлівым тоне».

Тылерсан сказаў, што плянуе абмеркаваць пытаньні супрацы ў вырашэньні сырыйскага канфлікту са сваім расейскім калегам Сяргеем Лаўровым у кулюарах мерапрыемстваў Арктычнай рады 10-11 траўня на Алясцы.

Дзяржсакратар таксама адзначыў, што ЗША рыхтуюць новыя санкцыі супраць Паўночнай Карэі ў адказ на працягваньне распрацоўкі ядзернай зброі КНДР і сродкаў яе дастаўкі. Ён сказаў, што Вашынгтон працаваў з Пэкінам, каб зрабіць ціск на КНДР, але калі гэта ня будзе эфэктыўным, Злучаныя Штаты маглі б нават уводзіць «санкцыі трэціх краінаў» у дачыненьні кампаніяў, у тым ліку кітайскіх, што робяць бізнэс у Паўночнай Карэі. Акрамя таго, ён заклікаў міжнародную супольнасьць цалкам выконваць дзейныя санкцыі ААН, бо «ніхто ніколі цалкам не рэалізоўваў іх».

За апошнія 20 гадоў, заявіў Тылерсан, Злучаныя Штаты «нібы зьбіліся з дарогі», а палітыка Трампа «Амэрыка перадусім» закліканая ўраўнаважыць стасункі ЗША з саюзьнікамі. Але, сказаў ён, ЗША ня будуць устрымлівацца ад абароны свабоды і правоў чалавека ў сьвеце.

XS
SM
MD
LG