Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нью-Ёрку адкрыўся мост Касьцюшкі


Будаўніцтва новага маста Касьцюшкі, жнівень 2016 году

Новы мост, які злучае раёны Бруклін і Квінз, адкрываецца для руху на месцы двух старых мастоў. Яны атрымалі імя ў гонар Тадэвуша Касьцюшкі яшчэ ў 1940-м годзе.

Тры гады таму замест іх сталі будаваць новы мост, каб вырашыць праблемы з рухам. 27 красавіка адкрылася яго ўсходняя частка. Мяркуецца, што старыя масты зьнясуць летам 2017.

Імя нацыянальнага героя Беларусі Тадэвуша Касьцюшкі (1746-1817), які быў лідэрам паўстаньня 1794 году ў Рэчы Паспалітай супраць расейска-прускай акупацыі, шырока ўганавараваная ў ЗША. Касьцюшка далучыўся да Вайны за незалежнасьць ЗША ў 1776 годзе. Адыграўшы значную ролю ў яе ключавых падзеях, ён атрымаў ордэн з рук Джорджа Вашынгтона і вярнуўся ў Рэч Паспалітую ў 1784-м годзе.

Нацыянальны мэмарыял Тадэвуша Касьцюшкі знаходзіцца ў Філядэльфіі. У Нью-Ёрку разьмяшчаецца штаб-кватэра Фонду Касьцюшкі. Помнікі Касьцюшку ёсьць у Бостане, Вест-Пойнце, Дэтройце, Вашынгтоне, Чыкага, Мілуокі, Кліўлэндзе. На Алясцы ў гонар Касьцюшка названая выспа, а ў штаце Індыяна – акруга. Горад Касьцюшка знаходзіцца ў Місісіпі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG