Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія дэпутаты: дыялёг мае быць, «Белсат» застанецца, «лягеры баевікоў» — фантастыка


Парлямэнцкая дэлегацыя Сэйму Польшчы наведала Беларусь 11–13 красавіка з афіцыйным візытам, сустрэлася з чальцамі Палаты прадстаўнікоў Беларусі і беларускай апазыцыяй, а таксама беларускімі палякамі.

Апошнім пунктам візыту стала ўскладаньне кветак і запальваньне зьнічоў у Курапатах, дзе пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў — ня толькі беларусы, але і палякі. Разам з польскай дэлегацыяй у Курапатах быў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Беларусі Андрэй Навумовіч.

Пасьля ўскладаньня кветак польскія парлямэнтары пагутарылі з журналістамі. Дэпутаты згадалі, што выслухалі і прадстаўнікоў беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, размаўлялі пра падзеі апошняга месяца ў Менску, казалі пра сваю падтрымку. На думку дэпутатаў, трэба працягваць і дыялёг з уладамі, кансультацыі і ўзгадненьні (гэта, кажуць дэпутаты, пацьвярджае і беларуская апазыцыя), і кантакт зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю; важна, каб у дыялёгах была ўзаемнасьць.

Па словах амбасадара Польшчы ў Беларусі Конрада Паўліка, кожны візыт польскіх дэлегацый у Беларусь дае плён. Як прыклад ён прывёў сустрэчу ў Міністэрстве адукацыі, дзе дэпутаты пабачылі адкрытасьць да дыскусіі на тэму польскіх дзяцей, якія ходзяць у беларускія школы: для палякаў важна, каб дзеці мелі адчуваньне ўласнай айчыны, але і былі добрымі грамадзянамі Беларусі. Таксама прыкладам плёну ў дыялёгу ён лічыць рост экспарту ў Беларусь польскіх прадуктаў харчаваньня, які летась дасягнуў 350 млн эўра (і гэта ня максымум). Цяпер Польшча чакае, у прыватнасьці, зьняцьця бар’ераў на экспарт польскай ялавічыны.

Па словах дэпутата Адама Андрушкевіча, у час візыту абмяркоўвалася і сытуацыя з тэлеканалам «Белсат»: з польскага боку нічога не зьмянілася, тэлеканал існуе і карыстаецца вялікай падтрымкай польскага ўраду.

Што да заяваў беларускай дзяржаўнай тэлевізіі пра падрыхтоўку ў Польшчы баевікоў-сьмяротнікаў для «фашысцкіх пераваротаў» у Беларусі, Андрушкевіч заявіў, што на перамовах зь беларускімі дэпутатамі гаворкі пра гэта не было: ён пра гэта даведаўся ад журналістаў. Польшча, заявіў ён, такой дзейнасьці не вядзе і не зацікаўленая ў ёй. МЗС Польшчы будзе аналізаваць гэтыя заявы.

Дэпутат Аркадыюш Мулярчык з усьмешкай назваў такія заявы «палітычнай фантастыкай»:

«Гэта з катэгорыі фантастыкі, political fiction. Польскаму грамадзтву патрэбныя добрыя ўзаемныя адносіны, гаспадарчы абмен, супраца... Мы не вядзем ніякіх непрыязных дзеяньняў адносна Беларусі».

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG