Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская апазыцыя распавяла польскім дэпутатам пра «справу Белага легіёну»


Дэлегацыя з дэпутатаў польскага Сэйму сустрэлася зранку 13 красавіка з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі: Станіславам Шушкевічам, лідэрам БНФ Аляксеем Янукевічам, лідэрам «Гавары праўду» Андрэем Дзьмітрыевым, намесьнікам старшыні АГП Мікалаем Казловым, намесьніцай старшыні руху «За свабоду» Галінай Скараход, адказным сакратаром БХД Дзянісам Садоўскім.

Раней польская дэлегацыя сустрэлася з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і беларускімі палякамі, сёньня маюць ускласьці вянкі да магілаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах.

Аляксей Янукевіч распавёў Свабодзе пра сустрэчу:

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

«Падчас размовы польская дэлегацыя падкрэсьліла, што гэтая сустрэча для іх важная. У першую чаргу яны лічаць для сябе патрэбным пачуць меркаваньні беларускіх дэмакратычных партыяў і арганізацыяў пра тыя падзеі, якія адбываліся ў краіне апошнія паўтара месяца, нашы прагнозы пра тое, як сытуацыя будзе разьвівацца далей, нашы ацэнкі палітыкі Польшчы ў дачыненьні Беларусі, што праводзіцца цяпер.

У нечым думкі прадстаўнікоў беларускіх арганізацыяў адрозьніваліся, у нечым былі падобныя. Але першы і самы важны момант, зь якім пагадзіліся ўсе беларускія прадстаўнікі, — гэта неабходнасьць як мага хутчэйшага спыненьня крымінальнай «справы патрыётаў» і вызваленьня ўсіх арыштаваных. Гэта самы першы пункт парадку дня для нас, і мы заклікаем, каб гэта быў першы пункт міжнароднай супольнасьці ў кантактах зь беларускімі ўладамі.

Я, у прыватнасьці, падкрэсьліў, што неабходна, каб разьвіваўся палітычны дыялёг і эканамічная супраца між Польшчай і Беларусьсю, бо толькі калі Польшча будзе актыўна прысутная ў Беларусі, польскія палітыкі будуць мець рычагі для таго, каб уплываць на сытуацыю ў Беларусі, у тым ліку на сытуацыю з правамі чалавека.

Але паралельна з разьвіцьцём кантактаў на ўрадавым узроўні надзвычай важна, каб кантакты з грамадзянскай супольнасьцью не скарачаліся, а разьвіваліся яшчэ болей. Вельмі важна, каб падтрымка незалежных мэдыя і грамадзкіх арганізацыяў не зьмяншалася, а павялічвалася.

Тыя людзі, якія расчароўваюцца ўсё больш і больш у эканамічнай і сацыяльнай палітыцы беларускіх уладаў, або пяройдуць на бок тых, хто прапагандуе рынкавыя рэформы і адкрытасьць да вольнага сьвету і краінаў Захаду, або іх перацягнуць на свой бок прыхільнікі «русского мира». Тады сацыяльныя пратэсты ў Беларусі могуць мець прарасейскую афарбоўку, што не адпавядала бы ні беларускім інтарэсам, ні інтарэсам заходніх суседзяў.

На гэта польскія дэпутаты адказалі, што пачулі нашу думку, што давядуць яе да калегаў у польскім Сэйме, у польскім Міністэрстве замежных спраў ды іншых зацікаўленых бакоў у Польшчы. І яны выказалі зацікаўленасьць падтрымліваць наўпроставыя двухбаковыя кантакты».

Андрэй Дзьмітрыеў пацьвярджае згоду апазыцыі ў пытаньні «справы Белага легіёну» і пагаджаецца з тым, што дыялёг Польшчы зь беларускімі ўладамі лепшы за ізаляцыю:

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

«Абмяркоўвалася сытуацыя, што адбываецца сёньня ў Беларусі; што павінна і што можа рабіць Польшча, каб дапамагаць Беларусі ісьці наперад і разьвівацца; як Польшчы варта рэагаваць на тое, што склалася.

Ёсьць разуменьне, што Эўрапейскі зьвяз і Польшча ня мусяць ігнараваць тыя парушэньні правоў, што адбываюцца сёньня ў Беларусі, але пытаньне ў тым, як на гэта рэагаваць. Мы ў „Гавары праўду“ ўпэўненыя, што, пакуль ёсьць дыялёг, магчымасьцяў уплываць на Беларусь значна больш, чым пры ізаляцыі. Ізаляцыя будзе вельмі кепскай, яна будзе правакаваць улады Беларусі на яшчэ большую жорсткасьць у дачыненьні да грамадзтва. Таксама мы казалі пра тое, што вельмі важна, каб унутры самой Беларусі быў палітычны дыялёг, бо безь яго немагчымая палітычная стабільнасьць і перамены.

Таксама казалі пра разьвіцьцё рэгіёнаў; пра тое, што бачылі, калі ў апошні месяц людзі выходзілі на плошчы ад таго, што жыць, як яны жывуць, немагчыма, што няма пэрспэктываў. Зьмяніць гэта можна толькі сыстэмнымі рэформамі, ніякі новы крэдыт ад Расеі гэтага ня зьменіць. А для гэтага трэба і разьвіцьцё малога бізнэсу, і разьвіцьцё мясцовага самакіраваньня... Ва ўсім гэтым партнэрам Беларусі можа быць Польшча.

Асобна казалі сёньня пра крымінальную „справу супраць патрыётаў“: усе ў апазыцыі былі згодныя, што гэтая справа ёсьць палітычнай. Усё, што было сказана і паказана па дзяржаўных мэдыя, паказвае, што ніхто тут не рыхтаваў нейкага „ўзброенага паўстаньня“, а што гэта палітычная справа. Важна, каб гэтыя людзі былі вызваленыя, каб справа не ішла далей, не ўплывала на імідж Беларусі, не ўплывала на тыя добрыя працэсы, што ідуць сёньня ў межах беларуска-польскага дыялёгу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG