Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мяняюць абвінавачаньне, каб уратаваць фальшыўку», — Статкевіч пра новую справу супраць «Белага легіёну»


Мікола Статкевіч

Былы кандыдат на прэзыдэнта і палітвязень Мікалай Статкевіч мяркуе, што сьледчыя КДБ ціснуць на фігурантаў справу «Белага легіёну», каб прызналіся ў стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня, бо справа аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў рассыпалася.

Гэта Статкевіч заявіў у інтэрвію Свабодзе.

— Зьявіліся зьвесткі ў афіцыйнай газэце «Советская Белоруссия», што фігурантам справы аб масавых беспарадках нібыта выставілі абвінавачаньне паводле 287 артыкулу — стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня. Пры тым, што раней ад адвакатаў затрыманых было вядома толькі пра артыкул 293,частку 2 — навучаньне і падрыхтоўка да масавых беспарадкаў. Яшчэ ўчора адвакаты нічога ня ведалі пра новае абвінавачаньне. На вашу думку, гэта магчыма, каб за ноч і раніцу гэтак усё зьмянілася і зьявіўся новы артыкул?

— Думаю, гэта яны могуць зрабіць. Бо ўлады шукаюць нейкую магчымасьць, каб гэтую фальшывую справу працягваць. Яны арыштоўвалі людзей пад падзеі 25 Сакавіка, адпаведны падбіралі артыкул — пра масавыя беспарадкі. Спрабавалі сумясьціць несумяшчальнае: гэты патрыятычны клюб «Патрыёт», 25 Сакавіка і той лягер абаронцаў Курапатаў у Зялёным Лузе. Зрабілі такі шырокі замах, але зьвязаць гэтыя рэчы не ўдалося. Вось мяне, прыкладам, нешта як засьцерагала ад зьяўленьня ў тым лягеры, не паехаў я на Мірашнічэнкі.

— Вы маеце на ўвазе лягер абаронцаў Курапатаў?

— Так. У мяне было такое прадчуваньне, ды і часу не хапала, не даехаў туды.

— На вашу думку, Зьмітра Дашкевіча і Сяргея Пальчэўскага з «Маладога Фронту», якія баранілі Курапаты, паспрабавалі прычапіць да справы «Белага легіёну», каб атрымалася сувязь з масавымі беспарадкамі?

— Так, яны хацелі гэтыя рэчы сумясьціць у адну справу, завязаную на 25 сакавіка, але гэта несумяшчальныя рэчы. Я аднаго актывіста з былога «Белага легіёну» бачыў некалькі гадоў таму, а зь іншымі увогуле не знаёмы. Таму сьледчыя аказаліся ў тупіку і вырашылі не выпускаць людзей, не расьпісвацца ва ўласнай бездапаможнасьці. Сяргею Кунцэвічу, прадстаўніку Беларускага нацыянальнага кангрэсу па Менску, які дапамагаў мне, яму проста банальна падкінулі «кактэйлі Молатава» — з гэтага відэа, паказанага на БТ. Але ёсьць іншае відэа (невядомы чалавек зьняў, дзякуй яму, і выклаў у сеціве), якое паказвае, як гэтыя «кактэйлі Молатава» дастаюць з мікрааўтобуса спэцслужбаў. І цяпер два гэтыя відэа мы рассылаем па ўсім сьвеце, каб усім было відаць, што гэта грубая і яўная правакацыя. А паколькі ў іх не атрымліваецца артыкул пра масавыя беспарадкі, то пачалі шукаць выйсьце. А пад які артыкул лепш за ўсё падыходзіць гэтая «зарніца»? Пад незаконнае ўзброенае фармаваньне.

— На вашу думку, тут доказаў можна назьбіраць больш?

— Мяркую, на затрыманых цяпер аказваецца вельмі моцны ціск, прычым праз розныя мэтады. Мяне вельмі хвалююць гэтыя лісты зь вязьніц, якія зьяўляюцца і мы пра іх даведваемся. Кранальныя, вельмі лірычныя запіскі. Але маладыя людзі могуць ня ведаць усяго. У сьледчых задача не знайсьці праўду, а павесіць на вас справу. Я разумею, што вельмі хочацца зь вязьніцы сказаць роднаму чалавеку пра свае пачуцьці, але ўсё гэта яшчэ адзін рычаг для ціску на вас. Там могуць пагражаць нават жыцьцём блізкіх вам людзей, мне пра гэта вядома. І думаю, цяпер ідзе вельмі моцны ціск на гэтых людзей, і магу прадказаць, што на некаторых зь іх, якія пісалі такія лісты, якраз у гэтым кірунку і ўзьдзейнічаюць.

— Як вы думаеце, да суду гэтая справа дойдзе?

— Калі яны памянялі артыкул і некага прымусяць прызнаць віну, дойдзе.

— У гэтым артыкуле ёсьць норма, паводле якой, калі чалавек дабраахвотна спыніць удзел у незаконным узброеным фармаваньні і здасьць зброю, дык пазбаўляецца адказнасьці. «СБ» пра гэта якраз згадвае. Чаму, на вашу думку?

— Напэўна, гэтую газэту ўжо на допыце паказваюць камусьці і кажуць: глядзі, гэта ж піша галоўная газэта Адміністрацыі прэзыдэнта, гэта ж гарантыя, што прызнаесься — і вызваляць. Давай, напішы яўку з павіннай, і ў цябе ўсё будзе добра. А ў цябе жонка ці дзяўчына маладая, ты ж ведаеш, што можа быць. І расьпішуць варыянты, зь якіх яшчэ ня самы горшы, што яна цябе не дачакаецца з турмы. А могуць пагражаць і забойствамі, і згвалтаваньнем. Чым заўгодна. Таму пажадаў бы гэтым людзям моцы, а надалей такая парада: калі вы пад ціскам, дык трэба хаваць свае слабыя месцы. Кажыце пра каханьне, пакуль вы свабодны чалавек і можаце пра гэта заяўляць уголас.

— Яшчэ ў гэтым артыкуле згадваецца пра БЗВ — Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў, якое вы стваралі ў 90-х, і што, маўляў, гэта тады развальвала беларускае войска. Як вы гэта пракамэнтуеце?

— Ведаеце, цяпер шмат што нацэленае на тое, каб пэрсанальна мяне дыскрэдытаваць. Тут мабілізавана ўсё, усіх сюды заганяюць, таму ня дзіўна, што і гэтая газэтка мяне ўшчыкнула. Ведаеце, Беларускаму згуртаваньню вайскоўцаў належыць гонар утварэньня беларускага войска — насуперак пазыцыі кіраўніка цяперашняга рэжыму, які тады ўпіраўся, як мог. А цяпер ён абвінавачвае БЗВ праз сваіх падначаленых у спробе развалу беларускага войска. Хоць мы яго ўтварылі. Паводле майго пляну, дзякуючы нашым намаганьням войска незалежнай Беларусі і было ўтворанае. Прычым ня зь першага разу, давялося праломліваць. Таму сьмешнае гэта абвінавачаньне.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG