Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Палітызаваныя справы настолькі пакрытыя цемрай тайны, што аж занадта», — былая адвакатка Тамара Сідарэнка


Будынак КДБ у Менску

Адвакаты затрыманых па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў адмаўляюцца дзяліцца інфармацыяй, спасылаючыся на падпіску пра неразгалошваньне.

Так, адвакатка Сяргея Кунцэвіча сказала карэспандэнту Свабоды:

«Я наогул вам нічога не магу сказаць. У мяне падпіска аб неразгалошваньні».

Вядома, што 16 затрыманым ужо выстаўлена абвінавачаньне. Аднак дагэтуль застаецца невядомым статус іншых затрыманых: Аляксандра Зімніцкага, Андрэя Комлік-Ямаціна, Віктара Мароза, Сяргея Кунцэвіча, Мікалая і Яна Міхальковых, Дзьмітрыя Новіка, Сяргея Пальчэўскага, Цімура Пашкевіча, Уладзімера Фёдарава.

Былы адвакат Павал Сапелка лічыць, што адвакаты запужаныя:

«Адвакаты запужаныя, таму тут зусім не даводзіцца нечаму зьдзіўляцца. Відаць, яны зьвязаныя падпіскай аб неразгалошваньні дадзеных папярэдняга расьсьледаваньня, якую пастаянна выкарыстоўвае КДБ і Сьледчы камітэт. Да гэтага можна ставіцца як заўгодна. Але калі адвакат хоча захаваць сваю працу, ён павінен падпарадкоўвацца нават адвольным патрабаваньням гэтых органаў. Бо калі яны падпарадкоўвацца ня будуць, то, уласна кажучы, іх чакае лёс прыблізна як у мяне».

Былая адвакатка Тамара Сідарэнка сказала карэспандэнту Свабоды, што ёсьць такое паняцьце — неразгалошваньне таямніцы сьледзтва.

«Па такога кшталту справах бяруць у адвакатаў і ў іншых людзей падпіскі аб неразгалошваньні таямніцы сьледзтва. Прычым ня ўказваецца, што гэта.

Мы ведаем, што пастанова аб прыцягненьні ў якасьці абвінавачанага, пастанова аб затрыманьні і некаторыя дакумэнты ня могуць быць таямніцай сьледзтва. Таму што іх можна абскардзіць, яны больш публічныя. Але гэта такая тэорыя, якую ня ўсе падзяляюць і якую небясьпечна падзяляць.

Карацей, таямніца сьледзтва зьвязвае адваката па руках і нагах. Ён фактычна нічога ня можа сказаць. Прынамсі баіцца.

Бо што б ён ні сказаў, могуць расцаніць як разгалошваньне таямніцы сьледзтва, дадзеных сьледзтва. А гэта рызыкоўна: па-першае, ёсьць артыкул у Крымінальным кодэксе, а па-другое, проста адвакацкая адказнасьць, калі будзе нейкае прадстаўленьне ў калегію адвакатаў. Неабходна будзе прымаць меры, і гэта можа скончыцца звальненьнем. А калі крымінальная справа, то яўна будзе звальненьне.

Таму адвакаты настолькі напужаныя, што стараюцца па такога кшталту справах як мага меней казаць і нават нічога не казаць. Палітызаваныя справы настолькі пакрытыя цемрай таямніцы, што нават занадта. І адвакаты, магчыма, занадта баяцца».

На сайце КДБ выстаўленьне абвінавачаньняў затрыманым у справе «Белага легіёну» дагэтуль афіцыйна не пацьверджана.

Фігуранты справы «Белага легіёну»

Што такое «Белы легіён»

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG