Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюз беларускіх пісьменьнікаў не запрасілі на сьвята беларускага пісьменства ў Полацак


Барыс Пятровіч, старшыня Саюзу Беларускіх Пісьменьнікаў, архіўнае фота
Барыс Пятровіч, старшыня Саюзу Беларускіх Пісьменьнікаў, архіўнае фота

У Полацку чакаюць дэлегацыі пісьменьнікаў, выдаўцоў, дзеячаў культуры з 12 краінаў. У аргкамітэт сьвята ўвайшлі чыноўнікі і старшыня праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.

Намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Усевалад Сьцебурака сказаў карэспандэнту Свабоды, што афіцыйнага запрашэньня на сьвята іхны альтэрнатыўны саюз не атрымліваў.

«Гэта традыцыйная зьява, калі на істотныя, вялікія мерапрыемствы нас гадамі нікуды не запрашаюць. Пэрсанальна, бывае, далучаюцца людзі — як прыватныя пэрсоны, чалавек можа на свой страх і рызыку некуды паехаць. Але тых жа стэндаў для недзяржаўных выдавецтваў звычайна не прапануецца і афіцыйна дэлегацыя ня езьдзіць.

Усевалад Сьцебурака, архіўнае фота
Усевалад Сьцебурака, архіўнае фота

Мы ставімся да гэтага з разумнай доляй іроніі. Бо быць проста фонам недзе там для дзяржаўных чыноўнікаў і рабіць карцінку лібэралізацыі, калі яе няма, ніхто ня хоча. І гэта абсалютна ня мае сэнсу. А нейкіх сур’ёзных, істотных крокаў насустрач ці тэндэнцый для паляпшэньня дачыненьняў з незалежным Саюзам беларускіх пісьменьнікаў як не было, так і няма.

Таму мы працуем з чытачамі, ладзім імпрэзы, вечарыны, сустрэчы сваім рэсурсамі, сваімі магчымасьцямі. Мы часам не трапляем у залі, куды можна было б. Але мы маем сталы і добры кантакт з чытачамі. І без такога кшталту мерапрыемстваў не сумуем. Бо там часьцей за ўсё ідзе размова “за палітыку”. А мова і літаратура толькі фон, на якім хочуць паказацца чыноўнікі».

Арлоў: «У мяне з гэтымі ўладамі ўзаемныя пачуцьці»

Вядомы беларускі пісьменьнік Уладзімер Арлоў, палачанін паводле нараджэньня, які многа пісаў пра гісторыю Полацку, сказаў карэспандэнту Свабоды, што яго на Дзень беларускага пісьменства ў Полацк не запрасілі.

Уладзімер Арлоў, архіўнае фота
Уладзімер Арлоў, архіўнае фота

«Але нават калі б мяне і запрасілі, я не люблю гэтых афіцыйных урачыстасьцяў. У мяне будзе свае сьвята, я паеду і на самоце прайду па дарагіх мне вуліцах. І, безумоўна, цікавіць помнік тысячагодзьдзю беларускай дзяржаўнасьці. Але для мяне неістотна, запрасілі мяне афіцыйныя ўлады ці не. У мяне з гэтымі ўладамі ўзаемныя пачуцьці. У тым ліку зь цяперашнімі полацкімі.

Я, вядома, рады, што гэтыя ўрачыстасьці адбываюцца ў Полацку. Але я лічу злачынствам тое, што Полацк некалькі гадоў таму быў пазбаўлены свайго ранейшага статусу і стаў шараговым райцэнтрам. Гэта поўнае неразуменьне ўладай значнасьці Полацку як нашай першай сталіцы. Неразуменьне пэрспэктыў Полацку як турыстычнай сталіцы. Я і мае сябры, аднадумцы спрабавалі гэтаму супрацьстаяць, але гэта было марна».

***

Падчас Дня беларускага пісьменства ў Полацку пройдзе прэм'ера фільму «Першадрук» пра Францішка Скарыну, таксама будзе адкрыты памятны знак «Полацак — калыска беларускай дзяржаўнасьці», аўтарам якога зьяўляецца Ўладзімер Піпін. На знаку адлітыя ў бронзе шчыты з партрэтамі Рагвалода, Рагнеды, Усяслава Чарадзея, Эўфрасіньні Полацкай ды іншых гістарычных асобаў.

Дзень беларускага пісьменства зьяўляецца нацыянальным сьвятам, якое адзначаецца з 1994 году. Упершыню сьвята прайшло ў Полацку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG