Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1155 год беларускай дзяржаўнасьці — гадавіна, якую адзначае адзін горад


Полацак. Помнік Усяславу Чарадзею

862 год — першая згадка пра Полацак, найстарэйшы горад Беларусі. Але гісторыкі лічаць, што сёлета 1155-ю гадавіну мае права адзначаць ня толькі Полацак. Гэта мусіць быць нацыянальнае сьвята — гадавіна беларускай дзяржаўнасьці.

Сяргей Тарасаў: Найбольш яскрава пра гэта напісана ў Дэклярацыі аб незалежнасьці 1991 году

Гісторык і археоляг Сяргей Тарасаў пагаджаецца з думкай, што сёлета можна адзначаць гадавіну беларускай дзяржаўнасьці.

«Безумоўна, гэта мусіць быць агульнанацыянальнае сьвята, — сказаў Тарасаў Свабодзе. — Найбольш яскрава пра гэта напісана ў Дэклярацыі аб незалежнасьці 1991 году. Там чорным па белым напісана, што нашая дзяржаўнасьць пачынаецца з Полацкага і Тураўскага княстваў, Вялікага Княства Літоўскага і так далей».

Сяргей Тарасаў
Сяргей Тарасаў

Паводле Тарасава, Полацкае княства мела ўсе прыкметы дзяржаўнасьці: вызначаную тэрыторыю, землі былі зьвязаныя эканамічнымі сувязямі, яны мелі адзіную культуру, тут была ўласная полацкая княская дынастыя — Рагвалодавічы, а потым Усяславічы.

Полацкае княства мела адметную культуру. З аднаго боку, яна была ў агульнаэўрапейскім рэчышчы, блізкая да іншых земляў усходняй Эўропы. У той жа час яна была адрознай ад іх. Надзвычай выразна гэта праявілася ў мураваным дойлідзтве: Сафійскі сабор, храмы Бельчыцкага манастыра, Спасаўскі манастыр.

«Абсалютна слушна мы можам адлічваць дзяржаўнасьць менавіта ад Полацкай зямлі», — кажа Тарасаў.

Ён дадае, што археоляг Георгі Штыхаў быў першым, хто ў савецкі час прапанаваў весьці адлік гісторыі Беларусі ад Полацкага княства.

«Я як ягоны вучань ужо спрабую гэтую ідэю разьвіваць далей», — кажа Тарасаў.

Сафійскі сабор у Полацку
Сафійскі сабор у Полацку

Варта дадаць, што Полацкае княства было не адзінай сярэднявечнай дзяржавай на тэрыторыі Беларусі. Але Тарасаў падкрэсьлівае, што яно было найбольш разьвітым і адзіным, хто супрацьстаяў уладзе Кіева. Найбольш вядомае сярод іншых княстваў — Тураўскае — таксама было залежным ад кіеўскіх князёў.

«Дзяржаўнасьць іншых княстваў была ў зародкавым стане, — кажа Тарасаў. — А Полацкае аформілася як самастойная дзяржава».

Алесь Краўцэвіч: людзі, якія кіруюць краінай, вучыліся ў савецкай школе

Гісторык Алесь Краўцэвіч кажа, што з гледзішча гістарычнай навукі дату першай пісьмовай згадкі пра Полацак — 862 год — цалкам можна лічыць пачаткам беларускай дзяржаўнасьці.

«Дарэчы, добрая ідэя. Гэта ж можна сьвяткаваць на дзяржаўным узроўні. Але людзі, якія кіруюць дзяржавай і прымаюць рашэньні, вучыліся ў савецкай школе, дзе беларуская дзяржаўнасьць не акцэнтавалася. Яна „пачыналася“ з 1917 году».

Алесь Краўцэвіч
Алесь Краўцэвіч

Гісторык кажа: беларуская дзяржаўнасьць — старэйшая за расейскую. Полацкае княства вызвалілася ад палітычнай залежнасьці ад Кіева ў канцы Х стагодзьдзя, а Ўладзіміра-Суздальскае княства — ядро сучаснай Расеі — кіравалася кіеўскімі намесьнікамі да сярэдзіны ХІІ стагодзьдзя.

«Калі лічыць тры ўсходнеславянскія народы раўнапраўнымі, то першая дзяржаўнасьць — гэта ўкраінская, другая — беларуская і трэцяя па ўзросьце — расейская. Гэта калі адкінуць імпэрскі падыход і глядзець з боку, з Эўропы».

У савецкі час расейская дзяржаўнасьць падавалася як пераемніца Кіеўскай. А Полацак у савецкіх падручніках разглядаўся як адно з удзельных княстваў Кіева.

«Мы доўгія гады даводзім, што Полацак — пачатак беларускай дзяржаўнасьці, — кажа Краўцэвіч. — Нам варта было б зрабіць нацыянальнае сьвята беларускай дзяржаўнасьці».

Алесь Смалянчук: паводле тагачасных мерак, Полацкае княства было дэмакратычнай дзяржавай

«Для мяне няма сумневаў, што Полацкае княства — адзін з вытокаў беларускай дзяржаўнасьці, — сказаў Свабодзе гісторык Алесь Смалянчук. — Бо казаць толькі пра адзін выток не выпадае. Трэба казаць пра і Полацкае княства, і пра іншыя дзяржаўныя ўтварэньні Х—ХІІ стагодзьдзяў на беларускіх землях, пра Вялікае Княства Літоўскае і гэтак далей».

Алесь Смалянчук
Алесь Смалянчук

Паводле Смаленчука, у пачатку ХХ стагодзьдзя ў публікацыях «Нашай Нівы» і ў «Кароткай гісторыі Беларусі» Вацлава Ластоўскага Полацкае княства займала важнае месца.

«Для нашаніўцаў, для адраджэньня Беларусі гэта была вельмі важная падзея, — кажа Смалянчук. — Ластоўскі пісаў ня толькі пра пачаткі дзяржаўнасьці, але і пра дэмакратызм гэтага дзяржаўнага ўтварэньня. Паводле тагачасных мерак, гэта была дэмакратычная дзяржава».

Полацкі дэмакратызм — гэта веча. Народны сход фактычна быў народнай уладай. У Полацку была традыцыя выгнаньняў і запросінаў на полацкі стол князёў.

«Такія традыцыі існавалі ў Полацку, — кажа Тарасаў. — Але хачу заўважыць, што ўсе князі так ці іначай належалі да дынастыяў Рагвалодавічаў і Ўсяславічаў».

Помнік князу Ўсяслау Чарадзею ў Полацку
Помнік князу Ўсяслау Чарадзею ў Полацку

Сапраўды, як пра калыску беларускай дзяржаўнасьці сёлета пра Полацак загаварылі Аляксандар Лукашэнка і міністарка інфармацыі Лілія Ананіч. Напярэдадні афіцыйнага сьвята Дня незалежнасьці Лукашэнка згадаў Полацкае княства як «нашую гістарычную калыску». Менавіта такую фармулёўку цяпер ужываюць чыноўнікі. Але Свабода не знайшла хоць бы якіх імпрэзаў ці канфэрэнцыяў, прымеркаваных да гадавіны дзяржаўнасьці.

Адзінае месца, дзе на дзяржаўным узроўні адзначаецца 1155-годзьдзе беларускай дзяржаўнасьці, — гэта Полацак. Сёлета ў горадзе зьявіцца памятны знак «Полацак — калыска беларускай дзяржаўнасьці». Як паведамілі Свабодзе ў Полацкім райвыканкаме, конкурс на найлепшы эскіз помніка ўжо прайшоў, і цяпер помнік вырабляюць. Памятны знак паставяць каля Сафійскага сабору і ўрачыста адкрыюць 2 верасьня.

Помнік Эўфрасіньні Полацкай каля райвыканкаму ў Полацку
Помнік Эўфрасіньні Полацкай каля райвыканкаму ў Полацку

Помнік «калысцы беларускай дзяржаўнасьці» адкрываюць у межах Дня беларускага пісьменства, які пройдзе ў Полацку. У аддзеле ідэалёгіі ўдакладнілі, што сёлета тут сьвяткуюць тры падзеі: Дзень беларускага пісьменства, 500-годзьдзе кнігадрукаваньня і 1155-годзьдзе Полацка. Таксама ўлады асобна вылучаюць і гадавіну беларускай дзяржаўнасьці.

«Вядома, — сказала Свабодзе Алена Астапава, начальніца аддзелу ідэалёгіі, культуры і справаў моладзі. — У межах нашага сьвяткаваньня афіцыйнай гадавіны — Дня горада».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG