Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэдафілія ў Беларусі ў эпоху сацсетак. Самыя рэзанансныя справы і парады, як засьцерагчы дзяцей


Ілюстрацыйнае фота

За апошнія 5 гадоў колькасьць выкрытых злачынстваў, зьвязаных з пэдафіліяй, у Беларусі павялічылася ў 15 разоў.

Летась дзеці зазнавалі гвалт 581 раз, што амаль на 85% вышэй за пазалеташні паказчык. 361 факт пэдафіліі адносіцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. У міліцэйскіх зводках фігуруюць сваякі ахвяраў (бацька, айчым, дзядуля), а таксама трэнэры, настаўнікі і нават лекары-пэдыятры. Такую статыстыку прыводзіць МУС.

Пяць найбольш рэзанансных спраў па пэдафіліі апошніх гадоў

1. Анэстэзіёляг-рэаніматоляг Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі паводле ч. 3 арт. 167 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Лекар учыняў гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару ў дачыненьні да малалетніх пацыентаў з анкалягічнымі захворваньнямі.

2. У Крупках лекар, загадчык пэдыятрычнага аддзяленьня раённай бальніцы, асуджаны на 9,5 года. Цягам 6 гадоў доктар учыняў гвалтоўныя дзеяньні ў адносінах да хлопчыкаў з рознымі псыхічнымі захворваньнямі.

3. Былы старшыня міжнароднай дабрачыннай арганізацыі «Ў дапамогу дзецям-сіротам» Вячаслаў Давыдовіч асуджаны паводле артыкулаў 168 (незаконныя дзеяньні сэксуальнага характару зь непаўналетнім) і 233-2 (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць) і пакараны 5 гадамі зьняволеньня.

Вячаслаў Давыдовіч у судзе
Вячаслаў Давыдовіч у судзе

4. У Стоўпцах трэнэр па мастацкай гімнастыцы, які гвалціў дзяўчынак 6–14 гадоў, асуджнаы на 11,5 года. Па апэратыўных зьвестках, у яго быў не адзін дзясятак ахвяраў. Мужчына не пашкадаваў нават сваіх стрыечных сясьцёр. Яму быў пастаўлены дыягназ «пэдафілія».

5. У Віцебску кожныя выходныя цягам двух гадоў дзеці прыяжджалі ў госьці да дзядулі, дзе іх чакалі недзіцячыя забавы. Дарослыя мужчыны ўступалі ў палавую сувязь зь імі, а таксама адзін з адным на вачах у дзяцей, усё гэта здымалася на відэа. Дзядуля зь сябрам атрымалі па 16 гадоў пазбаўленьня волі. Зь дзецьмі потым доўга працавалі псыхолягі.

Папраўкі ў КК пра грумінг і крымінальную адказнасьць за захоўваньне дзіцячай парнаграфіі не ўхвалілі

У Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь ёсьць разьдзел «Злачынствы супраць палавой недатыкальнасьці або палавой свабоды». І артыкулы 166–170 прадугледжваюць пакараньні за сэксуальныя дзеяньні ў адносінах да малалетніх — да 15 гадоў зьняволеньня.

Аднак паводле беларускага заканадаўства крымінальны перасьлед пэдафіла пачынаецца толькі пасьля сэксуальнага гвалту над дзіцем.

Міністэрства ўнутраных спраў і дэпутат Палаты прадстаўнікоў, намесьнік старшыні пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізкультуры, сямейнай і моладзевай палітыцы Вадзім Дзевятоўскі прапанавалі ўнесьці папраўкі ў заканадаўства — увесьці крымінальную адказнасьць за ўсталяваньне псыхалягічнага кантакту з падлеткамі з мэтай сэксуальных адносін (грумінг) і за захоўваньне бяз мэты распаўсюду дзіцячай парнаграфіі. Пакуль прапановы не праходзяць. Некаторыя дзяржаўныя органы папраўкі ў заканадаўства не падтрымалі.

МУС: За апошнія 5 гадоў колькасьць фактаў пэдафіліі ў Беларусі вырасла ў 15 разоў

Апэратыўнікі рапартуюць, што выкарыстоўваюць сучаснае праграмнае забесьпячэньне, якое дазваляе выходзіць на пэдафілаў, што распаўсюджваюць дзіцячае порна ў сеціве. Летась сэрыя такіх крымінальных спраў была заведзеная ва ўсіх абласьцях Беларусі. У Менску адзін мужчына завёў акаўнт у сацыяльных сетках і прадставіўся маленькай дзяўчынкай. Ён знаёміўся зь дзеткамі і ўгаворваў іх займацца сэксуальным самазадавальненьнем. Усё запісваў на камэру і выстаўляў у інтэрнэт. Мужчыну асудзілі за распаўсюд дзіцячай парнаграфіі.

Але віртуальная перапіска зь непаўналетнімі на сэксуальныя тэмы, нават абмен інтымнымі фатаграфіямі падчас онлайн-трансьляцыі застаюцца па-за прававым полем, кажа намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня па наркакантролі і процідзеяньні гандлю людзьмі МУС Дзьмітры Цаюн.

Пэдафілія — гэта хвароба

Паводле Міжнароднай клясыфікацыі хваробаў (МКХ-10) пэдафілія — гэта хвароба, «разлад сэксуальнай схільнасьці» (код F65.4).

Дыягназ «пэдафілія» ў асноўным ставяць злачынцам падчас сьледзтва, праводзячы складаныя псыхоляга-псыхіятрычныя экспэртызы. Але гэты дыягназ не вызваляе ад пакараньня і ня можа служыць «зьмякчальнай акалічнасьцю» пры вынясеньні прысуду.

Нямецкія навукоўцы праводзілі дасьледаваньні мозгу пэдафілаў. Аказалася, што часткі мозгу, якія актывізуюцца ў нармальнага мужчыны, калі ён бачыць аголеную жанчыну, у пэдафіла актывізуюцца, калі ён бачыць дзіця.

З дапамогай магнітна-рэзананснай тамаграфіі (МРТ) навукоўцы высьветлілі, што ў пэдафілаў нашмат менш нэрвовых валокнаў, якія зьвязваюць аддзелы галаўнога мозгу.

Акрамя таго, дасьледаваньне паказала, што інтэлект пэдафілаў нашмат ніжэйшы за сярэднестатыстычныя паказчыкі.

Вылечыць пэдафілію практычна немагчыма. З дапамогай сэансаў псыхатэрапіі можна толькі навучыць чалавека кантраляваць свае сэксуальныя фантазіі і не чыніць гвалту над дзецьмі.

Што трэба ведаць бацькам, каб засьцерагчы дзяцей ад пэдафілаў?

Па-першае, сэксуальнае выхаваньне дзіцяці павінна пачынацца не ў падлеткавым узросьце, а з самага маленства, ледзьве не ад нараджэньня дзіцяці, раіць дзіцячы псыхоляг Сьвятлана Дзядова.

«Дзецям як мага раней трэба тлумачыць, што можна, а што няможна. З самага маленства дзецям трэба тлумачыць, што разьдзявацца можна толькі пры бацьках і пры дактарах у паліклініцы, а пры чужых людзях — ні ў якім разе нельга. Але не перабольшваць, не запалохваць, вельмі спакойна, разважліва гутарыць», — кажа псыхоляг.

Сьвятлана Дзядова раіць прайграць нейкую сытуацыю: «Калі табе прапануюць нешта, як ты паступіш, што будзеш рабіць, адказваць?»

Дзіцячы псыхоляг Сьвятлана Дзядова
Дзіцячы псыхоляг Сьвятлана Дзядова

Трэба тлумачыць, што зь незнаёмымі дарослымі «дзядзямі» наагул нельга ўступаць у размову, ніколі ні ад кога чужога ня браць пачастункаў.

Самае галоўнае, што дзецям любога ўзросту можна казаць: калі да іх зьвяртаюцца чужыя людзі і па незразумелых пытаньнях — не адказваючы, прайсьці міма. Сказаць, што зараз мама падыдзе. Патэлефанаваць маме, запытацца, ці можна, да прыкладу, нейкага коціка паглядзець. Альбо сказаць, што раскажа міліцыянту.

Бацькі павінны выклікаць дзяцей на шчырасьць, гаварыць пра гэта. Але не перабраць меры, каб не запалохаць. Не «дадзяваць», а далікатна, акуратна, даверліва размаўляць. Бо ў падлетка можа спрацаваць пратэст: зраблю наадварот.

«І яшчэ адна парада: дзеці вельмі добра чуюць, калі ня ім кажуць, а пры іх. Бацькі могуць абмяркоўваць далікатную тэму паміж сабой, калі дзіця чуе. А ў нейкі момант запытацца: „А як ты лічыш?“ То бок прыцягнуць увагу іншым чынам. Бо для падлеткаў важна, каб іх лічылі ўжо больш дарослымі».

Што рабіць, калі бацькі адчуваюць, што дзеці баяцца пра нешта распавесьці?

Дзеці баяцца распавядаць пра нешта, бо для іх сэкс — забароненая тэма, лічыць псыхоляг.

«Сорам — вельмі далікатная рэч, і дзіця можа закрыцца. Трэба мякка патлумачыць, што лепш бацькам расказаць, а не чужым людзям. Ня ціснуць на дзіця, не сварыцца на яго. Бо ў дзіцяці псыхіка па-іншаму ўладкаваная. У малых дзяцей і „болевая сфэра“ па-іншаму разьвітая. Яны ня могуць да канца супрацьстаяць. І нездарма ж адказнасьць за розныя праступкі, учынкі ў розны ўзрост наступае: і ў 14, і ў 16 гадоў. Бо псыхіка ў дзіцяці не такая, як у дарослага чалавека».

Сьвятлана Дзядова таксама раіць, каб у складанай сытуацыі бацькі не саромеліся зьвярнуцца да псыхолягаў, каб зразумець, як лепей паступіць у канкрэтнай сытуацыі.

Паводзіны ў сацыяльных сетках

З разьвіцьцём кампутарных тэхналёгій і глябалізацыяй інтэрнэту часьцяком «паляваньне на дзяцей» сыходзіць у віртуальны сьвет. Пастаянна кантраляваць, што яны робяць у сацыяльных сетках, не атрымаецца, мяркуе псыхоляг Сьвятлана Дзядова. Тым больш — калі падлетак заўважыць, што вы яго кантралюеце, вас чакае пагаршэньне адносін.

«Таму лепш прафіляктыка: расказаць, што так бывае. Прывесьці красамоўны прыклад. Прычым не палохаць, а дапамагчы разабрацца, хто набіваецца ў сябры.

І абавязкова трэба размаўляць пра крымінальную адказнасьць, да прыкладу, за парнаграфічныя здымкі. Патлумачыць, каб яны не перасылалі, калі нешта прыходзіць ім. І ня трэба чакаць, калі яму споўніцца 16 гадоў, гэта трэба распавядаць і ў 12. Нашы дзеці — аксэлераты, яны рана цікавяцца сэксуальнай тэмай і могуць заходзіць на нейкія сайты. Забаронай нельга нічога дамагчыся. А толькі тлумачэньнем менавіта пра адказнасьць», — кажа Сьвятлана Дзядова.

Пэдафілія: добрая страшная статыстыка. Блог Насты Захарэвіч

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG