Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наш «Патрыёт» — гэта наша «разынка», — пэдагог-арганізатар Галіна Сіманава


Спартова-патрыятычны клюб «Патрыёт», Бабруйск. Фота з афіцыйнага сайту Ленінскага раёну Бабруйску

«Божа!.. Вы мяне забілі...» — так адрэагавала кіраўніца бабруйскага клюбу «Спадарожнік» на навіну пра тое, што некалькіх былых выхаванцаў аднаго зь іхных гурткоў, грамадзка-патрыятычнага клюбу «Патрыёт», у тым ліку сына кіраўніка, вінавацяць у арганізацыі «лягера баевікоў».

Клюб «Спадарожнік», частка якога — клюб «Патрыёт»
Клюб «Спадарожнік», частка якога — клюб «Патрыёт»

Клюб «Патрыёт», былых сяброў якога Андрэя Дундукова, Яна Міхалькова сёньня затрымалі спэцслужбы й вінавацяць у арганізацыі «лягера баевікоў», — гэта адно з абʼяднаньняў у складзе клюбу па месцы жыхарства «Спадарожнік» пры бабруйскім Цэнтры творчасьці дзяцей і моладзі. Арганізаваўся «Патрыёт» у 2003 годзе, кіруе ім увесь час былы афіцэр Мікалай Міхалькоў.

— У Ленінскім раёне Бабруйску шэсьць падобных клюбаў, а з грамадзка-патрыятычнай скіраванасьцю — адзін наш «Патрыёт», гэта наша «разынка», — кажа пэдагог-арганізатар «Спадарожніка» Галіна Сіманава. — Хлопцы й дзяўчаты ў ім ня толькі займаюцца трэніроўкай свайго цела, яны вывучаюць гісторыю Беларусі, даглядаюць гістарычныя помнікі і помнікі тым, хто загінуў у войнах.

Чальцоў «Патрыёта» рэгулярна запрашаюць у дзіцячыя садкі Бабруйску правесьці гульню «Зарніца», паўдзельнічаць у гарадзкіх спартовых спаборніцтвах кшталту «Бабруйскай лыжні», дзе яны заўсёды займаюць прызавыя месцы. Удзельнічаюць яны і ў сустрэчах з вэтэранамі.

Летам клюб выяжджае ў перасоўны намётавы лягер «Брыганціна» ў лясы Бабруйскага й Асіповіцкага раёнаў, ладзіць паходы па гістарычных мясьцінах бабруйскага краю.

Пры клюбе дзейнічае й валянтэрскі атрад, які дапамагае пэнсіянэрам і вэтэранам па гаспадарцы. Валянтэры шчыльна супрацоўнічаюць з тэрытарыяльным Цэнтрам сацыяльнага забесьпячэньня насельніцтва, і туды на адрас «Патрыётаў» увесь час ідуць лісты падзякі ад вэтэранаў і пэнсіянэраў.

— Гэтыя старыя, — расказвае Галіна Сіманава, — потым кажуць пра нашых юнакоў: «Цудоўная моладзь! З вас вырастуць яшчэ лепшыя патрыёты, чым былі мы!»

Кажуць пра нашых юнакоў: «Цудоўная моладзь! З вас вырастуць яшчэ лепшыя патрыёты, чым былі мы!»

Адзін з частых гасьцей клюбу й ягоны падапечны, 90-гадовы вэтэран вайны, палкоўнік у адстаўцы Анатоль Кісь таксама сказаў Свабодзе: «Харошыя хлопцы. Я бачу ў іх цудоўных будучых пэдагогаў, генэралаў. І пэдагогі ў іх цудоўныя».

Дарэчы, практычна штогод выхаванцы клюбу «Патрыёт» паступаюць у лепшыя ВНУ краіны, у Вайсковую акадэмію ці Акадэмію МУС.

Заняткі ў клюбе ў асноўным праходзяць па-беларуску. Кіраўнік Мікалай Міхалькоў сам гаворыць па-беларуску і лічыць, што вучыць сваю гісторыю, прышчапляць любоў да радзімы лепш на сваёй мове. А яшчэ на імпрэзах Цэнтру творчасьці дзяцей і моладзі сябры клюбу ладзяць майстар-клясы па беларускіх сярэднявечных танцах.

— Часта чула ад бацькоў, што іх дзеці ў клюбе «Патрыёт» растуць сапраўднымі мужчынамі, — працягвае Галіна Сіманава. — Сюды шукаюць, пытаюцца, як уступіць. Прыходзяць і з праблемных семʼяў — а выходзяць не «адмарозкамі» а нармальнымі сурʼёзнымі людзьмі. Дый многія дзяўчаты імкнуцца ў клюб — і за сабой сачыць, і гісторыю вучыць, і старым дапамагаць. Хадзіць па гістарычных мясьцінах, гартаваць сілу й здароўе, вучыцца ўзаемавыручцы, павазе да старых і гісторыі — гэта якраз тое, што трэба маладому пакаленьню.

Усё гэта спадарыня Сіманава расказала, яшчэ ня ведаючы пра затрыманьні й абвінавачаньні. А даведаўшыся, доўга не магла даць веры.

— Паклаўшы руку на сэрца, заяўляю: у нас ніколі не было ані кроплі крыміналу! І беларуская мова — хіба гэта дрэнна? Гэта ж наша гісторыя, культура. У нас шмат мерапрыемстваў праходзіць па-беларуску.

Мэтадычная інфармацыя ў кабінэце клюбу «Спадарожнік»
Мэтадычная інфармацыя ў кабінэце клюбу «Спадарожнік»

Толькі за апошнія два месяцы ў гарадзкой прэсе выйшла некалькі матэрыялаў, наўпрост ці ўскосна прысьвечаных працы «Патрыёта» — з аднымі станоўчымі водгукамі. Апошні — усяго тыдзень таму. Гэта было інтэрвію зь яшчэ адным вэтэранам, колішнім партызанам Іванам Бычковым. І ён таксама перадае шмат падзяк патрыятычнаму клюбу, кажа, што там правільна любяць Радзіму.

Глядзець камэнтары (3)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG