Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экстрым, гісторыя Беларусі, куратар «зьверху». Што вядома пра клюб «Патрыёт», які палічылі за «лягер баевікоў»


Фотаздымкі з афіцыйнага сайту Ленінскага раёну Бабруйску

Частка людзей з прынамсі адзінаццаці затрыманых 21 і 22 сакавіка, верагодна, маюць дачыненьне да спартова-патрыятычнага клюбу «Патрыёт» у Бабруйску. Некаторыя зь іх працуюць у сілавых органах Рэспублікі Беларусь.

21 сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў», якія «трэніраваліся ў лягерах са зброяй». Адзін зь лягераў нібы быў «у раёне Бабруйску і Асіповічаў», астатнія ва Ўкраіне і ці то ў Літве, ці то ў Польшчы. А днём раней публікаваліся «страшылкі» пра нібыта «прарыў мяжы» і «радыеактыўны самалёт», якія былі часткова абвергнутыя.

Што вядома на гэты момант пра клюб «Патрыёт»?

1. Пачаў існаваць у 2003 годзе. Афіцыйна зарэгістраваны, зьяўляецца структурай аддзелу адукацыі, працуе на базе Цэнтру творчасьці дзяцей і моладзі Бабруйску.

2. Кіраўнік клюбу — былы спэцназавец Мікалай Міхалькоў. Сярод затрыманых — яго сын Ян Міхалькоў.

3. Клюб беларускамоўны, і гэта прынцыпова. Выхаваньне адбываецца па-беларуску, ёсьць заняткі па гісторыі Беларусі — ад сярэднявечча да сучаснасьці.

«Беларуская мова — гэта толькі частка, невялікі кавалачак таго, што я хачу ўкласьці ў іх. Павага да бацькоў, павага да краіны, да сваіх нацыянальных і дзяржаўных сымбаляў — гэта асноўнае, але і гэта яшчэ ня ўсё. На летніку многім дзецям даводзіцца вучыцца самым простым справам. Яны самі сябе даглядаюць, чаго раней ніколі ў жыцьці не рабілі. Некаторыя нават сякеры ня бачылі!», — расказваў у 2012 годзе кіраўнік клюбу выданьню «Коммерческий курьер».

4. Мікалай Міхалькоў паведаміў euroradio.fm, што сілавы блёк кантралюе клюб «Патрыёт», ёсьць куратар «зьверху».

5. У клюбе займаюцца і хлопцы, і дзяўчаты. Сярод іх ёсьць падлеткі з праблемных сямей і тыя, што стаяць на ўліку ў інспэкцыі па справах непаўналетніх.

6. Апроч беларускай мовы і гісторыі, у клюбе вывучаюць вайсковыя статуты і зброю. Усе ўдзельнікі клюбу ўмеюць абыходзіцца са зброяй, могуць сабраць-разабраць аўтамат.

7. У клюбу ёсьць свая структура, кожны ўдзельнік мае сваю ступень. Навічкоў называюць «валянтэрамі». Павысіць званьне можна пасьля здачы фізычных нарматываў і іспыту па гісторыі Беларусі.

8. Штолета «Патрыёт» ладзіць 9-дзённы перасоўны намётавы летнік «Брыгантына», дзе школьнікі вучацца выжываньню ў экстрэмальных умовах: як распальваць вогнішча, гатаваць ежу. Як паведамляе «Наша Ніва», удзельнікі летніка таксама дапамагаюць старым людзям і даглядаюць могілкі часоў Другой усясьветнай вайны.

9. Некаторыя ўдзельнікі клюбу «Патрыёт» маюць шаўроны «Беларусь. Гонар. Годнасьць». Такімі ж самымі карысталіся актывісты «Белага легіёну. Таксама выкарыстоўваюць сымбаль ВКЛ «Калюмны».

10. Шмат хто з былых выхаванцаў клюбу абірае для сябе вайсковую кар’еру, але ня ўсе. Кіраўнік клюбу вучыць хлопцаў не баяцца і не пазьбягаць войска, але некаторым, каго лічыць «невайскоўцамі па духу», раіць зьвярнуцца да іншых прафэсій.

11. Міліцыя здымала трэніроўкі клюбу «Патрыёт» яшчэ летась.

Былы лідэр «Белага легіёну» Сяргей Чыслаў расказаў, што здымалі ўвесь летнік ад пачатку і да канца, удзельнікі летніка ня ведалі, як рэагаваць на гэта.

«Яны здымалі цалкам увесь летнік ад пачатку і да канца яшчэ летась. Яны доўга ня ведалі, што з гэтым рабіць і як да гэтага ставіцца. Бо клюб быў афіцыйна зарэгістраваны, усё нармальна. І тыя афіцэры, якія здымалі, падыходзілі і казалі: «Хлопцы, вы ж добрую справу робіце, мы з вамі павінны быць на адным баку», — расказвае Чыслаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG