Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка пра «Захад-2017»: Расея мусіць вывесьці тэхніку зь Беларусі


Пятро Парашэнка, архіўнае фота

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў пра магчымыя пагрозы для тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны з прычыны правядзеньня маштабных расейска-беларускіх вайсковых вучэньняў «Захад-2017».

«Мы зь вялікай увагай ставімся да правядзеньня гэтых вучэньняў. Бачым магчымасьці пагрозы, у тым ліку для тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны», — сказаў Парашэнка журналістам у часе працоўнай паездкі ў Харкаўскую вобласьць.

У той жа час украінскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што гэтае пытаньне асобным блёкам абмяркоўвалася ў ліпені з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, калі той прыяжджаў у Кіеў.

«Мы атрымалі запэўніваньне, што ні ў якім выпадку з тэрыторыі Беларусі ні цяпер, ні ў будучыні ня будзе пагрозы. Спадзяюся, што гэтае слова будзе выканана. Няма падстаў ставіць гэта пад сумнеў», — сказаў украінскі прэзыдэнт.

Пятро Парашэнка таксама нагадаў, як у 2008 годзе і пазьней Расейская Фэдэрацыя пад выглядам вучэньняў канцэнтравала сваю тэхніку.

«Цяпер мы будзем уважліва маніторыць, каб уся тэхніка, якая была завезена (у Беларусь) для вучэньняў, была выведзена і пагрозы былі зьнятыя», — сказаў прэзыдэнт Украіны.

На тэрыторыі Беларусі 14–20 верасьня пройдуць расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017». У іх плянуецца задзейнічаць каля 13 тысяч вайскоўцаў. Расейскія войскі пачалі прыбываць у Беларусь 15 жніўня. Вучэньні пройдуць на шасьці палігонах у Беларусі: Лепельскім, Барысаўскім, Лосьвідзе, Асіповіцкім, палігонах ВПС і войскаў СПА — Ружанскім і Даманаўскім, а таксама паблізу вёскі Дрэтунь.

Беларусь запрасіла для назіраньня за вучэньнямі на сваёй тэрыторыі па двое назіральнікаў зь сямі краінаў.

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG