Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэта сыгнал, што сыстэмных рэформаў ня будзе, — палітыкі пра прызначэньне Качанавай


Натальля Качанава

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 21 сьнежня зрабіў чарговыя кадравыя прызначэньні. Кіраўніцай прэзыдэнцкай адміністрацыі стала Натальля Качанава, а яе першым намесьнікам Максім Рыжанкоў.

Агучваючы гэтыя рашэньні, Лукашэнка распавёў пра рэформу ў адміністрацыі прэзыдэнта. Ён прапанаваў скараціць адну з пасадаў намесьніка, хутчэй за ўсё намесьніка па ідэалёгіі. (Цяпер гэтую пасаду займае былы бээрэсэмаўскі лідэр Ігар Бузоўскі).

Паводле Лукашэнкі, ідэалягічны кірунак трэба замацаваць за першым намесьнікам. Аднак упраўленьне ідэалёгіі захаваецца, бо «ў сфэры яго адказнасьці ляжыць вялікі спэктар працы». Частка адпаведных функцыяў пяройдзе да прэс-сакратара кіраўніка дзяржавы Натальлі Эйсмант.

«Яна чалавек ужо дасведчаны, але крыху недазагружаны і ўладнымі, і арганізацыйнымі паўнамоцтвамі. Таму яе важна ўцягнуць у гэты вір», — адзначыў Лукашэнка.

Прызначэньне міністрам адукацыі камуніста Ігара Карпенкі выклікала хвалю нэгатыўнай рэакцыі ў сацыяльных сетках. Параўнальна з гэтым прызначэньне Натальлі Качанавай кіраўніцаю прэзыдэнцкай адміністрацыі стала практычна незаўважаным. З чым гэта зьвязана, ці можна лічыць Натальлю Качанаву асобай, якая задаволіць усіх?

На гэтае пытаньне старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адказаў так:

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

«Нельга сказаць, што Качанава — тая асоба, якая задаволіць усіх. Адрозьненьне ад прызначэньня Карпенкі ёсьць у тым, што сапраўды ў яе адсутнічае нейкае ўласнае бачаньне і ўласная лінія, якую б яна магла прасоўваць на гэтай пасадзе. А Карпенка якраз мае такі асабісты ідэйны інтарэс — прасоўваць камуністычную ідэалёгію. Я думаю, з гэтым зьвязана тое, што супраць ягонага прызначэньня была такая бурная рэакцыя ў адрозьненьне ад прызначэньня Качанавай. Аднак у іх ёсьць і агульнае. Гэтыя прызначэньні пакліканыя аддаліць унутры сыстэмы тых, хто гатовы прасоўваць альбо падтрымліваць ідэі сыстэмных рэформаў. І Качанава, і Карпенка на сваіх папярэдніх пасадах дэманстравалі стоадсоткавую ляяльнасьць самым авантурным ідэям, якія зыходзілі ад уладаў. Гэтыя прызначэньні скіраваныя на тое, каб аслабіць ціск знутры самой сыстэмы, які быў скіраваны на неабходнасьць сыстэмных рэформаў. Я не перабольшваў бы моц гэтага ціску. Але дзеля таго каб перастрахавацца, даслаць ясны сыгнал, што ніякіх рэформаў ня будзе, дзеля захаваньня і ўмацаваньня старой сыстэмы якраз гэтыя прызначэньні і пакліканыя».

Чаму менавіта Натальля Качанава прызначаная кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта? Якія гэта можа мець наступствы? Лідэр кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў лічыць, што ідзе сурʼёзная «прапрацоўка» рэфэрэндуму.

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

«Тыя зьмены, якія былі праведзены, не далі выніку, які чакаў Лукашэнка. А далей ён ісьці не гатовы. Бо гэта найперш трэба рэфармаваць сыстэму кіраваньня дзяржпрадпрыемствамі, трэба даваць больш свабоды для рэгіёнаў і прыватнай ініцыятывы. І на гэта ён не гатовы. Таму ёсьць рашэньне вярнуцца да больш знаёмай сыстэмы адміністрацыйнага кіраваньня. Апошнім часам Лукашэнка паўтарае тое, што трэба вяртаць заробак у 500 даляраў. А гэта азначае, што ідзе сурʼёзная прапрацоўка тэмы рэфэрэндуму, які быў анансаваны ЛДПБ. Бо дзеля чаго так завышаць заробкі? Толькі дзеля таго, каб падрыхтаваць ляяльнасьць грамадзтва да палітычных пытаньняў. І людзі, якія цяпер прызначаны, могуць лепш выканаць гэтую місію. Але падвышэньне заробку азначае, што ёсьць рашэньне зноў друкаваць грошы. Нас чакае новая фінансавая нестабільнасьць. Калі па такім сцэнары пойдуць, то наступствы могуць быць вельмі кепскімі для краіны».

5 сьнежня Аляксандар Косінец і Канстанцін Мартынецкі былі вызваленыя ад пасадаў кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта і першага намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта «ў сувязі зь пераходам на іншую працу».

Глядзець камэнтары (3)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG