Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мухамад Алі. Няправільны чэмпіён


Мухамад Алі
Мухамад Алі

Памёр Мухамад Алі, легенда ўсясьветнага боксу і свабоды слова.

У сэкцыі боксу ў Берасьці, куды я пачаў хадзіць пяцьдзясят гадоў таму, імя танцуючага ўрагану на рынгу было больш вядомае за імёны ўсіх кіраўнікоў БССР і СССР разам узятых — што і ня дзіва, якая падлеткам справа да палітыкі і пасадаў, калі нават на спарынгах мы называлі сябе хто Касіюс Клэй, хто Алі ў салодкіх чэмпіёнскіх марах. Але з Алі заўсёды было нешта большае за алімпійскія і ўсясьветныя перамогі: нават мы ведалі, што ён памяняў імя і веру, каб змагацца за правы чорных, што выкінуў у рэчку залаты алімпійскі мэдаль, калі яго не пусьцілі ў рэстаран да белых, што яго пазбавілі тытулаў пасьля адмовы ваяваць у Віетнаме і выключылі з нацыянальнай зборнай.

Выходзіла, што насамрэч мы ведалі пра палітыку нашмат больш, чым думалі — такая сіла спорту і мастацтва, што нават пацаны, якія не цікавяцца нічым, апроч таго, чым цікавяцца пацаны, разумеюць, што нешта ня так, калі людзі ўлады спрабуюць забараніць людзей слова, музыкі ці веры.

На гэтым тыдні я быў Нью-Ёрку ў гасьцях у выдаўца кнігі Мухамада Алі, былога прэзыдэнта выдавецтва Random House Боба Бэрнштэйна (толькі што выдавецтва выпусьціла кнігу Сьвятланы Алексіевіч «Час сэканд-хэнд»). Бэрнштэйн быў ня толькі адным з самых пасьпяховых выдаўцоў Амэрыкі (за яго чвэрць стагодзьдзя на пасадзе абарот выдавецтва вырас з 40 да 800 мільёнаў даляраў), але і заснавальнікам Хэльсынскай праваабарончай арганізацыі, сябрам савецкіх дысыдэнтаў, Елена Бонэр запрасіла яго на ўручэньне Нобэлеўскай прэміі, якую атрымлівала ад імя мужа, акадэміка Андрэя Сахарава, бо той быў «невыязны».

Калі ў 1970 годзе Бэрнштэйн вырашыў выдаць аўтабіяграфію апальнага чэмпіёна, на прэс-канфэрэнцыю прыйшлі больш за сотню журналістаў — Бэрнштэйн казаў, што такую колькасьць тэле- і фотакамэраў і мікрафонаў у выдавецтве бачылі ўпершыню. Справа была ў тым, што ішла вайна ў Віетнаме, і калі Алі адмовіўся ад прызыву ў войска (была вядомая яго фраза «мне няма чаго дзяліць зь Віетконгам»), яго прысудзілі да пяці гадоў зьняволеньня. Палітпрызыўнік, кажучы мовай сучаснай Беларусі, быў на волі, бо справу яшчэ разглядаў апэляцыйны суд.

За сталом сядзелі выдавец і былы чэмпіён — Алі не выступаў на рынгу на той момант ужо тры гады, з грашыма было дрэнна, ён нават спрабаваў адкрыць сетку хуткага харчаваньня, каб пратрымацца на час судоў.

Бэрнштэйн публічна ўручыў яму частку авансу за будучы твор — чэк на 60 тысяч даляраў.

— Пісаць гэта ўсё роўна як біцца, — заявіў Алі. — Не магу дачакацца, каб пачаць пісаць. Я ўпэўнены, што гэта кніга пераўзыдзе ўсе астатнія, якія былі напісаныя!

Так ня могуць сабе дазволіць гаварыць нават Нобэлеўскія ляўрэаты, але аўтар быў незвычайны — адказваў на пытаньні рэпарцёраў, дражніў, рабіў заявы, а Бэрнштэйн сядзеў побач і моўчкі смактаў люльку. Пакуль не атрымаў свой удар.

— Спадар Бэрнштэйн, як вы сябе адчуваеце, даючы такі вялікі аванс чалавеку, які адмаўляецца ваяваць за сваю краіну?

— Я на хвіліну задумаўся, — успамінаў Бэрнштэйн, і тут, паважаныя чытачы, я перарву яго ўспамін, як гонг у канцы раўнду перапыняе бой (але не сканчае яго), дзеля іншага ўспаміну.

Першы раз я пачуў гэты выраз — «я на хвіліну задумаўся» — ад Бэрнштэйна, калі ён расказваў пра свой прыезд у Менск у той самы год, калі рыхтавалася кніга Мухамада Алі. Дэлегацыю амэрыканскіх выдаўцоў прывезьлі ў сталіцу Беларусі, каб паказаць паліграфічную вытворчасьць. На фабрыцы каляровага друку гасьцей чакалі і кожнаму адразу налілі па поўнай шклянцы гарэлкі. Бэрнштэйн піць не хацеў — гэта было перад абедам, якая праца пасьля такога ўдару па мазгах, і выліў гарэлку ў нейкі фікус. Да яго падскочыў дырэктар фабрыкі і гнеўна заявіў, што госьць абразіў яго, абразіў Савецкі Саюз, традыцыі гасьціннасьці, і запатрабаваў, каб той выбачыўся і выпіў.

— Я на хвіліну задумаўся, — расказваў мне 93-гадовы Бэрнштэйн. — Але паколькі адказваў празь перакладчыка, дык адказваў вельмі спакойна. Я сказаў — гэта вы абразілі мяне. Я зрабіў падарожжа за восем тысяч міль, каб палепшыць адносіны паміж савецкімі і амэрыканскімі выдаўцамі. У нас напружаная праграма, па абедзе шмат сустрэчаў. І вы даяце мне шклянку гарэлкі, ведаючы, што пасьля гэтага працаваць будзе вельмі цяжка. Паколькі вы абразілі мяне, прымушаючы піць вашу гарэлку, я не хачу з вамі абедаць. Перадайце астатнім, што я пайшоў у аўтобус і там буду чакаць.

Дырэктара як падмянілі — ён пачаў выбачацца і прасіў госьця на прамілы Бог застацца і не сыходзіць.

— Я зразумеў, што на савецкі ціск лепш за ўсё адказваць таксама цьвёрда, — узгадваў Бэрнштэйн.

Гэтая сутычка, якую, кажучы мовай боксу, Бэрнштэйн выйграў тэхнічным накаўтам, адбылася ў Менску ў кастрычніку 1970-га.

А бой за кнігу Алі праходзіў у Нью-Ёрку ў студзені — і трэба было адказваць на абвінавачаньне ў абразе амэрыканскага патрыятызму.

— Я на хвіліну задумаўся, — успамінаў Бэрнштэйн. — І сказаў так: спадзяюся, што мы не жывём у краіне, якая забараняе людзям казаць, што яны думаюць. Калі выдаўцы перастануць выпускаць контравэрсійныя кнігі, гэта будзе чорны дзень для дэмакратыі. Апроч таго, справа ў апэляцыйным судзе, і мне здаецца, што любы чалавек невінаваты, пакуль не даказана адваротнае.

Гонг у гэтым раўндзе прагучаў ня так хутка, як у Менску, але гэтаксама адзначаючы чыстую перамогу — у наступным годзе Вярхоўны суд апраўдаў Алі.

Сёньня, пасьля апошняга ўдару гонгу Мухамад Алі стаў гісторыяй. Калі задумацца, няправільны чэмпіён, як і няправільныя пісьменьнікі і музыканты, няправільныя ляўрэаты і выдаўцы, няправільныя патрыёты, — ганаровыя званьні. Бо гісторыя насамрэч не пачынаецца пасьля апошняга гонгу — яна проста становіцца відавочнай. Калі трымаць удар, канечне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG