Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Для мяне дзіўна, што далі трое сутак». Сяргея Пальчэўскага адвезьлі з Акрэсьціна ў пастарунак і вызвалілі


Сяргей Пальчэўскі, архіўнае фота

Маладафронтаўца, абаронцу Курапатаў Сяргея Пальчэўскага 10 сакавіка вызвалілі з турмы на Акрэсьціна, дзе ён адбываў трое сутак адміністрацыйнага арышту.

«Каля 15 гадзіны мяне вывезьлі з ізалятара на Акрэсьціна і прывезьлі ў Першамайскі РАУС, і потым выпусьцілі. Я пайшоў дахаты пехатой, я тут недалёка жыву», — сказаў Сяргей Пальчэўскі карэспандэнту Свабоды.

Сяргей Пальчэўскі апавёў, як яго затрымалі:

— Зайшоў у падʼезд, і каля дзьвярэй мяне чакалі двое ў цывільным. Яны паказалі свае міліцэйскія пасьведчаньні і сказалі, што трэба зь імі праехаць. Спачатку мяне завезьлі ў Савецкі РАУС, а адтуль у Першамайскі суд. Там мне прысудзілі трое сутак па чатырох артыкулах. Адзін зь іх быў за ўдзел у «Маршы недармаедаў». А тры — за Курапаты. Яшчэ быў артыкул за хуліганства, але па ім мяне апраўдалі. Потым недзе каля дзьвюх гадзін езьдзілі па горадзе, пакуль мяне не завезьлі ў спэцпрыёмнік на Акрэсьціна.

— А ў чым вінавацілі за Курапаты?

— Абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, за тое, што я прыкаваўся да МАЗа, і за ўдзел у мітынгу, які быў у лягеры абаронцаў Курапатаў.

— Суд адбываўся так, што пра яго ніхто ня ведаў? У цябе была магчымасьць патэлефанаваць сваякам, сябрам?

— Такой магчымасьці не далі. Я і пасьля суду казаў — дайце патэлефанаваць маці. Але мне не далі патэлефанаваць ні ў пастарунку, ні ў судзе, ні на Акрэсьціна. Але ўсё адбывалася вельмі хутка. Мне перадалі перадачу, адзін раз вывелі на прагулку. А ўначы каля чацьвёртай гадзіны вызваляўся адзін чалавек, і я сказаў мой хатні нумар, папрасіў, каб патэлефанаваў маме і сказаў, што мне далі трое сутак. Перадаў, у колькі мяне вызваляюць, мяне павінны былі вызваліць у 16:15.

— Чым выклікана такая рэакцыя ўладаў: затрыманьне, хуткі суд, адсутнасьць інфармацыі?

— Відаць, я займеў ужо такую вядомасьць, і яны не хацелі, каб быў вялікі розгалас у СМІ. Таму так хутка дзейнічалі. Таксама для мяне дзіўна, што далі трое сутак. Я разумею, што так дзёрзка дзейнічалі падчас абароны Курапатаў, і ўлады не маглі гэта так проста прапусьціць, трэба было неяк пакараць. Але зь нейкіх прычын ад лібэралізацыі таксама ня могуць адмовіцца. Таму вось толькі трое сутак.

Каля ізалятара на Акрэсьціна сустракаць Сяргея Пальчэўскага сабраліся паплечнікі
Каля ізалятара на Акрэсьціна сустракаць Сяргея Пальчэўскага сабраліся паплечнікі

Аднак Пальчэўскага вывезьлі зь вязьніцы ў пастарунак, і толькі пасьля гэтага адпусьцілі
Аднак Пальчэўскага вывезьлі зь вязьніцы ў пастарунак, і толькі пасьля гэтага адпусьцілі

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG