Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Пальчэўскі, які ў Курапатах прыкаваў сябе да «МАЗа»: «Крыўдна, што кайданкі згубіліся»


Сяргей Пальчэўскі

Сёньня ў вахце ў Курапатах зноў браў удзел актывіст «Маладога Фронту» Сяргей Пальчэўскі, пра якога стала шырока вядома празь ягоны ўчынак 24 лютага.

Тады Сяргей Пальчэўскі прычапіў сябе да аўтамабіля будаўнікоў, які меўся праехаць на будоўлю, што блякуюць абаронцы Курапатаў. У выніку будоўлю спынілі і з таго часу не аднаўлялі, але актывіста празь 2 гадзіны ляжаньня пад аўтамабілем ледзьве не арыштавалі.

Сяргея ўратавала салідарнасьць абаронцаў і рашучасьць блізкіх сяброў, якія літаральна вырвалі яго з рук супрацоўнікаў у цывільным. Два дні пасьля таго Сяргей адпачываў, але па-за домам, а сёньня зноў прыйшоў на вахту да Курапатаў.

Сяргей адказаў на некалькі пытаньня карэспандэнта Свабоды:

— Ці праўда, што ў мінулую пятніцу вы ляглі пад колы і нікога не папярэдзілі?

— Ды не, не зусім так. Я папярэдзіў Уладзю, а ён казаў журналістам, што вунь наш чалавек каля машыны. Але тыя нешта не адразу ўцямілі, што адбываецца.

Спахапіліся толькі недзе праз гадзіну. Тады мне прынесьлі падкласьці нейкую паперу, плёнку. Так, было холадна, але трымаўся.

— Гэта міліцыянты вас адчапілі, абрэзаўшы ланцуг «балгаркай»?

— Зноў усё ня так. Я прычапіўся да бампэра кайданкамі, сапраўднымі, але старымі, відаць, 50-х гадоў, такія цяпер не вырабляюць. У іх адмысловы ключ. А міліцыянты як пачалі пагражаць, што разрэжуць гэтыя кайданкі, дык мне стала іх шкада, сам адчапіў. Але тады пачалі мяне цягнуць у свой аўтамабіль. Спачатку сказалі паказаць рукі, ці не пашкодзіў («давай праверым, агледзім»), я — супраць, дык пачалі цягнуць. Тут за мяне ўхапіліся сябры, нас ўтрох спрабавалі зацягнуць, тады людзі набеглі, і тыя адчапіліся. А так бы забралі дакладна«, — мяркуе Сяргей Пальчэўскі.

Пра свой учынак ён ня кажа, што гэта было ад безвыходнасьці. Лічыць, рашучасьць патрэбна, каб прадэманстраваць, што саступаць абаронцы не зьбіраюцца.

— Гэта ўжо дало плён. Яны задумаліся і раяцца, што рабіць. Але пра перамогу казаць рана, трэба быць гатовымі да ўсяго, — кажа Сяргей.

Пра будаўнікоў Сяргей Пальчэўскі сказаў, што яны адразу, як убачылі яго пад аўтамабілем, усё зразумелі і перашкод не чынілі. «Кіроўца толькі забраў з кабіны дакумэнты і сышоў», — згадаў Сяргей.

Сяргей Пальчэўскі 2 гады таму працаваў майстрам на заводзе лядоўняў «Атлант», звольніўся пасьля некалькіх затрыманьняў і судоў за удзел у пратэставых акцыях. Летась браў удзел у шэрагу гучных акцыяў «Маладога Фронту»: разам са Зьмітром Дашкевічам капаў акопы ў Веткаўскім раёне, сымбалічна рыхтуючыся да агрэсіі з Усходу, таксама ўскладаў кветкі і зьнічкі да будынка КДБ у дзень памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Актывіста цягам году шмат разоў затрымлівала міліцыя і штрафавалі суды.

«Крыўдна, што кайданкі згубіліся пад час гэтай штурханіны», — кажа Пальчэўскі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG