Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакутлівы выбар Ірану: паміж прагрэсам і цемрашальствам


Агітатарка за Хасана Рухані
Агітатарка за Хасана Рухані

19 траўня ў Іране праходзяць прэзыдэнцкія выбары. На вышэйшую пасаду прэтэндуюць чатыры кандыдаты: цяперашні кіраўнік краіны Хасан Рухані, былы міністар прамысловасьці Мустафа Хашэмі Таба, экс-міністар культуры Мустафа Мірсалім і колішні генэральны пракурор Ібрагім Раісі.

Хасан Рухані, Мустафа Хашэмі Таба, Ібрагім Раісі, Мустафа Мірсалім
Хасан Рухані, Мустафа Хашэмі Таба, Ібрагім Раісі, Мустафа Мірсалім

Махмуд Ахмадзінеджад, які ўжо быў на чале Ірану, да ўдзелу ў выбарах не дапушчаны рашэньнем Рады стражаў Канстытуцыі.

Ад «адлігі» да пагрозы закручваньня гаек

Паводле іранскага заканадаўства, для перамогі прэтэндэнту неабходна набраць больш за 50% галасоў. Калі гэта ня ўдасца зрабіць у першым туры, будзе прызначаны другі. Згодна з папярэднімі апытаньнямі, асноўная барацьба разгортваецца паміж памяркоўным прагматыкам Рухані і багасловам-кансэрватарам Раісі. Ад таго, хто зь іх прыйдзе да ўлады, залежыць лёс ня толькі 80 мільёнаў жыхароў Ірану, а і сытуацыя ва ўсім рэгіёне Блізкага Ўсходу.

Хасан Рухані быў абраны прэзыдэнтам Ірану ў 2013 годзе. Адразу ж узяў курс на маштабныя эканамічныя і сацыяльныя пераўтварэньні, найперш — на вывад краіны зь міжнароднай ізаляцыі. У прыватнасьці, афіцыйны Тэгеран пагадзіўся часткова згарнуць ядзерную праграму ў абмен на адмену заходніх санкцый. У перадвыбарнай праграме Рухані падкрэсьліваў: галасуючы за яго, іранцы найперш галасуюць за свабоду думкі, правасудзьдзе, дыялёг, забесьпячэньне асноўных правоў і сацыяльную справядлівасьць. Рухані — высокаадукаваны чалавек, абараніў доктарскую дысэртацыю ва ўнівэрсытэце Глазга, валодае арабскай, ангельскай, францускай, нямецкай і расейскай мовамі.

Хасан Рухані
Хасан Рухані

Зусім іншыя каштоўнасьці прапаведуе Ібрагім Раісі. Як падае ВВС, ён староньнік жорсткіх захадаў, кансэрватыўны «сеід» — той, хто, паводле шыіцкіх тлумачэньняў, вядзе радаслоўную ад прарока Мухамада. Падчас працы ў Тэгеранскай пракуратуры браў удзел у так званай «камісіі сьмерці», якая асудзіла да вышэйшай меры блізу 5 тысяч палітзьняволеных. Яго падтрымлівае духоўны лідэр аятала Алі Хамэнэі. Раісі лічыць, што да ўжо заблякаваных рэсурсаў Facebook, Twitter, Youtube трэба дадаць мэсэнджэры Telegram і Instagram. Гэтаксама мае намер разабрацца з усё больш вольным дрэс-кодам, які пачалі сабе дазваляць іранскія жанчыны.

Ібрагім Раісі на перадвыбарчым мітынгу ў Мэшхэдзе 17 траўня
Ібрагім Раісі на перадвыбарчым мітынгу ў Мэшхэдзе 17 траўня

Як выглядае Ісламская Рэспубліка Іран напярэдадні выбараў — вачыма карэспандэнта Радыё Свабода.

Ад вэстэрнізацыі да сярэднявечча

1 красавіка 1979 году Іран быў абвешчаны Ісламскай рэспублікай. Рэформы, якія шаг Махамэд Рэза Пэглеві жорсткай рукой прышчапляў на заходні ўзор, былі прызнаныя неадпаведнымі тутэйшаму мэнталітэту; вайсковыя і цывільныя кантракты з заходнімі інвэстарамі скасаваныя; амэрыканскія базы, банкі і кампаніі зачыненыя. Зь іншага боку, легалізаваныя ісламскія рэвалюцыйныя камітэты і трыбуналы, органы самакіраваньня на прадпрыемствах перададзеныя пад апеку мулаў, а на вуліцы выйшла паліцыя нораваў — корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі.

У лістападзе таго ж году студэнты захапілі амбасаду ЗША ў Тэгеране, патрабуючы выдаць Пэглеві. Больш за паўсотні супрацоўнікаў дыпмісіі заставаліся ў закладніках да пачатку 1981-га, шэсьць чалавек учынілі адчайныя ўцёкі, што паслужыла асновай для вострасюжэтных кніг і кінафільмаў. Напамінам пра драматычныя падзеі — антыамэрыканскія графіці па пэрымэтры бэтоннай агароджы колішняй амбасады, якую пераабсталявалі пад моладзевы ісламскі цэнтар.

Іранскія студэнты пералазяць агароджу пасольства ЗША ў Тэгеране, 4 лістапада 1979 году
Іранскія студэнты пералазяць агароджу пасольства ЗША ў Тэгеране, 4 лістапада 1979 году

Пры канцы 1979-га вышэйшае духавенства ўхваліла праект Канстытуцыі, згодна зь якой паўсюль уводзіліся ісламскія парадкі: абсалютная ўлада над сьветам належыць Алаху, а на чале дзяржавы стаіць рахбар (вышэйшы кіраўнік) — намесьнік Алаха з шырокімі паўнамоцтвамі, ажно да зьмены прэзыдэнта. Першым рахбарам стаў шыіцкі багаслоў, лідэр рэвалюцыі аятала Рухала Хамэйні.

За прамінулы час радыкальных зьменаў ва ўзаемаадносінах духоўнай і цывільнай уладаў не адбылося: нягледзячы на наяўнасьць прэзыдэнта і парлямэнта, усё сканцэнтравана ў руках вышэйшага кіраўніка Алі Хамэнэі, які ў 1989 годзе замяніў памерлага Рухалу Хамэйні. То бок узначальвае краіну апошнія 28 гадоў. Сумесныя партрэты гэтых суровых мужчын у чорных строях вісяць у Іране паўсюль — і звонку на дамах, і ўсярэдзіне.

Хасан Рухані выступае на фоне партрэтаў Рухалы Хамэйні і Аяталы Хамэйні 16 траўня 2017
Хасан Рухані выступае на фоне партрэтаў Рухалы Хамэйні і Аяталы Хамэйні 16 траўня 2017

Зь нядаўніх ініцыятываў Хамэнэі — пазбавіць Саудаўскую Арабію кантролю над мусульманскімі сьвятынямі ў Мецы і Мэдыне. Аятала зьвінаваціў Эль-Рыяд у палітызацыі рэлігіі, абазваўшы тамтэйшых лідэраў «баязьлівымі бесамі», якія трасуцца ад аднаго позірку «вялікага шайтана» (маюцца на ўвазе ЗША, «малы шайтан» — адпаведна, Ізраіль).

Зрэшты, папракаць іранцаў сярэднявеччам наўрад ці выпадае — прымуць як належнае. Так званая Сонечная гіджра адлічваецца, як і ў іншых мусульман, з моманту, калі прарок Мухамад перасяліўся з Мэкі ў Мэдыну ў 622 годзе, але грунтуецца на сонечным, або трапічным, годзе, а не на месячным. Новы год (Наўруз) прыпадае на дзень вясновага раўнадзенства 21 сакавіка, і сёлета іранцы сустрэлі «дрымучы», як па эўрапейскіх мерках, 1396-ы.

У ХХ стагодзьдзі Іран прымусіў пра сябе гаварыць пры канцы 1943 году, калі ў Тэгеране сабраліся лідэры дзяржаваў антыгітлераўскай кааліцыі — старшыня Саўнаркому СССР Сталін, прэзыдэнт ЗША Рузвэльт і прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі Чэрчыль. Cтаяла пытаньне адкрыцьця другога фронту ў Эўропе. У якасьці перамоўнай пляцоўкі разглядаліся Каір і Багдад, але на Тэгеране настояў Сталін: Іран ужо быў падзелены на савецкую і ангельскую зоны кантролю, сталіца — якраз пад маскоўскай акупацыяй.

Ёсіф Сталін, Франклін Рузвэльт і Ўінстан Чэрчыль падчас сустрэчы ў Тэгеране, 28 лістапада 1943
Ёсіф Сталін, Франклін Рузвэльт і Ўінстан Чэрчыль падчас сустрэчы ў Тэгеране, 28 лістапада 1943

Сярод іншага была прынятая «Дэклярацыя аб Іране», якой удзельнікі гарантавалі незалежнасьць, сувэрэнітэт і тэрытарыяльную недатыкальнасьць краіны. На пачатку вайны Пэглеві сымпатызаваў Гітлеру і ў выніку быў зрынуты войскамі саюзьнікаў. Пасьля чарговага перавароту вярнуў сабе трон у 1953-м, узяў курс на вэстэрнізацыю і жорстка распраўляўся з апанэнтамі (нямала вуліц у гарадах носяць імёны закатаваных крытыкаў шага). У 1979-м празаходні курс спыніў Рухала Хамэйні.

Мухамад Рэза Пэглеві, апошні шаг Ірана
Мухамад Рэза Пэглеві, апошні шаг Ірана

Ад ядзернай праграмы да «восі зла»

У найноўшай гісторыі нэгатыўны вобраз Ірану тыражуецца ад пачатку 2000-х. Краіну абклалі санкцыямі за ядзерную праграму, пад прыкрыцьцём якой нібыта распрацоўваецца зброя новага пакаленьня, і Іран папоўніў клюб ізгояў з «восі зла». Спажыўцы інфармацыі зрабілі выснову, што гэта яшчэ не Аўганістан, але ўжо і не Турэччына. Ад таго часу ў Іране не працуюць банкаўскія карткі, нельга забраніраваць гатэль праз сэрвіс Booking.com ці дыстанцыйна набыць квіток на самалёт.

Тым ня меней пасьля зацяжнога пэрыяду ізаляцыі Іран паступова вяртаецца на міжнародную арэну. У 2013 годзе на прэзыдэнцкіх выбарах 51% выбарцаў прагаласавалі за новага кіраўніка — ім стаў Хасан Рухані. Бальшыня хоць і хісткая, але паказальная: палітыка ягонага папярэдніка Махмуда Ахмадзінэджада ня толькі спрычынілася да маштабных санкцыяў, адкінуўшы краіну далёка назад, але і ледзь не паставіла перад пагрозай вайны за нежаданьне супрацоўнічаць па ўсё той жа ядзернай праграме.

Летась у студзені МАГАТЭ пацьвердзіла: Рухані выканаў усе патрабаваньні дзеля прыпыненьня таемных экспэрымэнтаў, сьледам за чым ЗША, Эўразьвяз ды іншыя краіны абвясьцілі пра скасаваньне санкцыяў супраць Тэгерана.

Хасан Рухані на атамнай станцыі Бушэр, 2015 год
Хасан Рухані на атамнай станцыі Бушэр, 2015 год

Сёньня ў Іран вяртаецца замежны капітал. Урад ініцыяваў адмысловую праграму, якая прапануе выгадныя ўмовы для інвэстыцыяў наўзамен за навучаньне мясцовых спэцыялістаў, нафта пацякла на экспарт, стрымліваючы рост сусьветных коштаў на яе. Турыстаў пакуль няшмат, але іх чакаюць.

Абмежаваньняў, якія перашкаджаюць шпаркаму руху наперад, усё яшчэ хапае. Найперш гэта тычыцца доступу ў сеціва, які па-ранейшаму дазаваны. Напрыклад, замест сайта Радыё Свабода аўтаматычна ўсплывае старонка з рэлігійным кантэнтам. Тое самае тычыцца іншых беларускіх рэсурсаў, зарэгістраваных у дамэнных зонах.com ці.org. Зь міжнародных сацыяльных сетак і сродкаў сувязі не блякуюцца Instagram і Whatsapp, а вось каб адкрыць Facebook ці Twitter, запатрабуюцца хакерскія здольнасьці. Нават у гатэлях Wi-Fi зусім слабы і далей за рэцэпцыю не дабівае. Калі ёсьць увогуле.

Паведамленьне пра забарону доступу да сайту
Паведамленьне пра забарону доступу да сайту

У сваю чаргу, спроба атрымаць абʼектыўную інфармацыю зь дзяржаўных мэдыяў будзе мець прыблізна той жа эфэкт, што і ў Беларусі: навінныя праграмы — у стылі прапаганды БТ, значная частка прысьвечана клопату вышэйшага духавенства пра свой народ.

У Іране дзейнічае сухі закон, прычым татальны. Адрозна ад іншых краін рэгіёну, дзе алькаголь можна набыць у гатэлях, тут вольніца абмяжоўваецца безалькагольным півам, дый тое з дадаткам садавіннага водару. Гэта адна з прычын, чаму пры нядрэннай турыстычнай інфраструктуры на Касьпійскім моры і ў гарах Эльбурсу наўрад ці калі сюды наедуць расейцы. Нават калі «ўключаць усё», ня будзе галоўнага атрыбуту «адпачынку», які забясьпечваюць тыя ж Турэччына ці Эгіпет. Мясцовыя кажуць, што на гэткую патрэбу ёсьць «самагоншчыкі», але рызыка трапіць у рукі да «вартавых рэвалюцыі» адбівае ахвоту да такога заробку.

«Мальтозны оранж» у «піўным» дызайне
«Мальтозны оранж» у «піўным» дызайне

Ад хіджабу да вольніцы ў дрэс-кодзе

Ня лішне згадаць пра стан амаль 40 мільёнаў іранскіх жанчын, якія вымушаныя існаваць у рамках жорсткіх правілаў. Хоць яшчэ зусім нядаўна ўсё было інакш. На дарэвалюцыйных кінакадрах маладыя дзяўчаты мала чым адрозьніваліся ад сваіх эўрапейскіх аднагодак — сачылі за тэндэнцыямі фэшн-індустрыі, хадзілі ў сьвецкіх строях, мелі модныя фрызуры. Ісламская рэвалюцыя радыкальна зьмяніла дрэс-код, а тых, хто супраціўляўся, настаўлялі на шлях ісьціны сілком. У літаральным сэнсе: маральная паліцыя атрымала права выхоўваць «бунтарак» бізуном, калі тыя зьяўляліся на публіцы зь непакрытай галавой. Ня кажучы ўжо пра кароткія рукавы ці спадніцу не да долу.

Усталяваны рэлігійнымі ўладамі стандарт — хіджаб — абавязковы для ўсіх, уключна з турысткамі. Звычайна пад ім разумеюць толькі хустку, але насамрэч гэта поўны «боекамплект» ад галавы да ног. Клясычны варыянт — схаваныя да шчыкалатак ногі, рукавы да запясьця, узятыя пад хустку валасы. Наведваньне мячэту — у чадры, гэта яшчэ больш закрыты варыянт. Замежніц накідкай з «капюшонам» забясьпечаць, а ў вялікіх храмавых комплексах яшчэ і прыставяць гіда — з бэйджам і «вясельнай» стужкай праз плячо.

Моладзь і модніцы сярэдняга веку дазваляюць сабе некаторыя вольнасьці: рознакаляровыя накідкі з сумачкай у тон, плашчы ніжэй за калена, умоўна накінутую хустку. Маючы для касмэтычнага экспэрымэнту толькі твар, «росьпісу» па ім надаюць асаблівую ўвагу. Дзецям дашкольнага ўзросту дазволены свабодны стыль, хоць некаторыя бацькі «замуроўваюць» малых ледзь не ад нараджэньня.

Што да мужчын, то абмежаваньні тычацца толькі ніжняй часткі гардэробу: шорты — па-за законам. А вось патрабаваньне хаваць рукі паступова адыходзіць у мінулае, і на вуліцах усё больш маладых людзей у цішотках.

Сучаснае пакаленьне, якое, хоць і абыходзячы розныя фільтры, але ўсё ж мае доступ у інтэрнэт, гатовае і хоча рассунуць жорсткія ўнутраныя рамкі.

Завочныя веды пра Іран збольшага замыкаюцца ў трохкутніку стэрэатыпаў: адгароджаная ад сьвету і ня самая дружалюбная краіна, якая цішком распрацоўвае сваю ядзерную праграму; паўсюдная галеча як вынік заходніх санкцыяў; рэальная тэрарыстычная пагроза. Аднак зь вялікай доляй упэўненасьці можна казаць: турысты нічога гэтага не заўважаць.

Хутчэй наадварот: калі загадзя не паклапаціцца, дазвол на ўезд паставяць у пашпарт проста ў аэрапорце; за ўвесь час падарожжа на вочы ня трапіўся ніводзін «санкцыйны» жабрак; не было падставаў засумнявацца і ў бясьпецы, хоць у суседзяў па пэрымэтры сапраўды грыміць. На жаль, не хапіла часу наведацца ў суседні з Аўганістанам і Пакістанам рэгіён Белуджыстан, але папярэднікі кажуць, што пачувалі сябе спакойна нават там.

Галоўнае багацьце Ірану — яго жыхары. У масе сваёй адкрытыя, зычлівыя, цікаўныя. У Беларусі цяжка нават уявіць, каб хто зь мясцовых падышоў да замежніка, пачаў цікавіцца, адкуль ён і якія ў яго ўражаньні ад краіны. Для Ірану гэта норма — на дзень дзясятак разоў адказваць на пытаньне «Where are you from?». Любяць фатаграфавацца і ніколі не адмаўляюць, калі просіш зрабіць разам сэлфі. Дастаткова крыху затармазіць на скрыжаваньні, каб зарыентавацца на мясцовасьці, як цябе тут жа акружыць цэлая кампанія ахвотнікаў дапамагчы.

Іран — маладая краіна. Сярэдні ўзрост жыхароў — 27 гадоў. З гэтай прычыны тут вялізная колькасьць студэнтаў, а значыць, здаровая канкурэнцыя: каб добра вучыцца і заняць годнае становішча ў грамадзтве. Гэтыя людзі дакладна ня хочуць вяртаньня ў часы цемрашальства, куды іх намагаюцца адкінуць зацятыя багасловы-кансэрватары.

Больш уражаньняў пра сучасны Іран

Фрагмэнт пэрсыдзкага ўзору-2: касмапалітычны Тэгеранʼ16

Фрагмэнт пэрсыдзкага ўзору-3: краіна маладых

Прагрэсіўны Іран: чаму ў іранцаў больш шанцаў на адраджэньне, чым у беларусаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG