Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назарбаеў зноў памяняў казаскую лацінку. Цяпер без апострафаў

Нурсултан Назарбаеў, архіўнае фота
Нурсултан Назарбаеў, архіўнае фота

Кіраўнік Казахстану Нурсултан Назарбаеў падпісаў 19 лютага ўказ аб зьмене альфабэту казаскай мовы з кірылічнага на лацінкавы.

Цяпер для некаторых гукаў, што ёсьць у кахаскай мове, але для якіх няма адпаведных літараў базавай лацінікі, прапануецца ўжываць літары з дыякрытычнымі знакамі (як Áá ці Ńń), але ёсьць два гукі-выключэньні: гук [ш] пазначаецца дыграфам Sh, гук [ч] – Ch.

Казаскі лацінкавы альфабэт па стане на 19 лютага 2018 году
Казаскі лацінкавы альфабэт па стане на 19 лютага 2018 году

Раней разглядаўся шэраг варыянтаў альфабэту з адмысловымі літарамі на кожны казаскі гук або з дыграфамі замест асобных літараў. Папярэдні варыянт, зацьверджаны Назарбаевым у кастрычніку летась, выкарыстоўваў літары з апострафамі для некаторых гукаў.

Гэта выклікала пэўную крытыку з боку мовазнаўцаў і простых людзей. Так, імя Ксенія, якое беларускай лацінкай пісалася б «Ksienija», тым «апострафным» варыянтам казаскай лацінкі пісалася «Kseni’i’a», калі «даапострафнымі» варыянтамі было б нешта накшталт «Ksenija». Казахі жартавалі пра «спаборніцтва ў колькасьці апострафаў у імені».

Да варыянту з дыякрытыкамі прапаноўваўся таксама варыянт з дыграфамі і без дыякрытыкаў.

Чым падобныя і чым адрозьніваюцца Аляксандар Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў

Цяперашні ўказ набыў сілу з дня публікацыі, але пераход на такую лацінку будзе па-ранейшаму паступовым да 2025 году. На 2025 год заплянаваны перавод на лацінку дакумэнтацыі, пэрыядычных выданьняў, назваў вуліц і іншага.

***

Пра неабходнасьць стварэньня новага стандарту казаскага альфабэту Назарбаеў заявіў у красавіку 2017 году. Наогул жа аб магчымасьці пераходу з кірыліцы на лацінку ў Казахстане загаварылі ў 2012 годзе.

Упершыню лацінская графіка для казаскай мовы (замест арабска-пэрсідзкай, якая ўжывалася да таго часу) была ўведзеная ў 1928 годзе ў рамках працэсу «лацінізацыі», які закрануў усе цюркскія мовы народаў СССР, і ўжывалася да 1940 году. Усяго паміж 1923 і 1939 годам на лацінку было пераведзена 50 моваў (з 72 моваў СССР, якія мелі пісьменнасьць). У 1939 годзе пачалася татальная кірылізацыя пісьменнасьцяў народаў СССР. Як адзначаў Сталін, расейскі народ быў лідэрам сацыялістычных народаў, таму ўсе людзі краіны павінны ведаць расейскую мову і імкнуцца да ўмацаваньня сувязяў з расейцамі.

***

У беларускай мове цяпер падобная сытуацыя з дыграфамі і ў кірыліцы, і ў лацінцы. Так, у кірылічным альфабэце для гука «ў кароткае» ўжываецца літара Ўў базавай кірыліцы з надрадковым знакам, але для гукаў «дз» і «дж» ужываюцца дзьве літары, што вымаўляюцца як адзін гук. Таксама ў лацініцы: і ня толькі з Ŭŭ, Dź і Dž, але і з шыпячымі Č, Š і Ž, а таксама зь мяккімі зычнымі Ćć, Śś, Ńń, Źź і Ĺĺ (або цьвёрдым Ł і мяккім L у «клясычнай» лацінцы) і дыграфам Ch для гука [х].

XS
SM
MD
LG