Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азэрбайджан прапануе Беларусі ўтварыць два трохкутнікі. Экспэрт: «Гэта марныя спробы»


Актай Асадаў (Oqtay Əsədov)
Актай Асадаў (Oqtay Əsədov)

Кіраўнік парлямэнту Азэрбайджану Актай Асадаў, які ачольвае дэлегацыю сваёй краіны на перамовах зь беларускімі калегамі ў Менску, 11 кастрычніка прапанаваў разгледзець рэгіянальныя варыянты каапэрацыйнага супрацоўніцтва. Ён выказаўся за будаўніцтва двух трохкутнікаў: «Беларусь — Азэрбайджан — Турэччына» і «Нямеччына — Беларусь — Азэрбайджан».

«Мы гатовыя падтрымаць гэтыя ініцыятывы, чакаем прапаноў з вашага боку. Яны скіраваныя на супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай сфэры», — сказаў Асадаў. Ён назваў Беларусь і Азэрбайджан стратэгічнымі партнэрамі. Аднак у стратэгічных партнэраў, падобна, атрымліваецца далёка ня ўсё.

Кіраўнік Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка сумна канстатаваў:

«У 2016 годзе мы сурʼёзна аселі ў параўнаньні з 2015-м. Трэба рухацца наперад».

«Рухацца трэба, але не празь нейкія летуценныя праекты», — камэнтуе Свабодзе азэрбайджанскія прапановы эканаміст Леў Марголін:

«У мяне ў школе былі добрыя адзнакі як па геамэтрыі, так і па матэматыцы наагул. Таму першае, што мне прыходзіць у галаву, гэта тое, што ў першым трохкутніку Азэрбайджан павінен стаць пасярэднікам паміж Беларусьсю і Турэччынай. А ў другім Беларусь павінна пасярэднічаць паміж Азэрбайджанам і Нямеччынай. Праўда, якія ў гэтых камбінацыях могуць быць рэальныя інтарэсы кожнай краіны, мне незразумела. Таму што я разумею простую ісьціну — калі ёсьць нешта цікавае, то ўдзельнікі рынку знаходзяць гэта самі. Без усялякіх трохкутнікаў, квадратаў, пасярэднікаў.

Справа ў тым, што ні Беларусь, ні Азэрбайджан ня маюць нечага асаблівага, што яны маглі б прапанаваць высокаразьвітым краінам. Таму і Баку, і Менск шукаюць нейкія камбінацыі ў надзеі павялічыць свой экспарт. Але гэта марныя спробы».

А вось у палітычным сэнсе і Беларусь, і Азэрбайджан яднаюцца даволі пасьпяхова. Нездарма ж сёньня Ўладзімер Андрэйчанка казаў Актаю Асадаву, што дзякуючы супольным намаганьням парлямэнтароў дзьвюх краін падчас менскай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ «мы змаглі заблякаваць рэзалюцыю парлямэнтароў Швэцыі, якая была скіраваная супраць Беларусі, Азэрбайджану і Расеі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG