Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раманчук паабяцаў у Радзе па разьвіцьці прадпрымальніцтва адстойваць інтарэсы малога і сярэдняга бізнэсу


Яраслаў Раманчук, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 10 кастрычніка падпісаў указ «Аб Радзе па разьвіцьці прадпрымальніцтва» — зьмяніў склад Рады, у тым ліку замест Пятра Пракаповіча паставіў старшынём Аляксандра Турчына, а таксама пашырыў яе паўнамоцтвы.

Цяпер Рада можа ўзгадняць прававыя акты, зьвязаныя з прадпрымальнікамі, і падаваць абавязковыя да разгляду прапановы па ўдасканаленьні заканадаўства ва ўрад і Мінэканомікі.

У склад Рады трапіў, сярод іншых, эканаміст і кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Яраслаў Раманчук. Але пра гэта ён даведаўся толькі ад карэспандэнта Свабоды.

«Мяне запрасіла Міністэрства эканомікі, прапанавалі запоўніць анкету з базавымі зьвесткамі на разгляд, – кажа Раманчук. – Фармальна разгляду гэтай анкеты мо і не было, або разглядалі безь мяне».

Раманчук яшчэ не азнаёміўся з новымі паўнамоцтвамі Рады, але мяркуе, што любы дзяржаўны орган, калі прадстаўляць у ім сваю пазыцыю адкрыта і абгрунтоўваць яе навукова, можа быць карысным: «Можна нават з Палаты прадстаўнікоў ці Савету рэспублікі зрабіць нешта добрае».

«У мяне ёсьць досьвед працы ва ўрадавай камісіі па краінавым маркетынгу, – кажа Раманчук. – Тады мы зрабілі добрую працу, прадставілі прапанову, як рабіць маркетынг і брэнд нашай краіны, але нікому гэта не было патрэбна. Таму трэба сказаць: або мы працуем і робім тое, для чаго структура створаная, або няма сэнсу быць сябрам структуры».

Цяпер Лукашэнка падпісвае шэраг указаў аб разьвіцьці прадпрымальніцтва. Але іх Раманчук ня лічыць дастатковымі. Ён кажа, што яшчэ на этапе падрыхтоўкі ўказаў адзначаў шэраг хібаў у іх, і ягоныя заўвагі засталіся ранейшымі:

«Асноўных рэчаў, якія тычацца прадпрымальніцтва, якія ёсьць асноўнымі праблемамі ў яго разьвіцьці, у гэтых указах не было, – кажа Раманчук. – Мараторый на падвышэньне падаткаў і ўвядзеньне новых – гэта кепская мера, бо нам трэба зьніжаць падатковы ціск. Такая фундамэнтальная рэч, як права ўласнасьці – пра яго нічога няма. Гандлёвы пратэкцыянізм, унутраны і зьнешні – таксама нічога няма, праблема няроўных умоваў працы на ўнутраным рынку… Можна шмат пералічваць.

Калі параўнаць нашую эканоміку з хатай, то ўсе гэтыя дэкрэты і ўказы – гэта толькі памяняць шпалеры, нейкае вакно падправіць. Але фундамэнт, дах і сьцены знаходзяцца ў неналежным стане, а іх не чапаюць

Там ёсьць шмат добрага. Але калі параўнаць нашую эканоміку з хатай, то ўсе гэтыя дэкрэты і ўказы – гэта толькі памяняць шпалеры, нейкае вакно падправіць. Але фундамэнт, дах і сьцены знаходзяцца ў неналежным стане, а іх не чапаюць. Нам трэба менавіта фундамэнт рабіць!»

У складзе Рады нямала прадстаўнікоў буйнога бізнэсу, але Раманчук абяцае адстойваць перадусім інтарэсы малога і сярэдняга бізнэсу, прадпрымальнікаў, нават калі буйны бізнэс будзе прасоўваць свае інтарэсы. Ён з 2005 году ўдзельнічае ў праекце «Нацыянальная плятформа бізнэсу» – і праект мае шмат напрацовак, якія павінны быць абмеркаваныя ў Радзе, кажа ён.

Раманчук даў свае адказы на 10 пытаньняў Лукашэнкі

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG