Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раманчук мае рэцэпт гуманізацыі сыстэмы сярэдняй адукацыі


Яраслаў Раманчук

10 крокаў па выкараненьні пэдафобіі ў беларускай школе

Нам трэба ратаваць сярэднюю школу, лічыць кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук. Ён прапаноўвае:

1) ліквідаваць Міністэрства адукацыі, усю вэртыкаль кантролю і задушваньня пачатковай і сярэдняй школы (райана, гарана, аблана);

2) кожная школа ператвараецца ў адкрытае акцыянэрнае таварыства, у якім па 25% акцый перадаюцца: настаўнікам, бацькам, мясцовым уладам (выканкам), мясцовым жыхарам (структуры грамадзянскай супольнасьці, бізнэс-саюзы, мэцэнаты і г. д.);

3) бацькі кожнага вучня атрымліваюць ваўчар, за якім стаяць грошы зь бюджэту. Бацькі галасуюць рублём, а ў школ уключаецца магутная матывацыя стаць якаснымі вытворцамі адукацыйных паслуг. Штогод кожная школа атрымлівае зь бюджэту пэўную суму грошай на рамонт і тэхнічную мадэрнізацыю. Ваўчары разьлічваюцца, зыходзячы зь сярэдняй зарплаты ў школе, у памеры 700–800 даляраў;

4) кожная школа сама вызначае час вучобы, падручнікі, праграму, нагрузку, фармат арганізацыі навучальнага працэсу, дрэс-код, нормы паводзінаў, ровень аплаты працы, прэміяльныя, арганізацыю харчаваньня і г. д.;

5) кожная школа атрымлівае права аказваць камэрцыйныя паслугі насельніцтву. Выручка ідзе на рахунак школы, яна траціцца рашэньнем школьнай рады. У гэтым вышэйшым органе павінны быць прадстаўленыя ўсе акцыянэры, а таксама вучні. Дэталёвы, паартыкульны бюджэт кожнай школы абавязкова павінен быць у адкрытым доступе;

6) уводзіцца стандарт праверкі якасьці сярэдняй адукацыі паводле мэтадалёгіі Міжнароднай праграмы па ацэнцы адукацыйных дасягненьняў вучняў (Programme for International Student Assessment, PISA);

7) адзіны абавязковы дзяржаўны тэст — гэта тэст па заканчэньні сярэдняй школы. Ён адлюстроўвае набор ведаў, якія неабходныя для паступленьня ў клясычныя ўнівэрсытэты краін АЭСР (Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця);

8) прадстаўнікам розных канфэсій, прафэсійных груп і прыватным асобам даецца права безьліцэнзійна (на паведамляльнай аснове) адкрываць пачатковыя, сярэднія школы. Дазваляецца адкрываць філіялы замежных навучальных устаноў;

9) бацькі маюць права навучаньня дома (homeschooling), свабодна выбіраючы фармат навучаньня. Пры гэтым яны атрымліваюць ад дзяржавы грашовыя рэсурсы ў аб’ёме, прадугледжаным ваўчарам;

10) дзяржава фінансуе пісаньне падручнікаў, дапаможнікаў, дыдактычных матэрыялаў на адкрытай, конкурснай аснове сярод аўтарскіх калектываў, інстытутаў і прыватных арганізацый. Свабода пісаць падручнікі ідзе ў пары з тым, што кожная школа на конкурснай аснове самастойна вырашае, якімі падручнікамі карыстацца.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG