Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тое, чаго прасіў бізнэс, засталося за кадрам» — экспэрты пра «рэвалюцыйны» дэкрэт аб лібэралізацыі бізнэсу


Асноўныя праблемы беларускіх прадпрымальнікаў — вялікія падаткі і дарагія крэдыты. Але прапановы дзеля іх вырашэньня былі праігнараваныя ўрадам,— лічыць эканаміст Яраслаў Раманчук.

Аляксандар Лукашэнка 8 жніўня паабяцаў, што да 1 кастрычніка будзе падрыхтаваны пакет дакумэнтаў, які «скасуе ўсе лішнія адміністрацыйныя бар’еры, зь якімі сутыкаюцца бізнэсоўцы», а з наступнага году пачне дзейнічаць трохгадовы мараторый на павышэньне падатковых ставак і ўвядзеньне новых збораў і пошлін.

Падчас нарады з кіраўнікамі бізнэс-саюзаў, на якой разглядаліся законапраекты аб паляпшэньні ўмоваў прадпрымальніцтва ў Беларусі, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ўсе залішнія адміністрацыйныя бар’еры, зь якімі сутыкаюцца бізнэсоўцы, будуць скасаваныя і ўлада прыме рашэньні, якія дазволяць любому чалавеку адкрыць сваю справу і працаваць, кіруючыся мінімальным наборам патрабаваньняў.

Што і як хочуць лібэралізаваць

Усяго ў пакет дакумэнтаў па пытаньнях стымуляваньня дзелавой ініцыятывы ўвойдзе 9 нарматыўна-прававых актаў. Фактычна гэта будзе кодэкс аб спрашчэньні вядзеньня бізнэсу. Ключавы з дакумэнтаў — праект дэкрэту аб разьвіцьці прадпрымальніцтва. Ён утрымлівае агульныя патрабаваньні пажарнай бясьпекі — цяпер дзейнічае 586 пунктаў, захаваюць толькі 58. І санітарна-эпідэміялягічныя — іх больш за 1100, а ў праекце дэкрэту застаўся 81 пункт.

Паводле праекту дакумэнту, будуць значна спрошчаныя праверкі, рэгістрацыі і адміністрацыйныя працэдуры. Новаўвядзеньні наступныя: паведамляльны прынцып для пачатку эканамічнай дзейнасьці (найбольш распаўсюджаных яе відаў) і сыстэма выбарачных праверак. З гэтай нагоды Лукашэнка заклікаў прадпрымальнікаў быць сацыяльна адказнымі.

«Ня дай бог, пасьля першага кастрычніка, калі гэтыя дакумэнты набудуць моц, хто-небудзь дзесьці ня так будзе сябе паводзіць — мала ня будзе, я вам гарантую».

Таксама праект дэкрэту прапануе на пэрыяд 2018–2020 гадоў мараторый на ўвядзеньне новых падаткаў і падвышэньне падатковых ставак. У цэлым, калі верыць распрацоўнікам, дакумэнт закліканы мінімізаваць умяшаньне дзяржавы ў дзейнасьць субʼектаў гаспадараньня.

Як ацэньваюць «лібэралізацыю бізнэсу» экспэрты

Старшыня каардынацыйнай рады Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва Ўладзімер Карагін, які ўдзельнічаў у нарадзе 8 жніўня, лічыць, што абяцаньні ўладаў наўрад ці зьменяць дэпрэсіўныя настроі сярод бізнэсоўцаў:

Уладзімер Карагін
Уладзімер Карагін

«Кожны трэці думае аб спыненьні бізнэсу, кожны пяты хоча зьехаць. Трэба хутчэй прымаць пэўныя рашэньні. І без увязкі са стратэгіяй разьвіцьця прадпрымальніцтва і бачаньнем будучыні ў пэрыяд лічбавай трансфармацыі бізнэсу і эканомікі немагчыма эфэктыўна наладзіць рэгулятарныя мэханізмы», — напісаў ён у Фэйсбуку пасьля нарады.

У новым праекце не былі ўлічаныя прапановы незалежнага эканаміста Яраслава Раманчука. Яны грунтуюцца на тым, што самыя балючыя праблемы беларускіх прадпрымальнікаў — гэта 1) высокія стаўкі падаткаў, 2) дарагія крэдыты, 3) зьменлівае заканадаўства, 4) высокая арэндная плата і 5) нестабільнасьць нацыянальнай валюты.

«Намэнклятура зрабіла імітацыю рэформаў, ня выканаўшы загад Лукашэнкі кардынальна зьмяніць сытуацыю. Ніякай рэвалюцыі ў рэгуляваньні бізнэсу не адбудзецца. На этапе падрыхтоўкі дакумэнтаў меркаваньні экспэртнай і бізнэс-супольнасьці былі праігнараваныя. Не было нават магчымасьці прадставіць свае прапановы і абараніць свой пункт гледжаньня — такі быў рэжым працы рабочай групы, ён не прадугледжваў дыскусіі. Такім чынам, партнэрства паміж бізнэсам і ўладамі не адбылося. Тое, што прасіў бізнэс, засталося за кадрам».

Раманчук лічыць цынізмам абяцаньні ўладаў наконт трохгадовага мараторыю на новыя падаткі і на павышэньне падатковых ставак.

«Трэба не мараторый уводзіць, а радыкальна зьніжаць падатковую нагрузку. Улады вельмі хітра сябе паводзяць. Напрыклад, ня лічыцца падаткам плата ў фонд сацыяльнай абароны, у іншыя небюджэтныя фонды. Таксама плянуецца павышэньне кадастравай цаны зямлі і нерухомасьці. Дэ-факта гэта прывядзе да павелічэньня фіскальнай нагрузкі на бізнэс і насельніцтва, але ня будзе лічыцца падаткам».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG