Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнку запрасілі ў Брусэль


Лукашэнка, Мэркель і Алянд падчас перамоваў Украіне, Менск, люты 2015
Лукашэнка, Мэркель і Алянд падчас перамоваў Украіне, Менск, люты 2015

Брусэльскі карэспандэнт Радыё Свабода паведаміў, са спасылкай на свае крыніцы ў калідорах улады ЭЗ, што Аляксандар Лукашэнка ўпершыню афіцыйна запрошаны на саміт «Усходняга партнэрства», які адбудзецца ў Брусэлі 24 лістапада. На папярэдніх самітах гэтай ініцыятывы ЭЗ ( устаноўчым — у Празе ў 2009 годзе, у Варшаве ў 2011-м, у Вільні ў 2013-м, у Рызе ў 2015-м) афіцыйнаму Менску запрашэньні накіроўваліся, але ў даволі двухсэнсоўнай форме, маўляў, вядома, рады будзем гасьцям, але асабіста прэзыдэнту беларускаму лепш было б ад паездкі ўстрымацца.

Цяпер запрашэньне накіраванае, паводле наяўнай інфармацыі, у самай недвухсэнсоўнай і адназначнай форме, так, як з 2009 году запрашалі лідэраў астатніх краінаў Партнэрства — Азэрбайджану, Армэніі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны.

Няма санкцыяў — ёсьць запрашэньне

Чаму раней было так, а цяпер — інакш? Ёсьць вельмі фармальнае, хоць і справядлівае тлумачэньне. З 2004 году адносна афіцыйнага Менску з боку ЭЗ дзейнічалі асабістыя візавыя санкцыі. Першапачаткова яны былі ўведзеныя адносна асобаў, якія падазраваліся ў датычнасьці да палітычных выкраданьняў. У адказ на разгон маніфэстацыі пасьля выбараў 2010 году і рэпрэсіяў супраць яе ўдзельнікаў ЭЗ істотна пашырыў кола асобаў, супраць якіх дзейнічалі санкцыі. У жніўні 2015 году выйшлі на волю ўсе палітвязьні ў Беларусі. У верасьні таго ж году дзеяньне санкцыяў было прыпыненае. У пачатку 2016 году ільвіная доля санкцыяў была ануляваная.

Усё проста і лягічна: зьнятыя пэрсанальная візавая і фінансавыя санкцыі — здымаецца і сымбалічная санкцыя ў выглядзе фактычнага незапрашэньне кіраўніка дзяржавы на сустрэчы на найвышэйшым узроўні ў рамках ініцыятывы ЭЗ.

Гэта, бадай, самы істотны аргумэнт на карысьць запрашэньня. Ёсьць, праўда, і іншыя. У прыватнасьці, той, што ў якасьці паўнапраўнага ўдзельніка ўсіх самітаў УП запрашаўся прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў. Становішча з правамі чалавека і палітычнымі свабодамі ў Азербайджане прыкладна такое ж, як у Беларусі, гэта значыць даволі кепскае. То бок, не Паўночная Карэя, не Туркмэністан, але даволі далёка ад высокіх (а хоць бы і невысокіх) стандарты дэмакратыі. Але Аліева на саміты УП запрашалі, а Лукашэнку — не.

Гэтыя два факты абвяргаюць гіпотэзу, што палітыка Захаду, у прыватнасьці, ЭЗ будуецца выключна на маральным падмурку. Па меншай меры ня толькі на ім. Мараль па сваёй прыродзе ўнівэрсальная. Калі ў дзьвюх розных краінах становішча з правамі чалавека гнятлівае, то мараль альбо патрабуе не запрашаць кіраўнікоў абедзьвюх гэтых краінаў на нейкія прэстыжныя саміты альбо не перашкаджае запрашаць іх абодвух. Аднаго запрашаць, а іншага не — гэта не мараль.

А што? Палітыка. Палітычны разьлік можа падказваць, што калі не запрашаць кіраўніка адной краіны, там у выніку адбудуцца пазытыўныя змены. А ў дачыненьні да іншай краіны вынік разьліку можа быць іншым. Вось такія разьлікі і рабіліся ў дачыненьні да Беларусі і Азэрбайджана.

Чаму ў сакавіку 2017 году не паўтарыўся сьнежань 2010?

Раней, на погляд ЭЗ, незапрашэньне Лукашэнкі спрыяла пераменам да лепшага ў Беларусі. Цяпер разьлік на тое, што гэтаму будзе спрыяць запрашэньне. Чаму? Таму што ёсьць вопыт. У мінулым год я назваў адмену санкцыяў ЭЗ «гамбітам Эўропы». І праўда, на пэўную рызыку ЭЗ тады ішоў. Афіцыйны Менск, вызваліўшыся ад санкцыяў, мог ўнутры краіны дзейнічаць, ні на што не зьвяртаючы ўвагі. Атрымалася не зусім наадварот, але і ня так, — на што ЭЗ і разьлічваў.

Варта ўзгадаць, што пасьля разгону акцыі 25 сакавіка 2017 года, пасьля рэпрэсіяў супраць лідэраў «маршаў недармаедаў», некаторыя меркавалі, што Беларусь вяртаецца ў сьнежань 2010 году. Не вярнулася. Людзі, якія адбылі адміністрацыйныя тэрміны, выйшлі на свабоду, справу «Белага легіёну» таксама спусьцілі на тармазах. Адмена санкцыяў і сапраўды прывяла да некаторай лібэралізацыі.

Да ня надта шырокай, не да свабоды, а толькі да «царскай ласкі», на жаль, не да гарантыяў далейшай лібэралізацыі. Але да невялікіх пазытыўных зьменаў, да таго, што сьнежань 2010 года не вярнуўся. Няшмат, прызнаем.

Ну дык і запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі нямногае зьменіць, насуперак занадта аптымістычным прагнозам некаторых аглядальнікаў.

БТ, зразумела, раскажа сваім гледачам, як Аляксандр Рыгоравіч скарыў Брусэль і ўсю Эўропу. Падазраю, што ня скорыць.

Але невялічкі крок у бок лібэралізацыі ў выніку можа быць зроблены. У парадку не прамой, а псыхалягічнай зьдзелкі — нязручна неяк усё ж ужо вельмі шырока махаць дубінкай, калі запрашаюць і прызнаюць такія паважаныя людзі. Так бы мовіць, з намі па-добраму, і мы — па-добраму. Ну не зусім ужо па-добраму, але паводле мадэлі, па якой разьвіваліся падзеі пасьля зьняцьця санкцыяў.

«Хэльсынкі-2»-лайт

Магчымыя і іншыя, праўда, больш туманныя, наступствы гэтага чарговага этапу збліжэньня Беларусі і Захаду, у прыватнасьці, Эўропы. Гэта, па меншай меры, памяншае жаданьне Беларусі сварыцца з Захадам, самастойна або ў кампаніі з Расеяй.

Бо зьняцьцё санкцыяў былі ўзнагародай ня толькі за вызваленьне палітвязьняў, але і за зьніжэньне ўзроўню канфрантацыі з Захадам і за палітыку ў дачыненьні да Ўкраіны.

Ну так, Менск не саюзьнік Кіева, а саюзьнік вядома каго. Нядаўна падчас «Захад-2017» гэта было прадэманстравана. Але палітыка Беларусі ў дачыненьні да Ўкраіны магла б быць куды горшай, куды больш блізкай да палітыкі Расеі. Плян «Хэльсынкі-2», які беларуская дыпляматыя рэклямуе па ўсім сьвеце, крыху нагадвае міжплянэтны шахматны турнір у Нью-Васюках незабыўнага Астапа Бэндэра.

Але вось Менскія пагадненьні і праўда ж былі заключаныя ў Менску. І інфраструктура перамоваў па Ўкраіне базуецца там жа. Вялікіх посьпехаў гэты працэс не прыносіць і нават не абяцае, ну а якая альтэрнатыва? Вось і нядаўні, першы дыялёг перамоўнікаў па Ўкраіне ад ЗША і Расеі Курта Волкера і Вячаслава Суркова адбыўся таксама ў сталіцы Беларусі.

Брусэль і за гэта ў тым ліку чакае беларускага госьця. І за далейшы яго рух у гэтым кірунку.

Чый траянскі конь Беларусь?

Ёсьць, праўда, адно пытаньне — а ці паедзе беларускі лідэр у Брусэль, ці скарыстаецца запрашэньнем? У Маскве такі ваяж выкліча безумоўнае раздражненьне. Але быў бы саміт у якой усходнеэўрапейскай краіне, Лукашэнка можа і не паехаў бы. А ў Брусэль хутчэй за ўсё ўсё ж паедзе. Ну хоць бы каб пазлараднічаць над тым, хто так доўга не запрашаў, ды і кальнуць Пуціна акуратна і бяз выкліку, але адчувальна. За ўсё добрае.

Учыніўшы пры гэтым маленькі скандальчык, каб паказаць, што галоўны сябар і брат у Беларусі — гэта ўсё ж Расея. Як гэта было на рыскім саміте Партнэрства, дзе на патрабаваньне беларускай дэлегацыі з выніковай рэзалюцыі быў выключаны пункт з асуджэньнем анэксіі Крыму. Ну і тут што-небудзь такое будзе. Проста і пераканаўча, як расейскі сьцяг на Алімпіядзе ў Рыа ў руках Андрэя Фомачкіна.

На гэта некаторыя скажуць, што Лукашэнка ў Брусэлі — траянскі конь Масквы. Ну а ў Маскве ўздыхнуць, як бы Беларусь пасьля візыту Лукашэнкі ў Брусэль не сталі траянскім канём ЭЗ. Ну не канём — поні. Такі траянскі поні ЭЗ. Спакойны такі, асьцярожны і збалянсаваны.

Вяртаючыся да пачатку, варта заўважыць, што незапрашэньне беларускага прэзыдэнта на саміты УП было часткай адзінай санкцыйнай палітыкі. Можна спрачацца пра тое, наколькі карыснай яна была для ЭЗ. Але абрубак, рэшта досыць шырокай палітыкі, «усьмешка Чэшырскага ката», у прынцыпе не можа спрыяць дасягненьню якіх-бы то ні было мэтаў.

Таму Аляксандра Лукашэнкі і запрасілі ў Брусэль.

Перадрук з парталу TUT.BY

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG