Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая карціна беларускага сьвету: «адмарозкі» ў парлямэнце


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Відавочна, што прамінулыя выбары былі, як і раней, цалкам кіраваныя. І прайшлі яны згодна са звычайным беларускім сцэнаром. Адзіная навацыя, якую цяпер усе абмяркоўваюць, — гэта пропуск у Палату прадстаўнікоў дзьвюх дэмакратычных дэпутатак. Пра ўсё астатняе даўно ўсё сказана.

Усім зразумела, што зьяўленьне Ганны Канапацкай і Алены Анісім у сьпісе дэпутатаў — вынік палітычнага рашэньня на самым версе. Па лёгіцы кіраўніцтва, яно павінна вырашыць прынамсі дзьве задачы. Па-першае, нэўтралізаваць пазыцыю праваабаронцаў, незалежных экспэртаў і апазыцыі, якія сьцьвярджаюць, што выбараў у Беларусі няма. Маўляў, глядзіце: апазыцыянэры будуць засядаць у Палаце прадстаўнікоў, якія пытаньні?

І часткова гэтая задача выкананая. Вунь якія жарсьці віруюць на форумах і ў сацыяльных сетках. У палітызаваным асяродзьдзі дамінуюць патрабаваньні да гэтых дзьвюх жанчын здаць свае дэпутацкія мандаты. Выявіліся рознагалосьсі ў АГП па гэтым пытаньні.

Другая задача, якую вырашалі ўлады гэтым крокам, зьвязаная з вонкавым чыньнікам. Зьяўленьне ў парлямэнце двух апазыцыйных дэпутатаў павінна стаць дадатковым аргумэнтам для назіральнікаў АБСЭ, павінна даказваць, што ў беларускіх выбарах ёсьць прагрэс у бок дэмакратыі.

Але адначасова зьяўленьне апазыцыі ў Палаце прадстаўнікоў нясе ўладам пэўныя выклікі і рызыкі. Бо гэта пэўны крок у бок ускладненьня палітычнай сыстэмы ці яе дызайну. Да гэтага часу яна была ясная і простая, як аглобля. Паводле афіцыйнага ідэалягічнага канструкту, увесь народ падтрымлівае ўладу і прэзыдэнта, апазыцыі ў краіне няма, ёсьць толькі купка «адмарозкаў», «пятая калёна».

Якраз пра гэта сказаў Аляксандар Лукашэнка на выбарчым участку 11 верасьня:

«Апазыцыя павінна быць, або мы будзем мець вялікія праблемы. Але яна не павінна быць пятай калёнай. Трэба быць бліжэй да праблемаў людзей, нават калі гэта абʼектыўна цяжка. Ну, так, гэты спэктар заняты, усе клапоцяцца аб народзе, пачынаючы з прэзыдэнта і заканчваючы старшынёй сельсавету. Але розьніца ў тым, хто гэта робіць на справе, а хто мянціць языком. Давайце прабачым ім гэта, яны і так ужо пакараныя».

То бок апазыцыя ва ўяўленьні Лукашэнкі, якое ён 22 гады навязвае беларусам, — гэта далёкія ад інтарэсаў народу людзі, бо ў іх няма нішы, пра народ клапоціцца прэзыдэнт і ягоная вэртыкаль. У такой сыстэме апазыцыі няма месца. Таму гэта ўбогія, пакараныя лёсам людзі. Адным словам, «адмарозкі». Такая простая карціна сьвету. Гэта ў Расеі дзейная ўлада вядзе складаныя гульні, Крэмль сам стварае сабе левую і правую апазыцыю, усяляк маніпулюе палітычным працэсам. А тут палітычны малюнак быў прымітыўны, ён складаўся з двух колераў: белага і чорнага. І без аніякіх разнастайнасьцяў. Лукашэнка нават крытыкаваў расейскія парадкі — маўляў, навошта гэтыя хітрыкі, трэба проста і шчыра размаўляць з народам.

І вось цяпер гэтыя «адмарозкі» зьявіліся ў парлямэнце з дэпутацкімі мандатамі

І вось цяпер гэтыя «адмарозкі» зьявіліся ў парлямэнце з дэпутацкімі мандатамі. І гэта крыху зьмяняе ўсю карціну і афіцыйны ідэалягічны дыскурс. Улады ж ня могуць прызнаць, што яны там зьявіліся ў выніку рашэньня Лукашэнкі. Сам гэты факт легітымізуе апазыцыю як інстытут. Беларускім прапагандыстам давядзецца афіцыйна прызнаць, што апанэнты рэжыму прадстаўляюць інтарэсы пэўнай часткі грамадзтва. Іх нельга ігнараваць у дзяржаўных установах, дзяржаўных мэдыях.

То бок пропуск апазыцыі ў сыстэмную палітыку — гэта новы выклік і рызыкі найперш для ўлады. Бо любое ўскладненьне сыстэмы — гэта заўсёды новыя праблемы. Дарэчы, для апазыцыі таксама, пра што сьведчаць некаторыя працэсы ў АГП.

Цяпер усё залежыць ад таго, як апазыцыя выкарыстае гэтую сытуацыю. У свой час, на пачатку 2000-х гадоў, парлямэнцкая група «Рэспубліка» ў складзе Валера Фралова, Сяргея Скрабца і Ўладзімера Парфяновіча слаўна пашумела.

Дэмакратычныя прадстаўнікі могуць паспрабаваць навязаць уладам свой парадак дня. Калі дэпутат парлямэнту выступае зь нейкай ініцыятывай, якую ён адначасова трансьлюе ў грамадзтва з дапамогай незалежных мэдыяў і сацыяльных сетак, то ўладам цяжка будзе гэта ігнараваць, давядзецца неяк рэагаваць, апраўдвацца.

Увогуле, могуць узьнікнуць цалкам нечаканыя сюжэты. Напрыклад, лідэр Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька стане памочнікам дэпутата ад сваёй партыі і зьявіцца ў будынку Палаты прадстаўнікоў на законнай падставе з адпаведным пасьведчаньнем. Уяўляеце, які будзе фурор. І што з гэтым рабіць? Не пускаць яго туды? А на якой юрыдычнай падставе? А калі пусьціць, то ён там у кулюарах будзе ўвесь час у атачэньні журналістаў, пачне ў мітынговым стылі зьедліва камэнтаваць кожны крок парлямэнту. У любым выпадку — скандал.

Ва ўмовах поўнай адсутнасьці палітычнага жыцьця ў краіне і гэта можна назваць палітыкай.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG