Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэснуты ўчастак моста цераз Прыпяць узарвалі. ФОТА, ВІДЭА


Падрыў участку моста цераз Прыпяць між Жыткавічамі і Туравам
Падрыў участку моста цераз Прыпяць між Жыткавічамі і Туравам

Участак моста цераз раку Прыпяць між Жыткавічамі і Туравам быў падарваны 25 траўня, піша БелТА. На месцы падарванага ўчастку моста маюць устанавіць новую мэталічную пралётную канструкцыю.

Для падрыўных работ раку часова скіравалі ў іншае рэчышча, пад мостам зрабілі пляцоўку зьбіраць абломкі.

​Праблемы зь пераездам цераз раку Прыпяць у Жыткавіцкім раёне ўзьніклі пасьля таго, як мост каля вёскі Чэрнічы 7 сьнежня летась даў трэшчыну. Рух транспарту і пешаходаў па ім быў спынены. Тураўшчына аказалася адрэзаная ракою ад цэнтральнай часткі Беларусі. Найбліжэйшыя масты — у Мазыры і Пінску, ехаць тудой — гэта крук кілямэтраў у 250.​

10 сьнежня побач з мостам узьвялі пантонную пераправу, але неўзабаве яе зьнёс крыгаход. Людзей перавозілі на катэрах МНС. Аднак пачалася паводка, і рака затапіла пад’езд да пераправы. У пачатку сакавіка паміж Жыткавічамі і Туравам была пабудаваная новая пантонная пераправа, рух па ёй адкрыўся 2 сакавіка. Таксама на рацэ запусьцілі адмысловы 70-мэтровы паром.

Аляксандар Лукашэнка даручыў завяршыць будаўніцтва новага моста цераз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне да 7 лістапада. Адказным за аднаўленьне транспартнай сувязі прызначаны віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы, сам родам з Тураўшчыны.

Пасьля таго як мост цераз раку Прыпяць у Жыткавіцкім раёне ў канцы мінулага году даў трэшчыну, Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі праверыла і залічыла ў шэраг «аварыйных канструкцыяў» масты яшчэ ў чатырох гарадах: цераз Сож у Гомлі, церазь Дзьвіну ў Наваполацку і ў Бабруйску, а таксама цераз Дняпро каля Рэчыцы. А нядаўна ў Магілёве зь пешаходнага моста на Быхаўскай вуліцы ў раку Дубровенку абвалілася палова поручняў. Абышлося без ахвяраў. Падчас нядаўняй праверкі ў Менску высьветлілася, што кожны пяты мост у горадзе мае патрэбу ў капітальным рамонце, некаторыя — у тэрміновым.

Пяцёрка аварыйных мастоў Беларусі. МАПА

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG