Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рух праз трэснуты мост у Жыткавіцкім раёне забаронены і для пешаходаў


Фота МНС

8 сьнежня на пасяджэньні камісіі па надзвычайных сытуацыях было прынятае рашэньне аб поўнай забароне выкарыстаньня мосту, у тым ліку пешаходамі.

Ратавальнікі на катэрах будуць часова — да вырашэньня сытуацыі — перапраўляць жыхароў на другі бераг. Для легкавых аўтамабіляў арганізаваная кругласутачная паромная пераправа каля вёскі Снядзін Петрыкаўскага раёну, паведамляе прэсавая служба Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Беларусі.

Раней, увечары 7 лістапада ў Жыткавічах на выязным пасяджэньні камісіі па надзвычайных сытуацыях пры Гомельскім аблвыканкаме было прынятае рашэньне дазволіць рух па мосьце праз Прыпяць толькі для пешаходаў. Аднак па выніках тэхнічных ацэнак спэцыялістаў рашэньне было зьмененае.

Цяпер пачатыя работы па ўпарадкаваньні часовай дарогі ад вёсак Чэрнічы і Боркі да ракі Прыпяць, паведамляе МНС. Праезд велікагрузных транспартных сродкаў арганізаваны па рэспубліканскіх дарогах праз Жыткавічы — Калінкавічы — Мазыр — Лельчыцы — Тураў і праз Жыткавічы — Пінск — Столін — Давыд-Гарадок — Тураў. Адпаведныя службы павінны ўсталяваць інфармацыйныя знакі і часовыя сьвятлафоры, арганізаваць усталяваньне часовых пунктаў прыпынку для пасажырскага транспарту.

На месца здарэньня накіраваныя спэцыялісты пантонна-маставога батальёну Міністэрства абароны для ацэнкі становішча. Працягваецца абсьледаваньне канструкцыяў мосту для выпрацоўкі аптымальнага рашэньня.

Да бліжэйшага мосту — 250 км

7 сьнежня стала вядома, што ў Жыткавіцкім раёне паблізу вёскі Чэрнічы прасеў аўтамабільны мост праз раку Прыпяць. На ім зьявілася расколіна.

Мост цераз Прыпяць пабудавала ў 1985 годзе ААТ «Мастабуд». Незадоўга да сёлетніх «Дажынак» на мосьце рабілі капітальны рамонт, але тычыўся ён стыкаў і дарожнага пакрыцьця — галоўны пралёт не чапалі.

Мост у Чэрнічах зьвязвае зарэчную зону Жыткавіцкага раёну, у тым ліку Тураў, а таксама Століншчыну, з цэнтральнай Беларусьсю. Суседнія масты вельмі далёка: уніз па цячэньні Прыпяці — у Мазыры, уверх — ажно ў Пінску. Калі ехаць па іх у абʼезд, дарога павялічыцца больш як на 250 км.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG