Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта не раскол»: Канапацкая стварыла новы рух без узгадненьня зь Лябедзькам, але ня будзе выходзіць з АГП


Дэпутатка Ганна Канапацкая і лідэр АГП Анатоль Лябедзька
Дэпутатка Ганна Канапацкая і лідэр АГП Анатоль Лябедзька

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая 9 кастрычніка аб’явіла аб пачатку рэспубліканскай грамадзянскай кампаніі «Наперад, Беларусь!» пад мясцовыя выбары, што заплянаваныя на люты 2018 году.

«Хай паспрабуе»

Пры гэтым Ганна Канапацкая не абвяшчала, што выходзіць з АГП — ды й старшыня партыі Анатоль Лябедзька заяўляе Свабодзе, што не зьбіраецца «выганяць» яе, хоць кампанію Канапацкая ладзіць без узгадненьня зь ім і паралельна кампаніі АГП пад мясцовыя выбары.

«І АГП, і Правацэнтрысцкая кааліцыя ўжо даўно мэтанакіравана працуюць над выбарчай кампаніяй, у нас ёсьць кандыдаты, ідзе падрыхтоўка, мы ведаем акругі, — кажа Лябедзька. — Мы папрацуем над мэмарандумам, каб была формула „адна акруга — адзін кандыдат“ і каб у кожнага часткай пасланьня былі свабодныя і сумленныя выбары, безь якіх немагчымыя перамены.

Кожны робіць свой выбар: АГП гэта структура, у якую ніхто нікога не зацягвае. Канапацкая хай паспрабуе.

У нас ня раз і ня два былі заяўкі на стварэньне нечага вялікага, гэта рабілі такія ўплывовыя людзі, як Лявонаў, Марыніч, Фралоў... Яны спрабавалі зрабіць нейкую „трэцюю сілу“, але нават зь іхным досьведам, магчымасьцямі і камандамі гэта не ўдалося. Беларусь — гэта краіна палярных пунктаў: ёсьць улада і ёсьць прыхільнікі зьмены сыстэмы. А нешта пасярэдзіне... Гэта можа атрымацца „Гавары праўду“ № 2.

Я ня ведаю, мы не размаўлялі з Ганнай, гэта яе асабістая ініцыятыва, яна сама яе запускае. Мы можам несьці адказнасьць за год, які мы працавалі разам у фармаце мандату. Ёсьць і посьпехі, ёсьць і недапрацаванае, за гэта мы адказваем. А за нейкія новыя пляны мы можам адказваць, калі робім нешта супольна».

Кампанія для тых, хто хоча ўдзельнічаць у мясцовых выбарах, але ня хоча зьвязвацца з палітыкай

На момант публікацыі дэпутатка Канапацкая была недасяжная для камэнтара, але на пытаньні Свабоды адказаў ейны памочнік Дзяніс Ціханенка. Ён адназначна заявіў: канешне ж, Канапацкая не выходзіць з АГП і працягвае прадстаўляць партыю і Правацэнтрысцкую кааліцыю ў Палаце прадстаўнікоў.

«Тут ніякіх падводных камянёў, расколаў няма, — заяўляе Ціханенка. — Да Ганны Анатолеўны зьвяртаецца вельмі шмат грамадзянаў, якія хочуць удзельнічаць у кампаніях, у бліжэйшых мясцовых выбарах, розныя грамадзянскія актывісты. Але яны ці баяцца, ці проста ня хочуць далучацца да АГП ці неяк зьвязвацца з палітычнымі структурамі. Таму Ганна Анатолеўна вырашыла аб’яднаць іх у такой не палітычнай, а грамадзянскай кампаніі. Гэта новыя прыхільнікі, гатовыя ісьці да нейкіх пераменаў там, дзе яны жывуць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG