Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаканьні апазыцыі на бліжэйшыя гады: ад дэпутатаў мясцовых саветаў да адзінага кандыдата на прэзыдэнцтва


Яраслаў Раманчук на грамадзкім абмеркаваньні праграмы правацэнтрысцкай кааліцыі ў Магілёве

Правацэнтрысцкая кааліцыя, якую ўтварылі Абʼяднаная грамадзянская партыя, рух «За свабоду» і Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, распачала падрыхтоўку да мясцовых выбараў прэзэнтацыяй у рэгіёнах праекту альтэрнатывы прэзыдэнцкаму дэкрэту № 3.

Партыйцы заклікаюць актывістаў уносіць свае прапановы ў правацэнтрысцкі адпаведнік дэкрэту, які ў народзе назвалі «дармаедзкім». А таксама знаходзіць тых, хто гатовы змагацца за крэслы ў мясцовых саветах, каб, маючы мандаты, бараніць інтарэсы людзей.

4 кастрычніка Аляксандру Лукашэнку «паклалі на стол» праект зьменаў у дэкрэт № 3, які ён абяцаў абнавіць яшчэ да 1 кастрычніка. Новая назва законапраекту — дэкрэт «аб спрыяньні занятасьці».

У Магілёў на грамадзкае абмеркаваньне, акрамя Яраслава Раманчука, прыехалі і кіраўнікі арганізацыяў — чальцоў кааліцыі. Іхнія выступы зводзіліся да таго, што ўлада пад ціскам пратэстаў вымушана была пайсьці на перагляд дэкрэту. Выступоўцы запэўнівалі: пасьля таго як у Палаце прадстаўнікоў зьявіліся двое дэпутатаў з апазыцыі, улада «прапусьціць» апазыцыянэраў і ў мясцовыя саветы.

Лябедзька: Нават назвы ад дэкрэту № 3 не засталося

Старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў, што правацэнтрысцкая кааліцыя мела дачыненьне да арганізацыі 14 з 17 веснавых «маршаў недармаедаў». Ён падкрэсьліў, што пратэсты сталі пераможнымі.

«Улада вымушана была зрабіць адзін-два-тры крокі назад, — казаў Лябедзька. — Нам абяцалі, што 1 кастрычніка будзе абноўлены варыянт дэкрэту № 3, але ўжо нават назвы такой няма. Калі мы параўнаем цяперашнюю рэдакцыю з той, што была, то пабачым абсалютна розныя дакумэнты».

Палітык паабяцаў, што альтэрнатыва прэзыдэнцкаму дэкрэту з унесенымі прапановамі грамадзян зьявіцца на некалькіх інтэрнэт-пляцоўках. Якіх, ён не ўдакладніў.

«Калі зьявіцца абноўлены варыянт дэкрэту № 3, мы пастараемся разьмясьціць як тое, што прапануе ўлада, так і тое, што прапануе правацэнтрысцкая кааліцыя. І потым мы будзем змагацца за тое, каб людзі мелі магчымасьць вызначыцца і сказаць, што ім бліжэй, што стварае новыя працоўныя месцы».

Ён нагадаў, што ў Палаце прадстаўнікоў ёсьць апазыцыйная дэпутатка Ганна Канапацкая, якая мае права заканадаўчай ініцыятывы. Паводле Лябедзькі, на бліжэйшай сэсіі яна выступіць з праектам зьменаў у Выбарчы кодэкс.

Старшыня руху «За свабоду» Юры Губарэвіч апісаў сытуацыю гэтак: улада пасьля пратэстаў зразумела, што «нельга нахабна ўлазіць у кішэні людзей», бо пратэсты пайшлі б па непадкантрольным сцэнары, але ніякай альтэрнатывы не прапанавала.

Губарэвіч: Чыноўнікі ня могуць гаварыць зь людзьмі

Ён даводзіў, што ўлада імкліва страчвае падтрымку, што людзі не падтрымліваюць цяперашні палітычны і эканамічны курс. Наперадзе мясцовыя выбары, і відавочна, што тыя, хто прыйдзе да выбарчых участкаў, будуць галасаваць супраць стаўленікаў улады.

«Праблемы ёсьць ня толькі на ўзроўні Менску і ў кіраўніцтва краіны, але і на ўзроўні мясцовых выканкамаў, якія адмежаваліся ад людзкіх праблемаў, — працягваў Губарэвіч. — Чыноўнікі толькі пад прымусам выходзілі на плошчы — і дэманстравалі, што ня ўмеюць гаварыць зь людзьмі. Маўляў, вы тут сабраліся і парушаеце закон. І калі ў вас ёсьць нейкія праблемы, то вось мае прыёмныя гадзіны і кабінэт, прыходзьце, буду з вамі размаўляць. Але людзі хочуць з чыноўнікамі гаварыць наўпрост, каб іх пачулі і праблемы былі вырашаныя. А гэтага няма».

Губарэвіч абяцаў, што актывістам, якія наважацца ісьці на мясцовыя выбары, дапамогуць з фармаваньнем каманды, падрыхтоўкай неабходных дакумэнтаў.

«Любая выбарчая кампанія праходзіць з фальшаваньнямі, але сыстэма дае збой, — сказаў ён. — Паглядзіце на вынікі парлямэнцкай кампаніі мінулага году. Як ні хацеў Лукашэнка захаваць Палату прадстаўнікоў стэрыльнай, але ўсё роўна быў вымушаны прапусьціць туды двух незалежных дэпутатаў. Я не кажу, што іх абралі. Іх прызначалі, як усіх астатніх 108 дэпутатаў».

Губарэвіч дапусьціў, што такі «збой» можа адбыцца і на мясцовых выбарах. На ягоную думку, улада вымушана будзе «ва ўмовах адсутнасьці рэальных зьменаў у выбарчым заканадаўстве будаваць «дэкарацыю», бачнасьць пераменаў.

Рымашэўскі: 20–30 апазыцыянэраў у мясцовых саветах

Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі заявіў, што, на ягоную думку, у мясцовыя саветы могуць трапіць 20–30 прадстаўнікоў апазыцыі. Сваю ўпэўненасьць ён абгрунтаваў тым, што ў Палаце прадстаўнікоў ужо ёсьць незалежныя дэпутаты.

«Калі нават у Палату прадстаўнікоў яны прапусьцілі двух прадстаўнікоў апазыцыйных арганізацый, Ганну Канапацкую і Алену Анісім, то цалкам лягічна, што ў мясцовых саветах такіх людзей будзе болей», — лічыць Рымашэўскі.

«Вы, — зьвяртаўся ён да грамады, — павінны паручацца за людзей, якія зьбіраюцца ісьці на выбары, што яны сапраўды з апазыцыі, што яны нашы. Каб, калі заўтра яны трапяць у мясцовыя саветы, ня высьветлілася, што яны прадстаўляюць зусім іншую пазыцыю».

На думку Рымашэўскага, мясцовыя выбары — пачатак шырэйшага абʼяднаньня беларускай дэмакратычнай супольнасьці. А ядро такога абʼяднаньня, сказаў ён, — правацэнтрысцкая кааліцыя.

«Па сканчэньні мясцовых выбараў мы пачынаем абмяркоўваць працэс вылучэньня адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары ад правацэнтрысцкай кааліцыі. І зразумела, што права голасу ў гэтым працэсе павінны мець тыя каманды, якія праявілі сябе падчас мясцовай кампаніі. Адзіны кандыдат ад правацэнтрысцкай кааліцыі стане асноўным кандыдатам ад шырокай кааліцыі дэмакратычных сілаў», — падсумаваў Віталь Рымашэўскі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG